Назву вілейскай вёскі Сцебяракі сёння ведаюць многія: археолагі, уфолагі, краязнаўцы, чорныя капальнікі. Кожны з іх па-свойму спрабуе разгадаць таямніцу пяці камянёў, што знаходзяцца ў лесе на поўдзень ад вёскі.

Напачатку былі камяні

У народзе камяні празвалі “быкамі”. Людзі распавядаюць легенду пра аратага і яго валоў, якія ператварыліся ў камяні ў пакаранне за тое, што выйшлі працаваць у святы дзень. Камяні прыцягваюць увагу найперш сваімі загадкавымі малюнкамі ў выглядзе рога-рытона, які лічыўся сімвалам дабрабыту, багацця, весялосці, і стылізаванага крыжа.

Сцебярацкія “быкі”.

Дарэчы, рог-рытон атаясамліваўся ў дахрысціянскую пару з богам Вялесам. Культ бога Вялеса, на думку акадэміка Б.Рыбакова, бярэ свой пачатак аж з эпохі неаліту, калі ён шанаваўся як дабрадзей паляўнічых. Шанавалі Вялеса як бога статка і кіеўскія князі. Паступова Вялес стаў апекуном гандлю, а разам з тым – казачнікаў, песеннікаў, паэтаў. Нездарма Таварыства вольных літаратараў, якое існуе ў старажытным Полацку і ачольваецца паэтам Алесем Аркушам, штогадовую літаратурную прэмію імянуе Гліняным Вялесам.

У ваколіцах Сцебярак вялікіх камянёў-валуноў, пакінутых пасля сябе ў спадчыну ледавіком, багата. Найбольш іх знаходзіцца на ўскрайку лесу, куды іх сцягвалі трактарамі ў гады калектывізацыі. У полі ля вёскі застаўся сіратліва ляжаць адзін вялізарны камянюка, які нагадвае мне айсберг, бо найбольшая яго частка, падобна на тое, знаходзіцца дзесьці пад зямлёй.

Як расказваюць старажылы, камень гэты ў свой час ніякі трактар не адужаў. Таму вырашылі ўзарваць, але калі падлічылі магутнасць выбуховага зараду, то адмовіліся ад задумы, бо зарад мусіў быць такой сілы, што выбуховай хваляй магло папросту знесці ўсю вёску.

Так камень спакойна і шчасліва даляжаў на сваім месцы да нашых дзён, пакуль не патрапіў на вока дапытлівым вілейскім краязнаўцам, якія, уважліва агледзеўшы той камень, заўважылі на ім малыя рукатворныя ямкі. Лічыцца, што такі камень мог быць цэнтрам дахрысціянскага капішча, дзе нашы продкі пакланяліся сваім паганскім багам: Перуну, Вялесу, Дажбогу ці яшчэ якому з іх, прыносілі ахвяраванні, выконвалі пэўныя рытуальныя абрады і дзеянні. Такое месца магло быць таксама грамадскім цэнтрам плямённага ці родавага аб’яднання, дзе супляменнікі ці жыхары пасялення збіраліся разам, каб прыняць асабліва важныя рашэнні.

Камень з “ямкамі” трактар не змог зрушыць з месца.

Каменю з “ямкамі” пакланяліся нашы продкі.

Старое надмагілле на сцебярацкіх могілках (канец 19 ст.).

Першым на сувязь назвы вёскі з камянямі звярнуў увагу археолаг, кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі. Ён даволі слушна, на мой погляд, лічыць, што назва Сцебяракі мае балцкае паходжанне. У нашых суседзяў латышоў ёсць словы stabs, якое азначае слуп, і rags са значэннем рог. А ў тых жа літоўцаў адпаведна: stгbas – ідал, а ragas – рог.

Варта таксама прыгадаць латышскі эпас “Лачплесіс”, у якім ёсць аповед пра скалу Стабураг – даламітавую гару на абрывістым беразе ракі Даўгава (Заходняя Дзвіна). На скалу выходзіла мноства крыніц, якія струменілі па ёй. Зараз тое месца затоплена вадасховішчам.

У свой час яно прыцягвала да сябе ўвагу шматлікіх турыстаў, з ім звязаны цэлы шэраг латышскіх народных легендаў і паданняў. Згодна з імі, у глыбінях Даўгавы каля гары Стабураг у крышталёвым палацы жыла Стабурадзе, апякунка дзяўчат і сялян. Яна мела добрае сэрца, здольнае суперажываць людзям. Туманнай раніцай Стабурадзе горка плакала, а ў сонечнае надвор’е радасна ўсміхалася.

Ваколіцы вёскі

Асобнае пытанне – гэта размяшчэнне вёскі. Некалі яе заснавальнікі аблюбавалі месца на даволі маляўнічым беразе зусім невялічкай рэчкі, прытоку ракі Вузлянкі, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Нарачанку. Калі верыць “Блакітнай кнізе Беларусі”, сучасная даўжыня рэчкі ўсяго трынаццаць кіламетраў.

Сцебяракі на тапаграфічнай карце другой паловы 19 стагоддзя.

Рэчышча яе на працягу чатырох з паловай кіламетраў было ў пасляваенны час ператворанае меліяратарамі ў канаву. Калі дадаць, што сёння яе берагі выглядаюць даволі здзічэлымі, параслі плантацыямі крапівы, зараснікамі баршчэўніку, то можна толькі ўявіць, як ў той далёкі час выглядала рэчка, безумоўна, больш прывабна.

Як успамінае мой тата, яшчэ ў часы яго дзяцінства там вадзілася мноства ракаў. Пра што сведчыць і адна з легендаў, якая своеасабліва тлумачыць паходжанне назвы вёскі. Там якраз дзеянне адбываецца на беразе рэчкі, дзе адзін з жыхароў вёскі ловіць ракаў. А на пытанне: “Як вёска называецца?”, недачуўшы, адказвае “сцябу ракаў”.

Таксама прыгадваецца, як у дзяцінстве любілі збегаць на бераг рачулкі, пабоўтаць нагамі ў яе крышталёва чыстай крынічнай вадзе. І зрабіць гэта можна было, дзе душа пажадае. А зараз да берага нават падысці не ў кожным месцы можна.

Аднак, як вядома, продкі нашы былі людзьмі кемлівымі, яны абы-дзе не сяліліся. То давайце прыгледзімся больш уважліва да рэчкі і яе берагоў. Цікавасць выклікае ў першую чаргу тое, што на беразе даволі невялічкай рачулкі так шчыльна размешчаныя паселішчы. Мяркуйце самі. Выток свой рэчка бярэ паміж вёскамі Малькевічы (даўней называлася Кішкарэпы) і Навікі.

Тут жа побач і Грыгаркі (на старой карце сустракаецца варыянт назвы Рыгоркі, ці Рыгаркі). На тапаграфічнай карце 1860 года Мінскай і Віленскай губерняў выразна відаць, што на месцы вёскі Малькевічы значыцца засценак Навікі. Напэўна, гэта невыпадкова. Магчыма, вёска была заснаваная выхадцамі з Навікоў. Чаму атрымала сваю новую назву, а пасля яе змяніла яшчэ раз, гэта ўжо іншая размова.

Па правы бок рэчкі ўздоўж берага месцяцца вёскі Будкі, Талуць, Сіўцы. Па левы бок – Катлаўцы, Сцебяракі. Даўней пасяленняў было больш. Паміж Сцебяракамі і Катлаўцамі, насупраць Будак, быў хутар (фальварак) Трубачы, далей за ім — засценак Лазавік.

Апроч вёскі Талуць існавалі аднайменныя фальварак, урочышча, вадзяны млын, парэшткі якога і сёння можна пабачыць ля Талуці. Такім чынам берагі рэчкі з абодвух бакоў былі даволі шчыльна заселеныя людзьмі. З усіх гэтых пасяленняў найбольш старажытнымі будуць Навікі (першае ўпамінанне ў дакументах 1523 года) ля вытокаў і Талуць ля вусця (упамінаецца ад 1622 года). Усе астатнія пасяленні пачынаюць сустракацца ў дакументах напрыканцы 18 стагоддзя.

Цікава прасачыць і за зменамі назвы рэчкі ў розных крыніцах. Першая назва, якую мне ўдалося адшукаць, – Рудня. Яна значыцца на расійскіх тапаграфічных картах другой паловы 19 стагоддзя. Там пазначаныя побач дзве рэчкі, якія цякуць амаль паралельна. Адна з іх – цяпер меліярацыйная канава. Побач з ёй некалі быў і аднайменны фальварак Рудня. У Поўным спісе населеных месцаў Віленскай губерні, выдадзеным у 1905 годзе, мы ўжо маем рэчку Талуць. За савецкім часам ад людзей чула форму Талуцянка. На польскіх картах 30-х гадоў яна значыцца як Катлянка (пэўна, так яе назвалі жыхары вёскі Катлаўцы). Сучасная ж назва – рэчка Чорная.

Такім чынам можна сказаць, што гэта маленькая рэчка ніколі не была абдзеленая вялікай ўвагай людской. І, пэўна, нездарма. Ад чыстых гаючых крыніц вада ў ёй нават у самы спякотны дзень сцюдзёная, а ў самы люты мароз не замярзае. Адсюль і адна з назваў рэчкі – Талуць (Талуцянка), ад слоў тал, таяць.

Пра адну з крыніц, што б’е проста з-пад рачнога берага, людзі распавядаюць, што яна гоіць хваробы вачэй, таму, напэўна, да той крынічкі і сёння не знікае сцяжынка, і там, калі не прыйдзеш, заўсёды можна напіцца чысцюткай, смачнай вадзіцы з конаўкі, што вісіць побач на галінцы. Яшчэ зусім нядаўна крынічка тая вельмі прыгожа і маляўніча струменіла проста з-пад кораня дрэва.

Але прайшлі бураны і навальніцы мінулым летам – і на месцы крынічкі толькі павалены камель дрэва. Можа б, так і згінула яна, каб не добрыя людзі, якія адшукалі жыватворны струмень, адкапалі яго крыху далей у пясчаным беразе – і яна зноў жыве, вабіць у гарачы спякотны дзень сваёй прахалодай. Кажуць, што такіх крыніц некалі ля рэчкі было значна больш.

Увогуле ландшафт Вілейшчыны на пачатку ХХ стагоддзя характарызаваўся І.Гашкевічам, укладальнікам “Полного списка населённых мест со статистическими данными по каждому поселению”, наступным чынам: “Местность очень лесистая, весьма пёстрая по рельефу, грунту и растительности, в низменностях обилие воды, на возвышенности пески”. Вось у гэтых мясцінах на беразе маляўнічай рачулкі і заснавалі людзі пасяленне, што атрымала назву Сцебяракі.

Першыя згадкі ў гісторыі

У афіцыйных дакументах упершыню вёска Сцебяракі згадваецца пад 1765 годам у спавядальных спісах Даўгінаўскага дэканата (уніяты). У гэтым жа годзе ўпершыню ўпамінаюцца блізкія вёскі – Сіўцы, Будкі, Грыгаркі, Журыхі, крыху пазней – Катлаўцы, Кішкарэпы (Малькевічы), Любоўшы. Трошку раней – Заазер’е, Любань.

У 1765 годзе ў Сцебяраках (Szibiaraki), якія адносіліся да фальварка Талуць Маркаўскага староства Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, налічвалася дзевяць гаспадароў: Давід Каўрыга, Юрка Згрунт, Ілля Згрунт, Якаў Згрунт, Іллюк Наздрук, Якім Куліцкі, Пятрук Занковіч, Янка Наздрук.

Што папярэднічала гэтаму часу? У 1700-1721 гадах адбывалася Паўночная вайна, і да 1710 года тэрыторыя сучаснай Беларусі мела агульную мяжу з Латвіяй. А ў 1765 годзе ў Сцебяраках і суседніх Сіўцах значацца людзі з нетутэйшым прозвішчам Згрунт, якое пазней, адаптаваўшыся да беларускіх фанетычных умоў, замацавалася ў форме Згрунда, а яшчэ пазней, у 19 стагоддзі, было ўжо русіфікаванае – Згрундо. Тое, што гэта прозвішча нясе ў сабе балцкі пачатак, заўважаюць нават людзі, далёкія ад філалогіі. Падобных прозвішчаў і сёння шмат сустракаецца ў суседняй Латвіі. А як лічыць даследчыца ўласных назваў Валянціна Лемцюгова, доктар філалагічных навук, прафесар, корань грунд – вельмі старажытны, індаеўрапейскага паходжання.

Варта звярнуць увагу на тую акалічнасць, што назва вёскі і яе першых жыхароў мае балцкае паходжанне. Супадзенне? Хто ведае, бо як паказвае жыццё, у прыродзе няма нічога выпадковага. Усё ўзаемазвязанае.

У складзе Расійскай імперыі

Як вядома, у 1772 годзе адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога частка беларускіх зямель была далучаная да Расійскай імперыі. У 1793 годзе ў выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай часткай Расійскай імперыі стала і Вілейшчына, разам з ёй і вёска Сцебяракі. Такім чынам, у новае стагоддзе вёска ўступіла ў складзе новай дзяржавы.

У гэты час вёска паступова расце. У 1789 годзе ў ёй 12 гаспадарак, у 1800 – ужо 16, пражывае 56 мужчын і 57 жанчын. Вёска разам з засценкам Ментанька належаць генерал-маёру Бергеману.

У 1795 годзе ў Расійскай імперыі праводзіўся пяты па ліку падушны перапіс насельніцтва (рэвізія), упершыню ён ахапіў і тэрыторыю далучанай Беларусі. Наступная рэвізія адбылася ў 1811 годзе. Па яе звестках, у Сцебяраках на той час пражывала 16 сямей, 54 душы мужчынскага полу. Гэта былі сем’і Якава і Тадэвуша Лаўрыновых Грамадзёнкаў, Пракопа Давыдава Каўрыгі, Васіля, Максіма Осіпавых і Марціна Іванова Згрундаў, Фёдара Ілліна Кручонка, Івана Максімава Куліцкага, Гаўрылы Іванова Згрунды, Андрэя Згрунды, Івана Іванава і Цімафея Міхайлава Кручонкаў, Якава Міхайлава Селюна, Пятра і Івана Сцяпанавых Завадскіх. А таксама адна сям’я прыпісных Куліцкіх.

На той час Сцебяракі ўваходзілі ў склад маёнтка Талуць, які належаў Івану Віктаравічу Любанскаму.

Вайна 1812 года, відаць, істотна не закранула жыхароў вёскі, бо наступны 1816 года перапіс істотных змен у складзе насельніцтва не фіксуе. З’яўляюцца ў вёсцы Занковічы і Булагі. А 1834 года перапіс фіксуе ў вёсцы 15 сямей і 34 душы мужчынскага насельніцтва, новых прозвішчаў няма. На пачатку 40-х з’яўляюцца Рэуты, Краты, Наздрукі, Кезікі. Зніклі Грамадзёнкі, Куліцкія, Булагі.

У 1841 годзе пецярбургскі Сенат разглядае справу “О предании суду дворянина Вилейского уезда Райнальда Данейко за нанесение побоев крестьянину Згрунде”. На жаль, ні імя селяніна, ні назва населенага месца ў справе не ўказваюцца. (Але выбар тут невялікі: маглі быць тут і Сіўцы, але магчыма і Сцебяракі). Райнальд Данейка служыў пісарам у пана Тукалы, які імянуецца “традиционным владельцем имения” пана Любанскага. Як вынікае са справы, пан Любанскі ўвогуле меў не першы раз прэтэнзіі да пана Тукалы па факце прыгнёту сялян.

А што ж здарылася на гэты раз? 29 кастрычніка 1839 года селяніну Згрундзе было загадана разам з іншымі сялянамі везці авёс у мястэчка Даўгінава. Але ён, спаслаўшыся на хваробу вала, прасіў вызваліць яго ад павіннасці, у чым атрымаў адмову. Дома селянін паскардзіўся на тое, што яго пабіў пісар Данейка, а на наступны дзень быў знойдзены мёртвым. Павятовы лекар вынес заключэнне, што смерць селяніна наступіла ад апаплексічнага ўдару. Падчас разгляду гэтай справы былі знойдзеныя яшчэ два чалавекі, якія пацярпелі ад згаданага пісара (атрымалі па пяцьдзясят удараў розгамі за позні выхад на работу). Данейка ж ні ў чым не прызнаваў сваёй віны. Пры гэтым сяляне сведчылі, з аднаго боку, што пісар меў запальчывы характар і строга трымаў сябе з сялянамі, з другога боку, што згаданы пісар “не замечен в худом обращении с крестьянами” і чалавек ён сумленны. Такім чынам, смерць селяніна было вырашана “предать воли божией”, а пісару загадана наперад да сялян адносіцца “снисходительнее, избегая подобного роду нареканий”.

У 1890 годзе ў Сцебяраках і Сіўцах былі створаныя школкі пісьменнасці. Праз шэсць гадоў такая ж школа пачала дзейнічаць і ў Талуці. Варта сказаць, што такія школкі падпарадкоўваліся царкоўнаму ведамству, узровень выкладання ў іх быў даволі нізкі. За адну-дзве зімы дзеці ледзь паспявалі засвоіць азы чытання і пісьма. Аднак як бы там ні было, гэта была адзіная сцяжынка да пісьменнасці сялянскім дзецям. Пазней школа дзейнічала толькі ў Талуці.

У 90-я гады на Беларусі паўсюдна шырыўся рух перасяленцаў у землі Сібіры і Далёкага Усходу. Выязджалі пераважна малазямельныя і беззямельныя сяляне. Закрануў гэты рух і Вілейшчыну, не абышоў бокам і Сцебяракі. Выхадцы са Сцебярак разам з іншымі вілейскімі сем’ямі заснавалі ў Омскай вобласці вёску Аляксандраўка, пра што “Рэгіянальная газета” ўжо пісала аднойчы.

На пачатку 19 стагоддзя Сцебяракі адносіліся да прыходу Нароцкай царквы, пачынаючы з 40-х гадоў і надалей – да Вузлянскай Свята-Успенскай, якая была дабудаваная на месцы згарэўшай у 1827 годзе і праіснавала аж да пасляваеннага часу дваццатага стагоддзя.

На пачатку стагоддзя

Як сустрэла вёска дваццатае стагоддзе, даносяць да нас вынікі сельскагаспадарчага перапісу, які праводзіўся ў два этапы летам на працягу 1916-1917 гадоў. Згодна са спісам домаўладальнікаў Іжанскай воласці Вілейскага павета, Сцебяракі ўваходзілі ў Талуцкае сельскае таварыства разам з вёскамі Талуць, Сіўцы, Заазер’е. Усяго ў Сцебяраках налічвалася 32 домаўладальнікі, для параўнання, у суседніх Талуці – 51, Сіўцах – 43. У Талуці і Сіўцах, апроч таго, былі размешчаныя сем’і бежанцаў, у Сцебяраках такіх не значыцца. Сярод новых прозвішчаў у Сцебяраках знаходзім Бурак, Кулак, Кашкевіч, Малько. Зніклі прозвішчы Рэут і Наздрук.

У зводках уліку высеву ў гаспадарках сялянскага тыпу зафіксавана ў Сцебяраках на 35 гаспадарак 201 чалавек насельніцтва – 100 мужчын і 101 жанчына. Такім чынам у сярэднім на кожную гаспадарку прыпадае каля 6 чалавек. Сваіх і наёмных работнікаў вёска мела 98 мужчын і 92 жанчыны. Відавочна, не кожная гаспадарка мела каня, бо іх усяго на вёску налічвалася 29. Буйной рагатай жывёлы 47 галоў, сярод іх 38 кароў і адзін бугай, астатняя – маладняк. Свіней і парасят – 29 галоў. У 1916 годзе вёска пасеяла 272 пуды азімага і 12 пудоў яравога жыта, 140 з паловай пудоў ячменю, 90 пудоў аўса, пуд грэчкі, 43 гароху і найбольш за ўсё бульбы – 1455 пудоў. Для параўнання, Талуць пасеяла 682 пуды бульбы і ніводнага – грэчкі. Па звестках І.Гашкевіча, Сцебяракі на той час мелі 263 дзесяціны зямлі.

Трэба адзначыць, што згаданы перапіс праводзіўся ўжо ва ўмовах ваеннага часу. 23 чэрвеня 1914 года пачалася першая сусветная вайна, полымя якой ахоплівала краіну за краінай. Усяго ў ваенныя падзеі было ўцягнута 38 дзяржаў з насельніцтвам звыш 1,5 мільярда чалавек. Доўжылася яна больш за чатыры гады, мабілізавана на вайну было каля 74 мільёнаў чалавек. Беларусь апынулася якраз у эпіцэнтры баявых дзеянняў.

Сцебяракам, можна сказаць, што і пашанцавала. Хаця акопы таго часу і сёння выразна бачныя ў навакольных лясах, але непасрэдныя баявыя дзеянні абмінулі вёску.

Вельмі цяжкім для Расійскай імперыі быў 1915 год. На ўсходзе Расія страціла вялікія тэрыторыі, аднак фронт трымаўся. На Волзе і ў Сібіры рыхтаваліся новыя папаўненні, саюзнікі пастаўлялі зброю і ваенную амуніцыю. Расія рыхтавалася да супрацьстаяння. Аднак у лютым у выніку нямецкага наступлення пад Вердэнам саюзнікі трапілі ў складаную сітуацыю, і Расія была вымушаная, каб не даць перакінуць немцам вайсковыя часці на заходні фронт, распачаць 18 сакавіка 1916 года сваё наступленне, якое сёння вядомае пад назвай Нарачанская аперацыя. З-за бяздарнасці расійскага камандавання, бюракратычнай цяганіны і злачыннай бяздзейнасці службаў тылу гэтая вайсковая аперацыя ператварылася ў вялікую трагедыю, ахвярамі якой сталі тысячы людзей, магілы іх раскіданыя па ўсёй лініі былога фронту.

Сцебяракі апынуліся ў тыле расійскіх войск, у раёне размяшчэння рэзервовых сіл групы войск генерала Балуева. У вёсках Талуць, Сцебяракі, Андрэйкі размяшчаўся 35 армейскі корпус, які пазней перамясціўся ў раён вёскі Іжа. У 1916 годзе непасрэдна каля Сцебярак размяшчаліся пазіцыі батарэй супраць нямецкіх аэрапланаў.

Яшчэ некалькі цікавых фактаў з жыцця вёскі і яе ваколіц ваеннага часу, якія даносяць да нас метрыкі Вузлянскай царквы. 1916-1917 гады адзначаюцца вялікай колькасцю вяселляў мясцовых дзяўчат з ваеннымі, актыўна выходзяць замуж таксама і сёстры міласэрнасці, якія знаходзяцца пры Вузлянскім лазарэце. Вайна вайной, а жыццё бярэ сваё.

Вузлянская царква. 1916-1917 гады адзначаныя вялікай колькасцю вяселляў мясцовых дзяўчат з ваеннымі. Актыўна выходзілі замуж і сёстры міласэрнасці, якія знаходзіліся пры Вузлянскім лазарэце.

Таксама фіксуецца шмат выпадкаў смерці. Салдат, якія паміраюць ад ран, хаваюць на Вузлянскіх могілках, тых, што ад тыфу, – на “заразных могілках”. Сялян таксама косяць тыф і іншыя хваробы.

Падчас вайсковых аперацый нейкая колькасць салдат варожай арміі была ўзятая ў палон. У метрычнай кнізе таго часу значыцца факт пахавання на могілках у Сцебяраках палоннага аўстрыйскага салдата Івена Нарыяка, які меў 43 гады ад нараджэння і памёр ад дызентэрыі 6 чэрвеня 1916 года.

Прызываліся на вайну і мясцовыя мужчыны. Не ведаю, у якім годзе пайшоў ваяваць мой дзед Згрундо Сяргей Міхайлавіч, ведаю толькі, што меў ён з той вайны медаль, багата цікавых успамінаў, якімі не дужа часта дзяліўся, і разам з іншымі салдатамі ў рэвалюцыйным 1917 годзе кінуў фронт і ноччу, арыентуючыся па зорах, прабіраўся ў родную вёску.

У пошуках лепшай долі на пачатку стагоддзя хто легальна, а найбольш нелегальна пускаліся беларусы ў вельмі далёкія падарожжы ў Амерыку ды Канаду. Вілейшчына была не выключэннем. Мне ўдалося адшукаць звесткі пра Чарлі (Чарльза) Згрунду ці то 1895 года нараджэння, ці то 1890, які ў дваццатыя-трыццатыя гады жыў у амерыканскім штаце Вісконсін. На жаль, больш дакладнай інфармацыі пакуль што няма.

Пад Польшчай

У 1919 годзе мой дзед Сяргей Міхайлавіч Згрунда ажаніўся з жыхаркай вёскі Грыцукі Ірынай Лук’янаўнай Дзяругай. Адзін за адным пайшлі ў іх дзеткі. Усяго нарадзілася васьмёра, да сталага ўзросту дажылі пяцёра, за што Ірына Лук’янаўна атрымала ўжо пасля вайны, у 1960 годзе, “Медаль мацярынства” 2 ступені.

У 1920 годзе ў выніку Рыжскай дамовы тэрыторыя Заходняй Беларусі апынулася ўжо ў складзе Польшчы. Сцебяракі зажылі ў новай дзяржаве. Як гэта было, ведаю найбольш з успамінаў маіх блізкіх.

Зямлі сям’я мела мала, адпаведна была нястача, таму старэйшыя дзеці наймаліся пасвіць авечак ці кароў. Дзед рабіў куфры, прадаваў іх на базары, добра клаў печкі. З таго і жылі. А трэба ж было дзяржаве заплаціць падаткі. З гэтым было строга: калі не заплаціш, апісвалі ўсю няхітрую маёмасць.

Дзеці сялян вучыліся ў польскай школе. Спачатку пад школу наймалі хату, пасля сяляне гуртам пабудавалі новую прыгожую школу. Дзеці тых, хто працаваў на будоўлі школы, вучыліся ў ёй бясплатна. Хадзілі ў тую школку, хаця і не вельмі рэгулярна, мае цёткі Маня і Надзя. З тых часоў нейкім цудам нават падручнік захаваўся.

Старонка польскага падручніка, па якім Надзея Сяргееўна Згрундо вучылася ў 30-я гады 20 стагоддзя.

Не цураліся сцебярацкія жыхары і кантрабанды: хадзілі праз мяжу ў Савецкі Саюз. Аднак справа гэта была дужа рызыкоўная. Хаця, падобна на тое, рызыкантаў сярод вяскоўцаў хапала. Толькі за адзін 1921 год на пераходзе мяжы папаліся прадстаўнікі сям’і Згрунда – Параска Адамаўна, Аляксандр Іванавіч і Нікадзім Марцінавіч. Гэтым, лічы, пашанцавала, бо затрыманыя яны былі палякамі. А вось жыхар Сцебярак, селянін-аднаасобнік Вікенцій Аляксандравіч Кручонак за пераход мяжы быў арыштаваны ў чэрвені 1936 года на савецкім баку і праз паўгода асуджаны органамі НКВД на тры гады лагера, пакаранне адбываў ў Сіблагу, у 80-я гады ХХ стагоддзя быў рэабілітаваны.

Дзесьці напярэдадні 1939 года польскія паны пачалі распрадаваць зямлю сялянам. Хто змог, той набыў, спадзеючыся пасяліцца на ўласным хутары. “Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут,” – спрадвечная мара кожнага селяніна. Сярод апошніх былі і мой дзед Сяргей з братам Ляксеем. Але пабудаваць уласны хутар ім так і не давялося – зноў памянялася улада і, адпаведна, умовы жыцця.

Прыйшла савецкая ўлада

У верасні 1939 года ў выніку распачатай Гітлерам другой сусветнай вайны тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучаная да Усходняй, якая ўжо колькі гадоў жыла ў складзе Савецкай краіны. Вось як успамінала той час мая цётка Лідзя. На вуліцы паставілі “раму” – лозунг, абвіты вянком. Людзі песні пелі, працаваць не хадзілі, усё больш мітынгавалі. Усе былі рады Савецкай уладзе. Вялася агітацыя за ўступленне ў калгас. Некаторыя вёскі ўступілі, але Сцебяракі ніяк не жадалі. За гэта жыхароў вёскі не пускалі ў калгасную краму, што адкрылася ў Талуці.

Не абмінулі вёску і рэпрэсіі. Сярод незаконна асуджаных, а пазней рэабілітаваных быў і сцебярацкі каваль Міхаіл Кашкевіч, які атрымаў у 1940 годзе восем год зняволення ў лагеры за супрацоўніцтва з польскай паліцыяй.

У кнізе Леаніда Маракова “Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967” ёсць інфармацыя пра ўраджэнку Сцебярак Ганну Кезік (1882 г.н.), якая трыццаць тры гады жыла ў розных расійскіх манастырах, апошнія гады пры Тваражкоўскім манастыры ў Ленінградзе, а ў 1932 годзе была асуджаная на тры гады высылкі ў Казахстан, далейшы лёс яе невядомы.

Як вайну перажылі

Пад немцамі вёска апынулася вельмі хутка – мужчын не паспелі нават ўзяць у армію. Спачатку акупанты ставіліся да мясцовых жыхароў даволі лаяльна: частавалі дзяцей цукеркамі, прыходзілі на вясковыя вячоркі. Але ў хуткім часе ў навакольных лясах з’явіліся партызаны, і распачаліся карныя акцыі. Стала чутно, як за сувязь з партызанамі то тут, то там палілі хаты, забівалі цэлыя сем’і.

Дзед перад вайной хацеў перасяліцца на ўласны хутар, ды не паспеў. Але на хутары жыў сваяк па жонцы Пётр Норка, якія актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Праз яго трымаў сувязь з партызанамі і дзед, які часта наведваўся на хутар. Даводзілася дзеду, як і іншым мужчынам, у каго быў конь, ездзіць па загадзе немцаў у абозы, гэта давала магчымасць сабраць патрэбную для партызан інфармацыю. Некалькі разоў ён некуды ездзіў разам з партызанамі, адзін раз быў неяк знік на працяглы час, так што думалі – забілі. Здараліся вельмі небяспечныя сітуацыі, але неяк абышлося.

Пра тое, як палілі вёску, давялося чуць неаднойчы ад розных людзей. Аднак я раскажу гэту драматычную гісторыю так, як пачула і запісала яе ад сваёй цёткі, Згрундо Лідзіі Сяргееўны (1928-1986), якая пры жыцці была надзвычай здольнай апавядальніцай і захавальніцай многіх сямейных гісторый, якія, на вялікі жаль, мы ў свой час не здагадаліся запісваць.

“…Было гэта ў 1943 годзе. Надзю схавалі на хутары ў Норкі, каб разам з моладдзю ў Германію не пагналі. Тата ёй сказаў: калі ўсё добра, то тады некага прышлю наказаць. Ну й пайшла яна. А тату з канём немцы ў абоз забралі. Я гэта авечак пасвіла. Там нейкія тры пастухі былі з каровамі, ну і я каля іх. А немцы прыехалі і давай людзей збіраць каля могілак: “На сабраніе! На сабраніе!” Сагналі ўсіх, а вёску запалілі. І пагналі нас: маму, Геню, Мішу і мяне з усімі разам. Адразу дык можна было ўцячы. Уцякалі некаторыя. А тады, як далей адышлі, пачалі ўжо страляць. Тады нас у вагоны і ў Нямеччыну павезлі.

Жылі мы ў лагеры, не ў хазяіна. Былі там толькі старыя ды малыя. А тых, хто дужэйшы, дык хазяева пабралі. Працавалі на падсобнай гаспадарцы. Мяне з сяброўкай бралі на кухню бульбу чысціць. Тым, хто на поле хадзіў, лягчэй было: што-небудзь ды прынясуць. Усё лягчэй, чым нам. А я – дык дзе ж там украдзеш!

А мама ўсё балела. Два разы ў бальніцы ляжала. А тады Геня папаў у бальніцу. Нешта з’еў. Дрэнна яму стала, жывот баліць. А пераводчыца заладзіла: “Тыф! Тыф!” Ну і павязлі яго ў бальніцу. Тады найшла яго там, пад вакно хадзіла да яго. А ён адзін у палаце, плача, як мяне ўбачыць. Ніхто да яго не падыходзіць. Тады неяк санітарка загаварыла са мной. Спытала, што з ім. Ну я і кажу: так і так. Добра, кажа, скажу доктару, каб паглядзеў. А то ж, кажа, яны думаюць – тыф, ніхто да яго не ідзе, есці не даюць, толькі чай, дык нядоўга гэдак і замораць. Тады ўжо другі раз прыходжу – яго ўжо там няма. Я да санітарак. Кажуць, перавялі да мужчын. Доктар, як паглядзеў, дык і перавёў. Пусцілі ўжо мяне да яго. А ён такі вясёлы бегае па палаце. А мужчыны кажуць: “І нам з ім весялей. Добра, што яго да нас перавялі!” А ён такі чудны хлопчык быў, усе яго любілі. Вось гэдак ён і застаўся жывы, дзякуй той жанчыне”.

А тады ўжо пад канец сталі трошкі прамышляць: шыць, вязаць. Дык рабочы што якое ў гаспадара ўкрадзе, прынясе нам за работу. Была ў нас паварыха-ўкраінка. Дык я ёй як звязала кофту, яна як упадабала, ды кажа: “Ты ж нікому такую не вяжы, каб толькі ў мяне гэткая была”. А тады ўсё звяжы ды звяжы. Ну я і вязала. Спачатку неяк лягчэй было. А тады ўжо прыслалі нейкага, каб на работу выганяў. Ён ходзіць і запісвае, хто на работу не пайшоў. Тады звесткі ў сталовую дае, і тых ужо не кармілі. А яна мяне, тая бабка, прывядзе ў сваю камору, зачыніць. “Цябе тут, кажа, ніхто шукаць не будзе – вяжы”. Тады прынясе мне паесці. Я і вяжу, сяджу. А як з работы ідуць, і я тады ўжо смела іду.

А ўжо як асвабадзілі, дык мы й сабраліся дадому. Нас англічане асвабадзілі. Дык можна было ці ў Амерыку, ці ў Англію паехаць. Некаторыя й паехалі. Хто ў Польшчы застаўся. А мы вярнуліся дадому. З намі два хлапцы ехалі. Аднаго дзядзька за сына ўзяў, другога мы. А прыехалі, тады – саедзініліся.

Надзя сядзела на хутары, а тады дамоў прыйшла. А нас няма, вёска згарэла. Ну й яна і пайшла да Манькі. А тады ўжо і тата з абозу прыехаў, людзі яму расказалі. Ён тожа да Манькі паехаў. (Старэйшая сястра была замужам у Клынях, муж быў партызанам, пазней загінуў).

А некаторых немцы ў Германію не ўзялі. У суседкі нашай Анісі дзяцей малых многа было. Дык іх сагналі ў касцёл, паліць ужо хацелі. А на другі дзень адчынілі дзверы і выпусцілі. Кажуць: “Ідзіце, хто можа”. А іх там ужо многа паўміраўшы было. Хто змог, тыя параспаўзаліся, хто куды…”

Застаецца дадаць, што лагер, дзе апынуліся вяскоўцы – а палілі тады чатыры суседнія вёскі: Сцебяракі, Талуць, Сіўцы і Будкі, – знаходзіўся ў горадзе Шлезвіг на поўначы Германіі. Па вяртанні сцебярацкія людзі першы час жылі ў зямлянках, пакуль адбудаваліся. Дзеда майго Сяргея і яго брата Ляксея забралі ў армію. У кнізе “Памяць” іх імёны значацца ў раздзеле “Яны вярнуліся пераможцамі”. Дзядулю майму такім чынам выпала доля пабываць на дзвюх сусветных войнах і пашчасціла пры гэтым выжыць. А шэсць яго аднавяскоўцаў з фронту не вярнуліся.

Сяргей Міхайлавіч Згрундо з братам Ляксеем Згрундо (першы злева) і зяцем Петрусём Хілам (у цэнтры).

Сяргей Міхайлавіч Згрундо (у трэцім радзе другі злева) 5 верасня 1945 года.

Апошняя старонка?

Вайну вёска перажыла, наноў адбудавалася. А вось выпрабаванні мірнага часу не адолела.

Сяргей Міхайлавіч Згрундо са сваімі пчоламі. 1963 год.

Зараз у вёсцы жыхароў можна па пальцах пералічыць. У 2008 годзе на сем гаспадарак налічвалася ўсяго дзесяць жыхароў. А тут яшчэ і стыхія расстаралася. Наляцеў летам ураган, наламаў дрэў. Ад маланкі згарэла гаспадарка на дзедавым падворку. Наступствы стыхіі добра відаць і сёння.

Пасля ўрагану.

Ніна Нестараўна Згрундо з траюраднымі пляменнікамі Міколам і Андрэем Касцюковічамі і праўнукам Вадзімам.

Але не хочацца заканчваць гэты нарыс на сумнай ноце. У 2010 годзе ў Сцебяраках была зарэгістраваная фермерская гаспадарка. Хто ведае, можа, некалі і адродзіцца вёска наноў.

Ірына ЗГРУНДО.

Фота забяспечана Ірынай ЗГРУНДО.