З букетам медалёў вярнуліся спартсмены нашага рэгіёна з Прабега Міру, які прайшоў 28 мая ў Гродне.

Прабег – рэспубліканскія спаборніцтвы. Паводле звестак арганізатараў, 28 мая ў іх прынялі ўдзел больш за 700 чалавек. У тым ліку са Смаргонскага, Ашмянскага, Астравецкага, Маладзечанскага раёнаў.

Арганізатары падрыхтавалі для спартсменаў дыстанцыі 10 км, 4 км, 2 км, 1 км, 500 м, эстафету 10х700 м і 100 м (масавыя забегі).

Старт на 10 км.

На асноўнай дыстанцыі – “дзесятцы” – у сваіх групах перамаглі бегуны Смаргонскага раёна Уладзімір Чырыца (36 хвілін 20 секунд), Аляксандр Рымашэўскі (35.49,8), Ніна Коваль (43.11), Ганна Страшкевіч (52.23) і маладзечанец Васіль Лябецкі (40,48). Першым у абсалютным заліку з вынікам 30 хвілін 32,5 секунды стаў Ігар Цецерукоў з Гродна.

Васіль Лябецкі.

Сяргей Пузына з Ашмянскага раёна і Уладзімір Савіцкі са Смаргонскага паказалі лепшыя ў сваім узросце вынікі ў бегу на 4 км.

Акрамя перамогаў, шэраг спартсменаў нашага рэгіёна занялі другія і трэція месцы: Ігар Закрэўскі з Маладзечна, Аляксандр Чэрнік, Мікалай Валодчанка, Валянцін Круталевіч, Ірына Жагальская са Смаргонскага раёна, Павел Карнецкі, Руслан Сінкевіч, Алеся Паршутовіч з Астравецкага, іншыя.

Ігар Закрэўскі.

У эстафеце 10х700 м (5 хлопцаў і 5 дзяўчат) зборныя з нашага рэгіёна прызёрамі не сталі. Найлепшы вынік у каманды Смаргонскага раёна, якая фінішавала пятай. У Астравецкага раёна сёмае месца, у Ашмянскага – чатырнаццатае.

Святлана ЦІШКО.

Фота Міхаіла ІСАЧЭНКІ і з асабістага архіва Васіля ЛЯБЕЦКАГА.