Амаль закончаны рамонт даху, зробленае ўцяпленне паловы будынка кінатэатра “Радзіма”. Але калі маладзечанскі глядач зможа наведаць “Радзіму” і які фільм пакажуць першым у абноўленым кінатэатры, пакуль невядома.

Па словах дырэктара маладзечанскага філіяла “Мінаблкінавідэапракат” Таццяны Дрозд, падрадчык ПМК-187 ужо зрабіў нямала. Абноўленая значная частка фасада, вокны падрыхтавалі да замены на шклопакеты.

Заказчыкам выступае будаўніча-інвестыцыйнае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Кіраўніцтва камунальным будаўніцтвам-Сэрвіс” (“ККБ-Сэрвіс”). Галоўны інжынер  прадпрыемства Ірына Куніцына расказала, што рабочыя  ПМК-187 выканалі значную частку знешніх работ.

Дах ужо адноўлены, прашыты карнізам. Калі будаўнікі завершаць уцяпленне, можна будзе пераходзіць да афарбоўкі будынка. На гэтым тыдні вызначыліся з колеравым рашэннем. Як паведамілі ў ПМК-187, кінатэатр будзе колеру мокрага асфальту, дэкарыраваны тынкоўкай блакітнага колеру.

Яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы дызайн-праект. Таму будаўнікі пакуль займаюцца толькі падрыхтоўчымі ўнутранымі аддзелачнымі работамі. Па словах прараба ПМК-187 Андрэя Васільева,  яго падначаленыя ўжо ўстанавілі новыя радыятары. Цяпер займаюцца падводкай інжынерных сетак. Сістэма цепла- і водазабеспячэння, каналізацыі будзе цалкам замененая.

Якім стане абноўлены кінатэатр, расказала дырэктар маладзечанскага філіяла “Мінаблкінавідэапракат”.

На другім паверсе “Радзімы” будзе зала павышанай камфортнасці на 48 месцаў. Паставяць зручныя месцы для сядзення, афармленне памяшкання будзе добра прадуманым.

На першым паверсе ўладкуюць глядзельную залу на 248 месцаў, у якой усталююць 3D  апаратуру. Маладзечанцы зноў змогуць наведваць 4D атракцыёны ў зале на 8 месцаў. Тут жа з’явіцца кафэ, а прыбіральні стануць сучаснымі.

− Праводзіць дыскатэкі, ладзіць ранішнікі і іншыя святы мы будзем на першым паверсе. На другім будзе толькі прагляд фільмаў у зале павышанай камфортнасці. Як супрацоўнікі кінатэатра будуць здзяйсняць пракат дыскаў, мы яшчэ вырашаем, − сказала Таццяна Дрозд.

Калі аднаўленне будынка будзе завершанае, будаўнікі добраўпарадкуюць тэрыторыю, ўкладуць тратуарную плітку. За кінатэатрам зробяць аўтастаянку.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.