Чыстае адзенне стала раскошай – у магазіны і аддзелы бытавой хіміі прыйшлі пральныя прашкі з новымі цэннікамі.

Паліцы зноў запаўняюцца як айчыннымі, так і імпартнымі сродкамі. Ад цэн на імпартныя парашкі ў шоку не толькі пакупнікі, але і прадаўцы, і прадпрымальнікі, якія закупляюць іх у аптавікоў.

– Цэны самі бачыце якія – нерэальныя. Пакупнікі як бачаць іх, то хто смяецца, хто лаецца. Тлумачым сітуацыю – большасць разумеюць, – расказалі прадаўцы ў размове з карэспандэнтам “РГ”.

Цэннікі сапраўды ўражваюць. Упакоўка дзіцячага парашку (800 грамаў), якая раней каштавала 7 000-8 000 рублёў, цяпер прадаецца на рынку за 18 000 рублёў, а ў крамах па 19 000-21 000 рублёў. На столькі ж, у 2,5-3 разы, падаражэлі і “дарослыя” сродкі.

Як змяніліся цэны на парашкі ў Маладзечне

29 красавіка

7 чэрвеня

падаражанне

Маг. Колор. Автомат, 3 кг

16630

33600

у 2 разы

E color automat, 400 г

4750

13990

у 2,9 раза

Ушастый нянь, 800 г

7500

21000

у 2,8 раза

Паводле звестак прэс-службы Міністэрства эканомікі, мыйныя сродкі ўваходзяць у групу тавараў, на якія органы статыстыкі за тры тыдні мая зафіксавалі найбольшы рост цэн – 125,7%. 28 мая сінтэтычныя мыйныя сродкі ўвайшлі ў пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулюе Міністэрства эканомікі на тэрмін не больш за 90 дзён. Да 1 ліпеня цэны на іх не могуць перавышаць узроўню, устаноўленага на 28 мая.

Па словах прадаўцоў, пакуль што людзі пераключыліся на айчынныя парашкі, але бачна, што шмат хто з іх аддаў бы перавагу імпартным.

У некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў ўзніклі праблемы з іх закупкай.

– У Беларусі ёсць некалькі фірм, якія завозяць імпартныя парашкі. Цяпер некаторыя з іх вырашылі “вытрымаць паўзу”, адзін-два месяцы не гандлююць, іншыя забіваюць у цану курс 7-8, а то 10 тысяч за долар. Нам цяпер “цудоўна” працуецца”: за шэсць апошніх гадоў такога яшчэ не было. Гэта хваля нас, напэўна, накрые, – сказала гаспадыня аднаго з маладзечанскіх гандлёвых аб’ектаў.

Паводле яе слоў, дастаць парашок беларускай вытворчасці таксама няпроста: база, з якой яны працуюць, перастала адпускаць яго прыватным фірмам.

Намеснік дырэктара магазіна №5 “Універмаг” Людміла Гузянкова расказала ў інтэрв’ю “РГ”, што ў маі рэалізацыя айчынных парашкоў узрасла ў чатыры-пяць разоў – іх проста размяталі. Паводле яе слоў, нагрузка на ўсіх работнікаў магазіна была велізарная. Цяпер попыт стабілізаваўся. На мінулым тыдні магазін зноў атрымаў 700 кілаграмаў парашку – попыт задавальняецца.

Айчынныя вытворцы запэўніваюць, што мыйных сродкаў па “пад’ёмных” цэнах хопіць усім беларускім спажыўцам. У аддзеле маркетынгу ААТ “Бархім” у інтэрв’ю “РГ” сказалі, што прадпрыемства працуе, вытворчасць загружаная. У сувязі з узросшым попытам экспарт прадукцыі прыпынены. Але ўнутраны рынак будзе забяспечаны, – запэўнілі на “Бархіме”. У кожнай вобласці ў прадпрыемства ёсць дылеры, якім па чарзе адгружаюць прадукцыю.

Святлана ЦІШКО.