На харчовым рынку замест палатак, у якіх гандлююць адзеннем і гароднінай, з’явяцца гандлёвыя павільёны-кантэйнеры з металічных канструкцый. Аплачваць іх устаноўку будуць самі прадпрымальнікі.

У аўторак, 14 чэрвеня, было падпісана каля 30 дагавораў на ўстаноўку кантэйнераў. У інтэрв’ю нашаму выданню прадпрымальнікі расказалі: яны баяцца, што, аплаціўшы абсталяванне гандлёвых месцаў, яны ў выніку могуць застацца і без грошай, і без кантэйнераў.

Паводле іх слоў, у генеральным плане забудовы горада прадугледжаны перанос харчовага рынку на новае месца. Тое, што гэтыя кантэйнеры спатрэбяцца на новым месцы, а таксама, што іх дапамогуць перавезці туды – адміністрацыя рынка гарантыі не дае.

– Мы не бачым аніякіх гарантый, – кажа адна з прадпрымальніц. – Дакументаў на кантэйнеры на рукі не атрымалі. Баімся, што, калі месца размяшчэння рынку цяпер часовае, то і ўстаноўка кантэйнераў – таксама часовая мера для таго, каб навесці тут парадак да “Дажынак”. Пасля таго, як яны пройдуць, рынак можа быць перанесены, а мы застанёмся і без кантэйнераў, і без грошай, якія за іх заплацілі.

Адзін пагонны метр (два квадратныя метры) у новым павільёне каштуе 3 500 000 рублёў. Суразмоўца “РГ” расказвае:

– Для таго, каб выкупіць мінімальную плошчу, на якой можна гандляваць, мне трэба заплаціць 8 мільёнаў 750 тысяч. Прыйдзецца браць крэдыт, інакш – ніяк. А яшчэ ж трэба будзе заплаціць за святло, сігналізацыю.

Усталёўваць кантэйнеры будзе барысаўская фірма “Будкрэпасць”. Першыя дагаворы з фірмай у аўторак заключалі прадпрымальнікі, якія прадаюць адзенне. Тыя, хто гандлюе гароднінай, пакуль адмаўляюцца плаціць за новыя павільёны. А гэта значыць, што, калі не заплацяць, ім прыйдзецца адмовіцца ад гандлю на рынку.

Па словах дырэктара “Будкрэпасці” Мікалая Іванова, яго фірма плануе ўстанавіць 500 кантэйнераў, у якіх будзе 700 гандлёвых месцаў. Да “Дажынак” збіраюцца справіцца. Але ўсё будзе залежаць ад таго, як прадпрымальнікі прафінансуюць работы.

Дырэктар рынку Ганна Сіняўская ў размове з “РГ” сказала, што замена палатак на павільёны праводзіцца ў адпаведнасці з правіламі гандлю на рынку і санітарнымі нормамі. З правядзеннем “Дажынак” у Маладзечне дырэктар гэту замену не звязвае.

Тое, што ў генплане забудовы Маладзечна прадугледжанае перанясенне рынку на новае месца, пацвердзіў для “РГ” галоўны архітэктар раёна Юры Гапоненка. Аднак, паводле яго слоў, прадпрымальнікам не варта турбавацца:

– Сёння мы маем законнае права перанесці рынак. Але, каб яго пераносіць, спачатку трэба знайсці інвестара, які б заплаціў за абсталяванне новай пляцоўкі, выплаціў кампенсацыю тым, у каго выкупленыя месцы на цяперашнім рынку. Такога інвестара пакуль няма, і калі ён з’явіцца – невядома. Гэта перспектыва аддаленая.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.