Удзельнікі канферэнцыі, якая прайшла 1 чэрвеня ў сейме Літвы, прапанавалі кіраўніцтву Расіі адмовіцца ад фінансавання будаўніцтва беларускай АЭС. Пра гэта паведаміў БелаПАН удзельнік канферэнцыі, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз-Чарнобыль Беларусь” (Украіна) Аляксандр Валчанін.

Паводле яго слоў, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч падтрымаў ідэю будаўніцтва АЭС пры адной умове   гарантаванай адмове ад выкарыстання адпрацаванага ядзернага паліва ў ваенны мэтах. Кандыдат тэхнічных навук Юрый Варонежцаў выступіў супраць узвядзення АЭС. Сваю пазіцыю ён матываваў тым, што ў выпадку аварыі на станцыі ўзнікне пагроза радыяцыйнага забруджвання Вільнюса, насельніцтва якога давядзецца адсяляць. Вучоны мяркуе, што для вырашэння энергетычных праблем у Беларусі трэба шырэй выкарыстоўваць нетрадыцыйныя крыніцы энергіі.

Як зазначыў Валчанін, у сваім выступленні ён звярнуў увагу на адмену ў Беларусі летась па ініцыятыве першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч сацыяльных гарантый для ўдзельнікаў ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Валчанін звярнуўся да дэпутатаў сейма з прапановай зарэгістраваць у Літве аб’яднанне беларускіх ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС “Саюз-Чарнобыль Беларусь”.

У рэзалюцыю канферэнцыі ўключана яго прапанова аб тым, што МАГАТЭ павінна забяспечыць сацыяльныя гарантыі ліквідатарам аварый на АЭС.

Паводле БелаПАН.