Тры навучэнцы аднаго з каледжаў горада абвінавачваюцца ў крадзяжы сарака дзвюх упаковак фасаднага ўцяпляльніка з вытворчай тэрыторыі прадпрыемства “Барыт”, што на вуліцы Элеватарная. Здарэнне адбылося ў ноч на 26 мая.

Хлопцаў затрымалі гэтай жа ноччу супрацоўнікі Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы – міліцыянер-вадзіцель Валеры Лях і міліцыянер групы затрымання Аляксандр Сарока. Пра гэта паведаміў нашаму выданню намеснік начальніка аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Васількоў.

Па словах Валерыя Ляха, у дзве гадзіны ночы дзяжурнаму аддзела пазваніла вартаўнік камбіната хлебапрадуктаў, які знаходзіцца побач, на Элеватарнай, 7. Жанчына расказала, што бачыць белую машыну, каля якой мітусяцца тры падазроныя чалавекі.

Дзяжурны адправіў на месца экіпаж – Валерыя Ляха і Аляксандра Сароку. Міліцыянеры схаваліся і пачалі чакаць развіцця падзей. Чакалі прыкладна гадзіну. Пасля ўбачылі, як тры маладыя чалавекі праз агароджу вытворчай тэрыторыі перакідваюць нейкія пакункі і носяць іх праз дарогу, у бок прыватных дамоў.

Хлопцаў затрымалі. Спачатку яны адмаўлялі, што здзейснілі злачынства, але потым прызналіся.

Як высветлілі работнікі Дэпартамента аховы, у гэтым раёне ў двухпавярховым прыватным доме жыве 17-гадовы юнак. Яго бацькі ў суседзяў наймаюць гараж, дзе захоўваюць бульбу. Ноччу 26 мая хлопец узяў ключы ад гаража і дачакаўся сваіх сяброў 17 і 18 гадоў. Яны прыехалі на той самай белай машыне, якую бачыла вартаўнік камбіната хлебапрадуктаў.

Потым уся кампанія пачала перакідваць упакаваны ўцяпляльнік праз агароджу вытворчай тэрыторыі і зносіць яго ў гараж. Паспелі перанесці 42 упакоўкі.

Дырэктар прадпрыемства “Барыт” Яўген Чубакоў расказаў нашаму выданню, што ўсё скрадзенае міліцыя вярнула. Фасадны ўцяпляльнік прадпрыемства “Барыт” выкарыстоўвае пры будаўніцтве 165-кватэрнага жылога дома ў Купе (пасёлак Нарач) Мядзельскага раёна.

Па словах следчага райаддзела міліцыі Юрыя Міхновіча, крымінальная справа ўзбуджаная па другой частцы 205 артыкула Крымінальнага кодэкса – крадзеж, здзейснены групай асобаў. Злачынства караецца выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў альбо арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем свабоды тэрмінам да чатырох гадоў ці пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

Сяргей ЗЯНЬКО.