На некаторых вуліцах Радашкавічаў абмялелі калодзежы, але мясцовыя жыхары не спяшаюцца аб’ядноўвацца ў кааператыў і наладжваць цэнтралізаванае водазабеспячэнне.

Калодзежы абмялелі вясной. “Адну сцірку зробім – і па вадзе, – расказала ў інтэрв’ю “РГ” гаспадыня аднаго з дамоў па вуліцы Трэцяга ліпеня. – Але ж зусім без кроплі вады не сядзім – есці зварыць ёсць на чым. Праўда, агарода не паліць”.

Паменела вады і на прылеглых вуліцах. Адна з работніц школы-інтэрната расказала, што агарод патрабуе вялікай колькасці вады. А на Дубраўскай, дзе яны яе бяруць, пасля 12-16 вядзёр за раз можна дастаць толькі паўвядра. “Бывае, да іншага калодзежа ходзім – там таксама з вадой здараюцца перабоі”, – расказала жанчына.

Яшчэ ў адным доме па вуліцы Трэцяга ліпеня вады таксама паменела, але яго жыхары не вельмі перажываюць з гэтай прычыны. “У нас вада мелаваная – мутная, як кіпіць, шмат пены. Для піцця, лічым мы, непрыгодная. Нават бялізну ў ёй не мыем, толькі посуд. Але мы тут толькі на час адпачынку. А маме, ёй 80 гадоў, прывозім у бачку. Таксама бываюць праблемы: не кожны гаспадар хоча даваць ваду, некаторыя замыкаюць свае калодзежы, як ідуць на работу”, – расказала дачка гаспадыні.

Гэтай вадой толькі посуд мыюць.

Гэты калодзеж гаспадары замкнулі.

Увогуле прапала вада каля дома №12. Гаспадыню суседзі называюць цёцяй Любай. Яна на пенсіі, муж памёр, давялося наймаць людзей, каб пачысцілі калодзеж. “Каб муж быў, ён бы сам усё зрабіў, але няма яго ўжо. У 1974-м, як пабудаваліся, першы год вада у склепе стаяла. А вось сёлета не стала. Прыйшла набраць вады – матор не працуе. Глянула ўніз – жоўценькі пясочак. Вядро на пяску стаяла. Два тыдні без вады была – суседзі пускалі да сябе. Але зрабілі і дзякуй Богу. Добра зрабілі”, – расказала цёця Люба.

Яе калодзеж паглыбілі і зацэментавалі пляцоўку каля яго. У першыя дні ваду часта адкачвалі, пакуль яна пачысцела. Цяпер жанчына задаволеная: ёсць і чым агарод паліць, і на чым ежу зварыць.

Калодзеж цёці Любы паглыбілі і зацэментавалі пляцоўку каля яго.

Абмяленне калодзежаў мясцовыя жыхары звязваюць з меліярацыйнымі работамі на полі за вуліцамі Максіма Танка і Трэцяга ліпеня: можа, жылу перарэзалі.

Меліярацыя каля Радашкавічаў.

Між тым спецыялісты не могуць адназначна сказаць, чаму знікла вада.

– Калі вада сышла, спецыялісты, можна сказаць, разгубіліся. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм ніякіх новых каналаў не робіць, а паглыбляе і ачышчае сістэму, якая даўно існавала. Так што адназначна звязваць абмяленне калодзежаў з меліярацыяй нельга. Колькасць вады магла зменшыцца і з-за ўзросту калодзежаў – ім ужо больш за 30 гадоў. Магчыма, запясочыліся, – патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” старшыня Радашкавіцкага пасялковага Савета дэпутатаў Вера Сіманава.

Яна расказала, што жыхарам пацярпелых вуліц прапаноўвалі некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Можна, напрыклад, самастойна пачысціць і паглыбіць калодзежы ці заказаць гэтую паслугу ў водаканала. На суседняй вуліцы ёсць водаправод. Можна аб’яднацца ў кааператыў, за ўласныя сродкі падрыхтаваць праект і наладзіць цэнтралізаванае водазабеспячэнне.

– Ёсць шмат розных спосабаў, якія мы абмяркоўвалі з людзьмі на сходах, – сказала Вера Сіманава. – Пасялковы савет гатовы дапамагчы, напрыклад, у арганізацыі кааператыва.

Але з усіх агучаных варыянтаў жыхары Радашкавічаў выбіраюць даўно вядомы, правераны стагоддзямі – чысцяць калодзежы самі ці наймаюць на гэтую работу іншых людзей.

“У суботу збіраемся чысціць калодзеж. У хаце – пяць чалавек, а вады мала”, – сказала ў размове з карэспандэнтам адна з жыхарак вуліцы Трэцяга ліпеня.

Аб’ядноўвацца ў кааператыў людзі не спяшаюцца: рыхтаваць праект і пракладваць водаправод трэба за ўласныя грошы. За бюджэтныя сродкі гэта робіцца толькі ў новых забудовах, а гэта вуліца забудоўвалася больш за 30 гадоў таму.

Па словах Веры Сіманавай, магчыма, дапаможа Маладзечанскі райвыканкам.

– Мы накіравалі у райвыканкам ліст, у якім апісваем праблему і просім дапамагчы ў яе вырашэнні, бо пацярпелі ў асноўным пенсіянеры, якім цяжка аплачваць пракладанне і праектаванне водаправода. Наша пытанне – на стадыі абмеркавання, – сказала яна.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.