Больш за палову фінансавання сёлетніх “Дажынак” у Маладзечне, а гэта звыш 370 мільярдаў рублёў, ужо асвоена. Пра гэта сказаў у аўторак намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юры Байтаз удзельнікам выязнога семінара з Мядзельскага раёна.

У семінары ўдзельнічала каля 40 работнікаў мясцовых Саветаў, райвыканкама, прадстаўнікоў гаспадаркі, культуры, адукацыі Нарачанскага краю. Адным з пунктаў насычанай праграмы было азнаямленне з ходам падрыхтоўкі да “Дажынак”.

Лядовы палац

Лядовы палац – адзін з цэнтральных аб’ектаў асенняга фэсту. Тут, па словах Юрыя Байтаза, выканана работ больш чым на 50 працэнтаў. Палац набывае канчатковыя абрысы.

Наведнікаў прыме басейн з элементамі аквапарку з чашай на тры дарожкі даўжынёй 25 метраў. Узводзяцца некалькі вадзяных горак, што павінны ўпадабаць не толькі дзеці Маладзечна і раёна, але і маленькія госці Маладзечаншчыны. У комплекс палаца ўваходзіць шматфункцыянальная спартыўная зала на 300 глядацкіх  месцаў. Яна разлічаная на валейбол, міні-футбол, баскетбол і іншыя “зальныя” віды спорту.

Лядовая арэна – асноўная частка. Арэна прыме 2800 гледачоў. Для параўнання, у Салігорску аналагічнае збудаванне можа прыняць не больш  за 1860 гледачоў.

Цэнтральная плошча

Галоўная плошча горада амаль гатовая:

– 9 мая, кажа Юры Байтаз, – на плошчы адбыўся мітынг. Да 9 мая будаўнікі змаглі зрабіць участак Вялікага Гасцінца, участак вуліцы Машэрава, вуліцу Маркава. Цэнтральная частка па гатоўнасці ў прынцыпе праглядваецца.

Рэканструююцца ўсе збудаванні на Цэнтральнай плошчы. Будынак політэхнічнага каледжа прызнаны мастацкай і архітэктурнай каштоўнасцю:

– Фасад абнаўляюць, – патлумачыў гасцям Юры Байтаз.– Ён, калі памятаеце, быў амаль чорны… Яго “адпескаструілі”, і той зазіхацеў.

У бок па вуліцы Віленскай ужо пераробленыя амаль усе дахі. Перарабляецца пешаходная вуліца імя Прытыцкага. Работа на плошчы ідзе з апярэджаннем графіка. Задача – за ліпень ужо мець тут фантан. Зробленая трубная разводка. Цяпер рабочыя бетануюць аснову пад чашу.

Амфітэатр – цэнтральнае месца “Дажынак”

Сярод праектантаў і арганізатараў свята нейкі час таму ішла спрэчка, дзе праводзіць асноўныя мерапрыемствы.  На сёння шалі схіліліся на карысць амфітэатра, які размесціцца ў парку побач са штучным вадаёмам. Ён таксама ствараецца цяпер і зможа прыняць каля трох тысяч гледачоў.  Гэта палова таго, што можна прыняць віцебскі амфітэатр на “Славянскім базары”.

Збудаванне каштуе больш за 20 мільярдаў. Толькі на рэканструяванне энергетыкі пайшло больш за два мільярды рублёў.

Каробка амфітэатра гатовая. На зямлі ідзе зборка металічнага купала. Да 1 жніўня будаўнікі завершаць узвядзенне амфітэатра. А 26-28 жніўня ён прыме Нацыянальны фестываль песні і паэзіі “Маладзечна”  “з поўнай выкладкай”.

Фінансаванне

Па ўсіх асноўных аб’ектах фінансаванне на кантролі ў старшыні аблвыканкама Барыса Батуры.

Толькі каштарыс Лядовага палаца – 145 мільярдаў рублёў. На гэты час прафінансавана больш за 70 мільярдаў. Юры Байтаз спадзяецца, што па гэтым аб’екце будзе эканомія сродкаў.

На амфітэатры папярэдняя аплата складае каля сямі мільярдаў, на палацы – каля 30.

– Нам пашчасціла, – зазначыў Юры Байтаз, – што амаль усе камплектуючыя мы закупілі да змянення курсавой розніцы. Тыя сумы, якія асвоеныя ўжо ў Маладзечне, а гэта больш за 370 мільярдаў рублёў, у Лідзе і Кобрыне асвойваліся прыкладна ў верасні. Канешне, у сувязі з эканамічнымі праблемамі нейкія карэкціроўкі будуць, але невялікія. Мяркую, што па ўсіх крыніцах фінансавання мы асвоім 550 – 600 мільярдаў.

Праблем з фінансаваннем “Дажынак”, па словах Байтаза, няма.  Прадаўжаецца крэдытная лінія на “Дажынкі” на 50 мільярдаў рублёў:

– Тут нейкія чуткі пайшлі, што будаўнікі раз’ехаліся, грошы скончыліся. Нічога не скончылася, усё ў нас добра.

Мікола ГАЙДУК.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.