На самым паўднёвым архіпелагу Паўднёвай Амерыкі – Вогненнай Зямлі –  закончыла свой шлях беларуская частка каманды міжнароднага праекта “З табурэтам да акіяна”. Сярод турыстаў-аўтастопераў была і віляйчанка Аўгіня Манцэвіч. Разам з Уладзем Юрковым яны сталі гасцямі “Рэгіянальнай газеты”. І расказалі пра падарожжа, праект, свае ўражанні.

– Хто прыдумаў праект і ў чым ён заключаўся?

– Гэты праект прыдумаў у 2005 годзе акцёр і рэжысёр Лёня Кантар. Аднаго разу яны проста сядзелі з сябрамі на кухні і падумалі: “А чаму б не ўзяць вось гэтыя табурэткі, на якіх мы сядзім, і не занесці да акіяна?” Першы раз пайшлі да Атлантычнага, другі раз панеслі зэдлік да Індыйскага, трэці – да Паўночна-Ледавітага. І толькі калі чацверты раз сабраліся ісці, запрасілі  сяброў з іншых краін.

Першая відавочная мэта праекта  – занесці табурэтку на акіян, каб паказаць, што нічога немагчымага няма, нягледзячы на тое, што існуюць межы і візы. Акрамя ўсяго гэтага, мы знаёмілі людзей з беларускай культурай.

Даведка “РГ”. Аўгіня Манцэвіч. Нарадзілася ў 1985 годзе ў Вілейцы, скончыла вілейскую СШ №3, факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў СМІ  Беларусі, Польшчы і Украіны. Удзельнік міжнароднага праекта “З табурэтам да акіяна”.

– Адкуль стартавалі?

– З Мінска мы даехалі на цягніку да Гомеля, пасля аўтаспынам да Кіева, і з Кіева ў нас ужо быў самалёт на Нью-Ёрк. Якраз у тыя дні выбухнуў Ісламскі вулкан, і ўсе рэйсы адмянялі, пераносілі. А мы ляцелі “Аэрафлотам”, кампанія нічога не баіцца, і гэта быў амаль адзіны самалёт, які праляцеў праз Атлантыку.

Маршрут падарожжа.

– Колькі чалавек было ў камандзе?

– З беларускага боку вылецелі чатыры чалавекі. Калі адыходзілі з Нью-Ёрка – былі ўжо тры, адна дзяўчына перадумала і засталася ў Амерыцы. Трое беларусаў і скончыла гэты праект. Былі яшчэ ўкраінцы. Трое хлопцаў, дзве дзяўчыны. І з імі яшчэ адна маленькая двухгадовая падарожніца.

Ішлі і расіяне. Пачынала іх васьмёра, да акіяна дайшлі трое. У канцы падарожжа да нас на тры месяцы далучылася літоўка. Час ад часу ў камандзе быў яшчэ фін. Сталы, мужчыну 62 гады, і яму не вельмі было цікава ездзіць з намі аўтаспынам, начаваць невядома дзе. Таму ён вярнуўся дадому раней, чым трэба.

– Ці доўга былі ў дарозе?

– 17 красавіка 2010 года мы выйшлі з дому і ў ноч з 3 на 2 траўня 2011–га прыляцелі. У цэлым год і яшчэ трошкі.

– Якія краіны прайшлі?

– На амерыканскім кантыненце – ЗША, Мексіку, Гватэмалу, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыку, Панаму, Калумбію, Эквадор, Перу, Балівію, Бразілію, Аргенціну, Чылі.

– Ці ведаюць у свеце Беларусь?

– Вельмі мала. Хіба што ў ЗША, дзе жыве шмат савецкіх эмігрантаў. Яны ведаюць пра Расію і ў тым ліку пра Беларусь. А далей у Мексіцы пра нас нават не чулі. Часам, праўда, трапляліся людзі, якія ўяўлялі, дзе гэта. Бо ў іх у школе была геаграфія. Дарэчы, у розных краінах яе вучаць па-рознаму. У Балівіі, напрыклад, сваю краіну дзеці на карце не знаходзілі.

– Вам было страшна ў дарозе?

– Страшна не было. Нават нягледзячы на тое, што кожны вечар нам даводзілася грукацца ў чужыя дзверы і прасіцца на начлег. Адразу было нават цікава. Пасля крышку стаміліся. І ў той жа час ведалі, што калі ў першай ці другой хаце нам адмовяць, то абавязкова прымуць у трэцяй.

– А калі б у Беларусі давялося прасіцца на начлег. Упэўненыя, што знайшлі б яго з трэцяга разу?

– Канешне, знайшлі, і яшчэ прасцей. Бо размаўляем з людзьмі на адной мове. Нам было б прасцей расказаць пра сябе, патлумачыць, што падарожнічаем, едзем аўтаспынам, што нас давезлі толькі да гэтага месца і цяпер не ведаем, дзе пераначаваць.

– Колькі кіламетраў вы прайшлі?

– Мы не лічылі спецыяльна. Прыкладна, каля 30 тысяч.

– Куды б вам хацелася вярнуцца?

– Напрыклад, у Гватэмалу. Гэта бедная краіна, і невялікі там прагрэс, але вельмі прыгожа. Горы, людзі цудоўныя. Дарэчы, там жывуць індзейцы. Ёсць яшчэ ў Карыбскім моры Востраў жанчын. Пра яго таксама немагчыма забыцца.

– Ці сустракаліся ў адносінах да вас нейкая агрэсіўнасць, негатыў?

– У Мексіцы ўсе белыя людзі асацыююцца з паўночнымі амерыканцамі, у якіх з карэнным насельніцтвам пастаянныя войны. Яны прыходзяць, каб усё скупіць, каб вынішчыць мясцовых. Індзейцы не любяць тых, хто падобны да іх ворагаў, і называюць словам “грынга”. Але мы расказвалі, што ніякага дачынення да грынга не маем. Што прыехалі з такой жа маленькай-маленькай краіны, як і ў іх, і нічога дрэннага не зробім. Нас успрымалі добра.

– Як аднесліся да вашага рашэння бацькі, калі даведаліся, што сабраліся занесці табурэцік да акіяна і знікнуць на год?

– Перажывалі. Але ж мы ўжо дарослыя людзі, таму можам прымаць рашэнні самі.

– Вы год былі ў дарозе з заплечнікам за спіной. З’явіліся нейкія іншыя адносіны да маёмасці і разуменне таго, што чалавеку на самой справе не так ужо шмат і трэба?

– З Беларусі цягнулі заплечнікі на 55 літраў. У нас яшчэ былі скрыпка, гітара і табурэтка. У Нью-Ёрку зразумелі, што маем вельмі шмат лішняга і ад усяго гэтага добра было б пазбавіцца. Паступова выкідвалі майкі, шкарпэткі. У заплечніках былі яшчэ кофты. Цёплыя, дарагія, таму насілі іх на спіне да апошняга і развіталіся толькі ў Перу.

Праз нейкі час памянялі і свае заплечнікі, яны сталі значна меншыя. Але бяднейшымі мы ад гэтага не зрабіліся. Чалавеку наогул не так шмат трэба. Дома перагледзелі свае гардэробы. Некаторыя рэчы захацелася аддаць, падарыць, у іх ужо няма патрэбы.

– Як выглядае край свету?

– Вельмі прыгожа. Там заканчваецца Патагонія. Сама яна не вельмі цікавая. Дзьмуць вельмі моцныя вятры, амаль нічога не расце, усюды адкрытая прастора і куды ні кінь вокам – адно і тое ж. Калі ехаць 3-4 дні, робіцца вельмі сумна, таму што амаль нічога не адбываецца. Прамая дарога, якая нікуды не збочвае, палі і вецер. Толькі тэмпература робіцца ўсё ніжэйшая і ніжэйшая. На Вогненнай Зямлі Кардыльеры, горны ланцуг, які ідзе праз дзве Амерыкі і пераходзіць у Антарктыду, заканчваюцца. Там ужо горы, снежныя вяршыні і не такі моцны вецер. А яшчэ плаваюць пінгвіны, марскія коцікі.

– Вы неслі сваю культуру, а што ўзялі б з чужой?

– Спадабалася, што людзі там будуюць вельмі простыя дамы. Там ніхто не пакутуе з-за цэнаў на газ, бо ўсе гатуюць на дрывах. Там вельмі простыя адносіны паміж людзьмі. Напрыклад, мы выходзім на дарогу, насустрач ідзе чалавек. Мы яму кажам: “Прывітанне”. І нам адказваюць: “Прывітанне”. Людзі вітаюцца адно з адным, не баяцца глядзець у вочы. У нас жа як, сустрэнешся з кім-небудзь поглядам у метро ці аўтобусе і тут жа апусціш вочы. А тут не. Людзі глядзяць адкрыта, шчыра, нічога не баяцца.

– Як вы думаеце, чаму яны такія адкрытыя?

– Таму што іх ніхто не закрыў. (Смяюцца). Яны падобныя да дзяцей. Такія ж чыстыя. І ў іх усё проста. Прыйшоў чалавек у дом, кажы, чаго хочаш. Дарэчы, у  індзейцаў няма такіх паняццяў, як “дзякуй” і “калі ласка”. Калі ім што-небудзь трэба, яны проста кажуць: “Дай мне”. Мы прыходзілі да іх у дом, прасіліся пераначаваць. Пры гэтым вельмі дрэнна гаварылі па-іспанску. Мы нейкі час адкрыта глядзелі адно аднаму ў вочы, і яны казалі: “добра”. Самае цікавае, што калі гэтыя людзі табе што-небудзь давалі, то давалі ўсё. Дарэчы, такія ж і беларусы. Калі госці прыходзяць, ім дастаецца лепшае.

У індзейцаў яшчэ ёсць адна асаблівасць. Усе яны носяць старадаўнія строі. Нам сказалі, што яны апранаюцца так дзеля таго, каб прывабліваць да сябе турыстаў. Насамрэч гэта няпраўда. Неяк давялося сустрэць адну  французскую пару, якая падарожнічала амаль па тым жа шляху, што і мы, толькі ў 1968 годзе. І яны нам паказалі фотаздымкі, зробленыя ў Балівіі. Там індзейцы былі ў гэткіх жа капелюшах і спадніцах. Упэўненая, у 68 годзе яны абсалютна не думалі, як там прыцягнуць турыстаў. Проста ў іх гэта ў крыві. Яны нават калі ў горад пераязджаюць, стараюцца насіць нацыянальнае адзенне.

– Вы ішлі ў асноўным вёскамі?

– Мы стараліся ісці вёскамі і нават пасля аб’язджалі вялікія  сталіцы. Яны ўсе аднолькавыя.

– Чым адрозніваюцца нашы вёскі ад тых, якія вы бачылі?

– У Цэнтральнай Амерыцы, напрыклад, у вёсках жывуць у асноўным сваякі. Сем’і вялікія, бывае, што і па 25 чалавек. У іх нейкая хутарская сістэма. А калі ўжо ў якой мясцовасці больш за тысячу чалавек, то яна лічыцца невялікім горадам. Горад у іх такі, як паказваюць часам у старых амерыканскіх фільмах: адна вуліца, адзін магазін, адна цырульня, адзін рэстаранчык. Але там, як у сапраўдным горадзе, усё ёсць.

Мы былі ў вёсцы, дзе жыве дзесьці 300 чалавек. У ёй дзве крамы і кожны з жыхароў ведае, куды яму лепш схадзіць. Займаюцца і гаспадаркай.

У горных вёсках крыху па-іншаму. Мы былі ў перуанскай, што знаходзіцца на вышыні 3.800 метраў над узроўнем мора. Там нават ноччу ішоў снег. А ў мясцовага насельніцтва дамы каменныя, без падлогі і печак. Людзі раскідваюць на падлозе скуры авечак або ламаў, добра апранаюцца, накрываюцца коўдрамі і спяць. Нам было вельмі холадна і ўвесь час хацелася, каб кудысьці прыехаць і сагрэцца. Вады гарачай у іх таксама амаль нідзе няма. Толькі ў дарагіх гатэлях і дамах. Неяк ехалі ў грузавіку. Ішоў дождж, было вельмі холадна, мокра. Мы вырашылі зняць які-небудзь нумар з гарачай вадой і душам. Але гэта аказалася вельмі дорага.

– Вам шкада было тых людзей?

– Што вы, мы б і самі там з задавальненнем пажылі некалькі гадоў. Наогул, людзі ў тропіках, слухаючы пра жыццё ў нас, таксама здзіўляюцца. Яны, напрыклад, не разумеюць, як можна існаваць зімой пры тэмпературы мінус 20, і пытаюцца: “У такое надвор’е вы цэлы дзень сядзіце дома”? “Не, – кажам, – мы ходзім на работу, у магазіны, дзеці – у школу.

– За што там жывуць сем’і?

– Трымаюць магазіны. Нешта прадаюць. Калі сям’я вялікая, то дзеці пачынаюць працаваць дзесьці з шасці год. У гарах людзі яшчэ разводзяць альпакаў. Гэта сваякі лам, толькі больш пушыстыя. З воўны яны робяць шапкі, рознае адзенне. Усе, хто жыве ў гарах, займаецца жывёлагадоўляй. Калі спускаюцца на раўніну, мяняюць сваю прадукцыю на тое, чаго ў іх няма. Напрыклад, воўну ці шапкі – на фрукты.

На раўніне, калі ты нават нічым не займаешся, нельга памерці з голаду. Там столькі розных фруктаў. Напрыклад, у іх няма бульбы, але ёсць платаны, гэта такія вялікія бананы. Адна іх галіна, як наш мяшок бульбы. І не трэба нічога ні садзіць, ні капаць. На смак яны падобныя да бульбы. Мясцовыя людзі  іх рэжуць колцамі, пасля вараць, смажаць. Ядуць платаны і салёнымі, салодкімі. Там, калі нават будзеш сядзець склаўшы рукі, абавязкова нешта зваліцца на галаву.

– Пра якія фрукты мы не ведаем. Чаго не бачылі?

– Мы амаль нічога не бачылі. Узяць хаця б бананы. У нас прадаецца толькі адзін від. На самой справе іх вельмі шмат. Можа, як у нас яблыкаў. А яшчэ там мора манга, папаі, каштавалі карамболь.

– На смак фрукты адрозніваюцца ад тых, што  прадаюцца ў нас на рынку?

– Як дзень і ноч. Напрыклад, купілі мы неяк на рынку ў Мінску манга. Такая, даруйце, брыдота зялёная. А там мы імі аб’ядаліся. Смачныя, сакавітыя. Ясі, і цячэ па руках сок па самыя локці. Калі купляць толькі ў нас, то ніколі не будзеш ведаць сапраўднага смаку трапічных фруктаў.

– Там ядуць больш мяса ці фруктаў?

– Шмат мяса ядуць толькі ў Бразіліі і ў Аргенціне. Таму што гэта больш багатыя краіны, ды і клімат там дазваляе вырошчваць жывёлу. А ў Цэнтральнай Амерыцы, іншых бедных краінах, у асноўным толькі фрукты ды рыс. Бульба там не расце. А рыс вельмі танны, плюс да ўсяго яны самі яго вырошчваюць. І ядуць тры разы на дзень. Праз нейкі час мы ўжо не маглі ні на яго глядзець, ні яго есці. У Цэнтральнай Амерыцы яшчэ ёсць бабы, кукурузная мука. Праснакі кукурузныя, каша кукурузная ў бананавым лісце. Напоі розныя з кукурузы.

– Чаго вам там больш за ўсё хацелася з нашай кухні. Па чым больш сумавалі?

– Па селядцах ды бульбе. Таму, калі прыехалі ў Аргенціну, не проста елі, ад’ядаліся. Сумавалі часам па салодкім. У Эквадоры, напрыклад, шакалад робяць. Але не ядуць, бо ён мясцоваму насельніцтву не падабаецца. Таму ў магазінах шакалад купіць немагчыма.

– Ці вывучылі за час падарожжа якую-небудзь мову?

– Іспанскую вывучылі ад нуля, бо калі заязджалі, не ведалі зусім. Навучыліся вельмі добра разумець партугальскую і нават крышку размаўляць. Хаця пабылі мы там вельмі мала.

– Большасць шляху вы праехалі аўтастопам. Там людзей ахвотна падбіраюць на дарогах?

– Цяжкі аўтаспын толькі ў ЗША каля вялікіх гарадоў. Адтуль няпроста  выехаць, хаця вельмі шмат транспарту. А ўсё таму, што вельмі добра працуе закон. І калі што-небудзь з табой у машыне здарыцца, то вадзіцель будзе адказваць. Ты можаш на яго падаць у суд. Таму яны гэтага вельмі баяцца.

Яшчэ цяжкі аўтаспын у Бразіліі. Карацей, чым больш развітая краіна, тым цяжэй. Многія фірмы грузавых перавозак нават спецыяльна не дазваляюць кіроўцам браць людзей. А ў маленькіх бедных краінах гэта увогуле не праблема. Там спыняецца кожная першая машына.

– Вы столькі краін прайшлі. Ці засталіся ў пашпарце вольныя старонкі?

– Я ўчора здала свой пашпарт мяняць, бо засталася толькі адна старонка на іншых адзнаках. А Улад трымае пакуль што пры сабе.

– Ведаю, што ў балівійскай вёсцы, каб пазнаёміць мясцовае насельніцтва з беларускімі традыцыямі і звычаямі, вы не толькі спявалі, але яшчэ і варылі боршч. Страва спадабалася?

– Такі суп балівійцы елі ўпершыню, хаця буракі там вырошчваюць.

– Якія адкрыцці вы прынеслі людзям, з якімі сустракаліся?

– Для многіх адкрыццём быў снег. Людзі, што жывуць у джунглях, ніколі не бачылі снегу і не чулі пра яго. Неверагодным падаўся ім і той факт, што дзень у нас бывае карацейшы за ноч, што птушкі ў Беларусі не жывуць пастаянна, а адлятаюць у вырай, а пасля вяртаюцца. Яны дзівяцца, што ў Беларусі не растуць бананы. Бо для іх гэта, як пустазелле. Яшчэ ім было цікава, што ў нас дзеці ў школу ідуць, як Гары Потэр, у верасні.

– Пасля канцэртаў, выступленняў у вас, напэўна ж, цікавіліся жыццём у Беларусі, пра штосьці пыталіся?

– Яны пыталіся, пра што нашы песні. І калі мы расказвалі, што ў песні пяецца, напрыклад, пра дзяўчыну, якая марыць выйсці замуж, дзівіліся. Бо ў іх усе песні, нават народныя, пра Ісуса Хрыста. Здзіўляла іх і тое, што ў нас няма мора і гор. Пра грошы пытаюцца, пра гістарычныя факты, палітычную сітуацыю. “У вас ёсць вайна”, – спытаўся неяк мужчына. “Не, кажам, няма”. “Во, дык добра”, – абрадаваўся ён.

– У якой з краін вы затрымаліся даўжэй за ўсё?

– У ЗША. І гэта таму, што там першапачаткова спыніліся. У агульнай колькасці мы там прабылі тры месяцы. Доўга былі ў Мексіцы. У Гватэмале, Панаме. Бразілію перасякалі ў самай шырокай частцы. Шэсць тысяч кіламетраў праехалі.

– Мошкі і камары заміналі?

– Ва ўсёй Цэнтральнай Амерыцы раней былі густыя джунглі і панавала малярыя. А пасля там сітуацыя выраўнялася. Хаця маскіты ёсць. Чорненькія, маленькія, калі кусаюць – не адчуваецца. Бывае, праўда, на целе застаюцца чырвоныя кропкі. А ёсць мошкі, якія жывуць ля зямлі. Калі кусаюць, застаюцца вадыры і вельмі дрэнна праходзяць. Ёсць скарпіёны. Мы жылі на адным незаселеным востраве, дык там скарпіёны былі ўсюды.Таму ў людзей, што жывуць у  Лацінскай Амерыцы, павышаная ўвага. У іх няма святлафораў, знакаў, у іх машыны ходзяць, як у нас людзі. Проста ўважліва глядзяць і едуць.

– Вашы запісныя кніжкі за час падарожжа папоўніліся новымі адрасамі?

– Ёсць кантакты. Даволі шмат. Адны пакідалі свае электронныя адрасы, другія тэлефоны. Падарожжа было доўгае, новых людзей шмат. Цяжка ўсіх запомніць. Часам, знаходзіш у сябе нейкую паперку, а там напісана: Дыега, і нумар тэлефон. А ты ўжо не памятаеш, хто ён, адкуль.

– Як вы акліматызаваліся пасля пералёту?

– Ужо лепш. А наогул вельмі цяжка пералятаць. Спаць мы кладзёмся толькі ў чатыры раніцы, час ад часу баліць галава.

– Ці рашыліся б зноў схадзіць да акіяна?

– Напэўна так, толькі падарожжа планавалі па-іншаму. У некаторых месцах затрымліваліся б больш, некаторыя праходзілі за дзень. У асобных краінах нават не супраць пажыць месяцы тры, чатыры. Доўга ісці вельмі цяжка. У пачатку, калі ёсць энтузіязм, неяк лягчэй. А пасля  ўсё ж стамляешся…

У рэдакцыі «РГ».

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Аўгіняй МАНЦЭВІЧ.