Алёхнавіцкія куры, у параўнанні з прадукцыяй іншых птушкафабрык, якая прадаецца ў Маладзечне, напрыканцы мая былі самымі дарагімі. І раптам у першы дзень лета яны сталі самымі таннымі.

Яшчэ 27 мая ў фірменных магазінах “Птушка” Алёхнавіцкай фабрыкі аматарам кураціны за кілаграм кураня бройлернага першай катэгорыі трэба было выкласці 18 790 рублёў. Першы раз куры істотна падзешавелі 31 мая. Кілаграм каштаваў 16 170 рублёў, а 1 чэрвеня – ужо 12 330 рублёў. Падзешавеў гэты прадукт ці падаражэў – пытанне адноснае, калі ўлічыць, што перад першым падаражаннем, 4 мая, цана на яго была 9 080 рублёў.

Дзешавей, чым 12 330, ужо не будзе. І такая цана захаваецца ва ўсякім разе да 1 ліпеня. Што адбывалася за такі непрацяглы час з коштам за кілаграм кураня-бройлера першай катэгорыі, расказала ў інтэрв’ю “РГ” намеснік дырэктара Алёхнавіцкай птушкафабрыкі па гандлі Ірына Бяспалава.

Паводле яе слоў, узняць цану адразу з 9-ці да 18-ці тысяч рублёў прымусілі пастаўшчыкі. Рэзка падаражэлі электраэнергія, аўтамабільнае паліва і камбікорм, якім кормяць курэй. Каб не цярпець страты, на фабрыцы вымушаныя былі істотна падняць цэны і на сваю прадукцыю.

Цяпер, рэалізаваўшы птушку па высокіх коштах, на фабрыцы купілі ў запас ўсё неабходнае, каб працаваць далей, і вырашылі знізіць іх цэны.

– Мы прынялі рашэнне стрымаць рост цэн, каб яны былі больш прывабныя для насельніцтва, – кажа Ірына Бяспалава. – Для гэтага зрабілі ўсё магчымае: свае цэны перагледзелі вытворцы птушкі, а мы спынілі розныя гандлёвыя надбаўкі. Пакуль што гатовыя працаваць у такім рэжыме.

Па словах намесніка дырэктара фабрыкі, на прадпрыемстве таксама  ўлічылі рэкамендацыі ўрада Беларусі аб зніжэнні гандлёвых надбавак на харчовую прадукцыю.

Ірына Бяспалава адзначае: кошт электраэнергіі, паліва і камбікармоў, на жаль, меншым не стане. Але гэта не значыць, што цяпер фабрыка будзе працаваць у страту сабе. Птушкагадоўцы спадзяюцца на свой ураджай, якім можна будзе карміць птушку, каб знізіць выдаткі на закупку кармоў.

Намеснік дырэктара кажа, што цэны 1 чысла кожнага месяца, магчыма, будуць патроху павялічвацца, але рэзкіх скачкоў, як у канцы мая, не прагназуецца.

Аптымізму ад “падзешавення” няма

Пакупніца Алеся Кузняцова пераехала ў Беларусь з Расіі паўгода назад. Цяпер жыве ў Маладзечне. Расказвае, што курэй заўсёды купляе ў магазіне “Птушка”, што на харчовым рынку.

На пытанне: як вам тое, што куры ў магазіне падзешавелі, маладая гаспадыня здзіўляецца.

– А хіба яны падзешавелі? – пытаецца яна. – Мне здаецца, наадварот,– падаражэлі.

Як высветлілася, Алеся проста не купляла курэй ад пачатку мая, калі кілаграм каштаваў крыху больш за 9 000 рублёў.

За апошнія тры тыдні цэны на курынае мяса значна выраслі. Намеснік дырэктара Алёхнавіцкай птушкафабрыкі Ірына Бяспалава звязвае гэта з павелічэннем коштаў на электраэнэргію, паліва і камбікорм. Дынаміку змянення цэн на курыную прадукцыю мы прасачылі на прыкладзе прадпрыемства, якое працуе ў Алёхнавічах.

Акрамя Алёхнавіцкай птушкафабрыкі, у Маладзечна сваю прадукцыю пастаўляюць Смаргонская, Скідзельская, Баранавіцкая і Дзяржынская фабрыкі.

Пасля падаражання ў гандлёвых радах харчовага рынку знікла курынае мяса з Баранавічаў. Прадаўцы кажуць, што не прывозяць яго да нас ужо тыдні два – для Маладзечна не хапае прадукцыі.

Кілаграм смаргонскага кураня-бройлера першай катэгорыі 1 чэрвеня на рынку каштаваў 14 170 рублёў. Па словах прадаўца Святланы Пузыны, смаргонская курыца цяпер таксама падзешавела. Нядаўна кілаграм каштаваў 14 520 рублёў.

– Ажыятаж ужо спаў, – расказвае Святлана, – пакуль не падняліся цэны, за курынай прадукцыяй выстройваліся чэргі, курэй не хапала. Цяпер людзі супакоіліся, і чэргі зніклі.

Скідзельскае кураня-бройлер крыху даражэйшае за смаргонскае. 14 500 рублёў за кілаграм. Жанчына-пенсіянерка, паглядзеўшы на цэннік, уздыхнула і сказала:

– Была пенсія 200 долараў, стала – 100. Цяпер кажуць, што куры дзешавеюць. Хіба ж яны падзешавеюць да той цаны, якую каштавалі перад тым, як сталі даражэць?..

У фірменным магазіне “Фабрыка здароўя” агракамбіната “Дзяржынскі” кілаграм кураня-бройлера першай катэгорыі каштуе 13 170 рублёў. Па словах прадаўцоў, такая цана трымаецца каля двух тыдняў. Перад тым, як падаражэць, кошт быў спачатку 10 110 рублёў, потым – 11 980.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.