Поўным ходам ідзе манціраванне корпуса даха амфітэатра. Пачаліся работы па добраўпарадкаванні.

− У самім будынку вядуцца аддзелачныя работы, − гаворыць прараб будаўнічай фірмы “Барыт” Дзмітры Каласоўскі. −  Амаль уставілі  вокны, займаемся дзвярамі, тынкуем пабудову знутры. Канструкцыя такая: два люстраныя па планіроўцы двухпавярховыя блокі з грымёркамі і санвузламі ў кожным, а паміж блокамі месціцца сцэна.

Фасад амфітэатра заканчваюць абкладаць пліткай. Гэта цяжкая праца, таму што кладка чорных бесер-блокаў незвычайная, з выступаючымі цаглінамі.

Цяпер будаўнікі займаюцца ўстаноўкай каркаса даху. Потым на каркас пакладуць калзіп серабрыстага колеру. Падлогу сцэны зробяць з лістоўніцы.

Па словах Дзмітрыя Каласоўскага, усе матэрыялы падабраныя так, каб маглі добра вытрымліваць атмасферныя ападкі, не паддавацца карозіі.

Вядуцца работы і па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля будынка. Ад яго будуць ісці дарожкі з зонамі адпачынку – паўкруглымі адгалінаваннямі з лаўкамі і сметніцамі. Для смецця паставяць яшчэ кантэйнер каля амфітэтра.

Пляцоўку за будынкам, дзе раней была клумба, выкладуць пліткай шэрага, жоўтага, чорнага, белага колераў.

Будаўнікі займаюцца бетанаваннем прыступак глядзельнай залы на тры тысячы месцаў, потым іх абліцуюць тратуарнай пліткай. Месцы для сядзення паставяць пластыкавыя, розных колераў. У канцы залы ўладкуюць віп-ложу.

Каля амфітэатра плануецца зрабіць тры аўтастаянкі. Ля самога будынка – для спецтранспарту, а для наведнікаў – збоку ад глядзельнай залы і адразу за ёй.

− Амфітэатр спраектаваны ў цёмных, шэра-чорных тонах, − расказвае Дзмітры Каласоўскі. – Дзякуючы гэтаму ўвечары атрымаецца цудоўны эфект свячэння сцэны, усё дзеянне на ёй будзе больш выразным.

− Асаблівых складанасцей у працы над гэтым аб’ектам няма, − гаворыць трубаўкладчык будаўнічай фірмы “Барыт” Дзмітры Бекінг. – Але работы хапае да вечара. Затое ўжо відаць, як тут будзе незвычайна. Хочацца ўжо як мага хутчэй схадзіць на першы канцэрт.

Тэрмін здачы аб’екта – 31 ліпеня. Потым амфітэатр пераходзіць ва ўласнасць Палаца культуры, які будзе займацца пытаннямі гукавога і светлавога афармлення сцэны.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Даведка “РГ”.

Бесер-блок – сучасны будаўнічы матэрыял, які вырабляюць шляхам вібрапрасавання сумесі на аснове цэменту і пяску.

Калзіп – лёгкія стальныя канструкцыі для пакрыцця даху.