Два жыхары Алёхнавічаў затрыманыя ноччу ў панядзелак, 20 чэрвеня, у бары на аўтазаправачнай станцыі, што недалёка ад вёскі Дзякшняны Радашкавіцкага сельсавета. Маладыя людзі не падпарадкаваліся патрабаванням міліцыянераў.

Праверку па факце здарэння распачала пракуратура. Следчы следчага аддзела пракуратуры Мінскай вобласці па Маладзечанскім раёне Сяргей Сяляўка расказаў у інтэрв’ю “РГ”: у бары аўтазаправачнай станцыі на пачатку першай гадзіны ночы адпачывалі дзве кампаніі маладых людзей – з Радашкавічаў і Алёхнавічаў. Хлопцы былі нецвярозыя.

У бар зайшлі два ўчастковыя інспектары Радашкавіцкага аддзялення міліцыі. Ім здалося, што паміж кампаніямі можа здарыцца канфлікт. Яны зрабілі маладым людзям заўвагу. У адказ вартавыя парадку ад алёхнавіцкіх хлопцаў пачулі лаянку. Падчас затрымання дэбашыраў адзін з іх парваў міліцыянеру форменную сарочку і вырваў гузік.

Па словах Сяргея Сяляўкі, затрыманыя прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Ці быў у іх дзеяннях састаў крымінальнага злачынства, высветліць пракуратура падчас праверкі.

Сяргей ЗЯНЬКО.