У нашым рэгіёне не зарэгістравана ніводнага выпадку кішачнай інфекцыі, успышка якой адбылася ў краінах Заходняй Еўропы.

Пра гэта “РГ” расказалі 1 чэрвеня ў Мінскім і Гродзенскім абласных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла 31 мая, што ў Германіі зарэгістравана больш за 1000 выпадкаў захворвання на вострую кішэчную інфекцыю, выкліканую энтэрагемарагічнай кішачнай палачкай, – эшэрыхіёз. Некалькі чалавек загінулі. Паводле пярэдніх вынікаў расследавання, хворыя ўжывалі сырыя памідоры,  агуркі і зялёную салату. Адзін ці некалькі з гэтых трох відаў гародніны звязаныя з успышкай захворвання, застаецца невядомым, – паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Даведка. Эшэрыхіёз – інфекцыя, якую выклікае кішачная палачка. Сімптомы хваробы уключаюць рэзкія болі ў жываце, дыярэю, якая у некаторых выпадках можа пераходзіць у крывавую дыярэю. Магчымыя таксама высокая тэмпература і рвота. Інкубацыйны перыяд – ад трох да васьмі дзён.

У нашым рэгіёне сітуацыя стабільная. У некаторых раёнах колькасць зарэгістраваных выпадкаў кішачных інфекцый нават зніжаецца. “Выпадкаў дызентырыі ў Смаргонскім раёне сёлета не было. А сальманелёзу за пяць месяцаў 2011 года зарэгістраваны толькі адзін выпадак. За такі ж перыяд 2010 года было зарэгістравана 10. Мы трымаем руку на пульсе – спёка наступае”, – расказала ў інтэрв’ю “РГ” галоўны доктар Смаргонскага раённага ЦГіЭ Марына Турэйка.

Яна таксама нагадала, што кожнаму з нас трэба паклапаціцца пра сваё здароўе. Важна выконваць правілы таварнага суседства: напрыклад, яйкі ў халадзільніку захоўваць асобна ад іншых прадуктаў, а перад прыгатаваннем мыць іх. І не забываць аб правілах асабістай гігіены.

Дактары-гігіеністы нагадваюць, што любую садавіну і гародніну незалежна ад паходжання перад ужываннем трэба добра мыць, па магчымасці абдаваць кіпенем.

У Маладзечанскай лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы №1, што на рынку райспажыўтаварыства, паведамілі: агуркі і памідоры для продажу на маладзечанскім рынку завозяць найчасцей не з далёкага замежжа, а са Ждановічаў, Пінска або з Украіны. Паказчыкі ўтрымання нітратаў і радыёнуклідаў у гародніне, якую сёлета прадстаўлялі на аналіз, былі ў норме.

Святлана ЦІШКО.