Водныя перакаты, фантаны з рознакаляровым падсветам і  рыбкі ў вадаёме − усё гэта з’явіцца ў гарадскім парку.

Рабочыя салігорскай падраднай арганізацыі “Трэст Шахтаспецбуд” укладваюць гідраізаляцыйны слой у вадаёме №1 ў гарадскім парку.

Як расказала галоўны інжынер праекта “Рэканструкцыя парку” Надзея Гапоненка, гідратэхнічнае збудаванне ў парку Перамогі складаецца з вадаёма №1, які бліжэй да Вялікага Гасцінца, і вадаёма №2, які будзе мясціцца за амфітэатрам. Паміж сабой вадаёмы злучыць ручай з выгібамі і чатырма фантанамі з падсветамі ўсяго колеравага спектра. Вада ў ім будзе ліцца па прыступках.

На першым плане – аснова будучага вялікага фантана. Рабочыя ўкладаюць гідраізаляцыйны слой перад “Востравам закаханых”.

На вадаёме №1 размесціцца “Востраў закаханых” з ратондай у цэнтры. Да вострава пракладуць пераходны мост. Яшчэ дзве ратонды паставілі на беразе. У гэтым вадаёме зробяць вялікі фантан. Вонкавыя струмені фантана будуць празрыстыя, а ўнутраныя − падсвечаныя рознымі колерамі.

Вадаём №2 больш буйны па памерах. З вуліцы Багдана Хмяльніцкага ўстановяць каскаднае збудаванне. У цэнтры размесцяць “Птушыны востраў”, на якім пасадзяць дрэвы і кусты. Праходу да гэтага вострава не будзе. Тут запланаванае паглыбленне для зімавання рыбак.

− На вадаёме №1 зараз укладваем гідраізаляцыйны слой, − расказвае майстар ААТ “Трэст Шахтаспецбуд” Міхаіл Шагун. − Ён будзе надзейны: два слаі гідраізаляцыйнай плёнкі плюс біяпалатно. Паралельна рабочыя робяць падпорную сцяну. Мяркую, аб’ект атрымаецца цудоўны.

Майстар ацэньвае, што да канца ліпеня рабочыя справяцца з работамі на самім вадаёме, потым будуць займацца ўладкаваннем тэрыторыі. Трэба пракласці дарожкі, усталяваць лавачкі і сістэму падсвечвання ўсіх аб’ектаў гідратэхнічнага збудавання.

На вадаёме №2 цяпер рыхтуюць чашу катлавана, працуюць з адхіламі.

Рабочыя мінскай субпадраднай арганізацыі “Мікомпані” займаюцца арміраваннем і заліваюць бетонам дно будучага ручая.

− Заліваем бетонам дно ручая, робім арміраванне, − гаворыць бетоншчык мінскай субпадраднай арганізацыі “Мікомпані” Уладзімір Навіцкі. − Працуем да сямі ці паловы восьмага ў сувязі з вытворчай неабходнасцю. Затое вельмі прыгожа ў вас будзе.

Па словах Надзеі Гапоненкі, гідратэхнічнае збудаванне прадугледжанае на 27 тысяч метраў кубічных вады. Глыбіня вадаёмаў − да двух метраў. Водная сістэма будзе замкнёная, з сістэмай ачысткі і сілкаваннем з гарадской водаправоднай сеткі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Даведка “РГ”.

Ратонда − круглая ў плане пабудова, звычайна ўвянчаная купалам. Па перыметры ратонды, як правіла, размешчаныя калоны.

Арміраванне − узмацненне матэрыялу ці канструкцыі іншым матэрыялам.