У чэрвені вядомая мастачка і дызайнер Заходняй Еўропы, якая вырасла ў Вілейцы, Вольга Гуськова наведала Беларусь праз дзевяць гадоў пасля свайго апошняга візіту.

У 22 гады яна пазнаёмілася з бельгійцам, які прапанаваў выйсці за яго замуж. Умовы былі адназначныя. Калі згодная, то з’язджаць неабходна было неадкладна.

Хаця ў Вольгі заставаліся апошнія тыдні вучобы ў Акадэміі мастацтваў, дзяўчына эмігрыравала.

“Пачынаць заўсёды цяжка”

У Бельгіі яе чакала нараджэнне сына, развод, другое замужжа за выхадца з Босніі і Герцагавіны, нараджэнне дачкі.

Неабходна было таксама думаць і аб прафесійным развіцці. Спачатку пачала вучыць фламандскую мову, падвучваць англійскую.

− У Бельгіі добра арганізаваная падтрымка чалавека, які шукае сябе, −  расказвае Вольга. − Безліч самых разнастайных курсаў, выплачваецца годная дапамога па беспрацоўі тым, хто працаваў на поўную стаўку не менш за паўтара года. Каб атрымаць магчымасць добра зарабляць, давялося пабегаць па курсах, шукаць работу, працаваць на імя. Пачынаць заўсёды цяжка.

Вольга пачала працаваць фрыланс над дызайнам віншаванак і працягвала маляваць. Зразумела, што найбольш ёй падабаецца ствараць вобразы жанчын. Калі вучылася ў Акадэміі мастацтваў, ніколі не атрымлівалася разлічыць памер галавы, і лоб цалкам не змяшчаўся. За гэтае парушэнне канонаў на студэнтаў моцна сварыліся. Цяпер Вольга знарок малюе так, каб галава ў карціну цалкам не змяшчалася.

У бельгійскім горадзе Генце штогод ладзілася выстава “Het Kunstsalon van Gent” (“Мастацкі салон Гента”), у якой могуць прыняць удзел толькі жыхары горада. І Вольга паставіла мэту прыняць у ёй удзел. Першы раз яе працы не прынялі.

− Тады сабрала волю ў кулак і пачала працаваць удвая, − дзеліцца Вольга. − На наступны год я прынесла тры работы. У адборы  ўдзельнічала больш за тысячу мастакоў, і кожны прынёс да трох прац − карціны, інсталяцыі, відэа, скульптуры. Адабралі 70 работ, а з іх − дзве мае. Гэта для мяне было вялікім гонарам.

Дэкрэтны адпачынак у Бельгіі доўжыцца толькі чатыры месяцы. Па заканадаўстве жанчына можа выбіраць, ці працягваць дэкрэтны да шасці месяцаў дзіцяці, ці адпачываць за кошт нявыкарыстанага дэкрэтнага ў любы час да 12-годдзя дзіцяці. Вольга пайшла ў другі дэкрэтны на паўгода, але не пераставала працаваць: пакуль будзеш займацца адной гаспадаркай, заказчыкі могуць пра цябе проста забыць.

“Сумую па сапраўдным вілейскім лесе”

У Беларусі Вольга не была дзевяць гадоў. Калі прыехала, адразу пачаставалася пірагом з капустай. Расказвае, што розніца ў кухнях народаў адчувальная. Першы муж навучыў, што бульбу трэба варыць толькі з мускатным арэхам. Атрымлівалася вельмі смачна. Але абставіны склаліся так, што пара разышлася, і яна больш ніколі не варыла бульбу з мускатным арэхам.

Расказвае, як аднойчы купіла дзве ўпакоўкі па 500 грамаў клубніц і заявіла, што ўсё з’есць. Муж нават спужаўся: “Цябе ж высыпле!” Але Вольга  толькі засмяялася і адказала, што ў яе бацькоў чатыры соткі зямлі былі клубніцамі засаджаныя, якія лёгка і бясшкодна з’ядаліся.

Былі з цяперашнім мужам Энсарам спрэчкі наконт салаты “Аліўе”. У Босніі ў “Аліўе” дабаўляюць сыравэнджанае мяса, але мужу давялося прыняць, што ў гэтай салаце павінна быць толькі вараная кілбаса.

− У Бельгіі мне здавалася, што ў нас надзвычай шмат машын, − параўноўвае мастачка. − Але як прыехала ў Беларусь, то зразумела − гэта ў вас машын шмат. І дамы такія вялізныя, я ад гэтага адвыкла. У нас такіх шматпавярховак няма. Мы, напрыклад, жывём у трохпавярховым доме.  Усе дамы шчыльна-шчыльна адзін да аднаго стаяць нават у цэнтры горада. Ну і паркі ў Бельгіі вельмі акуратныя і маленькія. Растуць у ім, напрыклад, суніцы. І ўсе імі любуюцца, адны мы з сям’ёй ядзім. Сумую па сапраўдным вілейскім лесе.

Вольга расказвае, што, дзе б ні вучылася − і ў вілейскай школе, і ў Мінску, − заўсёды былі па чатыры Олі ў класе. Таму сваім дзецям выбірала больш рэдкія імёны. Дачку назвала Яра Сафія Любава, а сына − Рудольф Хрыстафер Яраслаў.

Вольга мае двайное грамадзянства, у яе беларускі і бельгійскі пашпарты. У сына Рудольфа па законе РБ ёсць і беларускае грамадзянства. Каб пазбавіць сына ад воінскага абавязку ў Беларусі, Вользе неабходна аформіць ПМЖ у пашпарце.

− Сёлета я прыехала ў Беларусь адна, але вельмі хачу прыехаць з сям’ёй, паказаць Энсару Мінск, − гаворыць жанчына. − Сабрала паўчамадана фотаздымкаў і сваіх, і маміных. Яна таксама жыве ў Бельгіі, наймае кватэру. Завезла гасцінцаў − хлеба, глазураваных сыркоў, грыльяжу, які я вельмі люблю.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Вольгай ГУСЬКОВАЙ.