Старажылы пасёлка расказалі, што ўзводзіць яго пачалі адразу, як прыступілі да будаўніцтва вадасховішча: трэба ж недзе жыць такой колькасці людзей. У 1971 годзе, успамінае галоўны інжынер ПМК-88 Мікалай Качан, здалі першыя так званыя “фінскія” домікі – зборна-шчытавыя, абліцаваныя цэглай. Назвалі мікрараён пасёлкам імя Касманаўтаў. І вуліцам далі адпаведныя назвы – Церашковай, Касманаўтаў, Сонечная.

Але для віляйчан ён хутка стаў Шанхаем: аддалены (на той час) ад горада раён, туды спачатку нават аўтобусы не хадзілі, на работу дабіраліся пешшу.

Будавала пасёлак ПМК-88. Так званым гаспадарчым спосабам – для сваіх жа работнікаў. Халасцякі жылі ў інтэрнаце ПМК, у домікі засяляліся толькі сямейныя.

“Халаднавата там было, – успамінае апальшчык Аляксей Дземідовіч, які ў пачатку 70-х працаваў на скрэперы. – Самі разумееце – шчыты, абкладзеныя ў адну цагліну. А мой дом яшчэ і крайні ад Куранца – на сямі вятрах, лічы. Была печка кахляная, гатавалі на пліце. Пасля я зрабіў сабе паравое ацяпленне – стала лепш. Нават пераязджаць адтуль не хацеў. Але дзеці былі малыя, ды жонка лічыла, што лепш у шматкватэрным доме. Як атрымалі трохпакаёвую кватэру ў “пяціпавярховіку”, то перасяліліся”.

Пазней у пасёлку з’явіліся “пяціпавярховікі”.

У мікрараёне ад самага пачатку былі і магазін, маленькі прадуктовы, і свой дзіцячы сад. У яго вадзілі сваіх дзяцей будаўнікі вадасховішча.

“Двое маіх дзяцей, Валянцін і Кацярына, у яго адхадзілі. Нават унука Ілью я туды вадзіла”, – расказала галоўны бухгалтар ПМК-88 Тамара Ляошка. Яна прыйшла працаваць бухгалтарам у 1975 годзе. Спачатку, як незамужняя, жыла ў інтэрнаце. Пасля, калі мікрараён разбудаваўся, атрымала кватэру.

Сад і цяпер працуе. Спачатку ён быў ведамасны, цяпер, як і іншыя, – на балансе аддзела адукацыі. Але ПМК па-ранейшаму аказвае яму шэфскую дапамогу. Інжынер-энергетык ПМК-88 Юры Дарашкевіч расказаў, што прадпрыемства на юбілеі сада кожны раз стараецца зрабіць добры падарунак – пыласос ці магнітафон.

Сад працуе і цяпер.

Жыхары пасёлка зрабілі сквер, пасярод яго – танцпляцоўку. Там адзначалі святы, у тым ліку і Дзень будаўніка. “Увогуле жылі весела – усе ж маладыя былі. На Новы год збіраліся каля ёлкі, карагоды вадзілі”, – успамінае Тамара Ляошка.

Танцпляцоўка даўно не дзейнічае. А сквер захаваўся: дрэвы сталі вялікія, лавачкі стаяць – ёсць дзе пагуляць з малымі дзецьмі.

Ад танцпляцоўкі ў скверы застаўся толькі падмурак.

Жанчын у ПМК працавала мала, калектыў быў пераважна мужчынскі – кранаўшчыкі, бульдазерысты, вадзіцелі… Ім цяпер па 60-70 гадоў, але яны, па словах Тамары Ляошкі, сустракаючыся, успамінаюць сваё ПМК, цікавяцца, як там ідуць справы.

Большасць першых жыхароў пасёлка імя Касманаўтаў так і засталася там жыць. Маладыя спецыялісты стварылі сем’і. З цягам часу, у 80-х гадах, шмат каму далі жыллё ў шматкватэрных дамах, што ўзвялі побач. У “фінскія” домікі засяліліся іх калегі. Некаторыя там і цяпер жывуць: хтосьці дах перакрыў, хтосьці мансарду зрабіў, вокны памяняў. Каля 70% жыхароў прыватызавалі свае дамы.

Дом невысокі, з суседкай можна пагаварыць і праз акно.

Цяпер моладзь Шанхая ведае пра будаўніцтва Вілейскага вадасховішча толькі з аповедаў старэйшых. А для малых дзяцей, унукаў будаўнікоў, яно і мікрараён, у якім яны жывуць, існавалі заўсёды.

На вуліцах мікрараёна.

“Мы расказваем моладзі, як што будавалася. А я і цяпер памятаю дарогу, абсаджаную бярозамі, якая пайшла пад ваду. Па ёй аўтобус у Вілейку хадзіў. Як выязджаў на брук, яго трошкі падкідала – дыг-дыг-дыг”, – успамінае Тамара Ляошка.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.