Пятніца. 12 гадзін дня. Акурат у гэты час у мяне пачынаецца абедзенны перапынак. Хапаю ў рукі сумку і, скарачаючы шлях, шыбую праз двары на рынак.

Бабульку, якая павольна-павольна, ледзь рухаючыся, ідзе насустрач, бачу здалёк. Маленькая, сухенькая, яна здаецца мне нейкай нямоглай і нясмелай. Часта спыняецца, глядзіць кожнаму прахожаму ўслед, ківае галавой.

“Хутка ў Амерыцы жыць будзем, – раптам гучна, каб усе чулі,  заяўляе яна. – Гэта ж трэба, старыя бабы апранаюцца як дзеўкі!”

“Старыя бабы” – гэта хутчэй за ўсё пра мяне і дзвюх жанчын, што ідуць спераду. У штанах да калена, рознакаляровых лёгкіх майках і блузках з вяровачкамі і матузкамі, мы, напэўна, здаёмся ёй такімі дзіўнымі і чужымі! Чамусьці адразу падумалася, што бабуля даўно не была ў горадзе. Жыла сабе дзе-небудзь у невялічкай вёсачцы, глядзела розныя замежныя фільмы па тэлевізары і думала, што ў капялюшыках ды ў кароткіх штанцах ходзяць толькі амерыканскія дзеўкі. А “старыя” беларускія бабы ва ўзросце 40 гадоў, носяць, як яна, чорныя доўгія спадніцы, сінія кофты, паркалёвыя квяцістыя хусткі.

У рэдакцыі бываліцу сустрэлі дружным смехам. А мне чамусьці ўспомніўся пакойны маскоўскі дзядзька, які, гадуючы ўнучку, ніяк не мог прывыкнуць да яе ўбораў. “Купіла сабе на рынку майку, – расказваў ён, – не адзежына, а распашонка нейкая – увесь пуп голы. Ні за што, кажу, у такой на вуліцу не пойдзеш, людзі засмяюць”. Унучка з 70-гадовым дзядулем не спрачалася. Дастала з шафы кофту ды пайшла сабе на заняткі. А вечарам ён ужо сам яе пакупку адобрыў. Бо, пагуляўшы дзве гадзіны ля магазіна, убачыў, што цяпер усе дзяўчаты так ходзяць.

Мода – як адзёр. Захоча, усіх у чырвоны колер размалюе. Чаго толькі мы за гэты час не насілі! Боты-панчохі, басаножкі-калодкі, джынсы “Мальвіны”. А памятаеце, з якім шыкам хадзілі па горадзе ўладальнікі дыпламатаў? У клёшных штанах, кашулях з доўгімі каўнярамі (асліныя вушы), чаравіках на платформе.

Памятаю і модны крымплен, з якога насілі сукенкі і касцюмы, тканіну з назвай сілон, абзавесціся якой, а пасля што-небудзь пашыць было вялікай раскошай. А джынсы? Аб іх жа марыў кожны школьнік! Першыя мне купілі ў дзявятым класе. За 120 рублёў. Гэта была цэлая месячная зарплата маёй маці, школьнай настаўніцы.

У 80-х у моду ўвайшлі сілуэты з шырокімі плячыма, чаравікі на шнуроўцы і капелюшы. Усемагчымыя! Ганяліся за імі як жанчыны, так і мужчыны. Амаль у кожнага вясковага дзядзькі ляжаў такі галаўны ўбор: на канцэрт у клуб схадзіць, у госці ці на якую патрэбу. Як сёння стаіць перад вачыма карціна. Вечар, сваякі збіраюцца ў суседнюю вёску на вяселле. Жанчыны ўсе з завіўкамі, у туфлях на шырокіх абцасах, шаўковых квяцістых сукенках. Мужчыны пад гальштукамі, у капелюшах. Смешныя такія, непрывычныя. Яны б і самі з задавальненнем паздымалі тыя кацялкі з галоў. Дык не пойдзеш жа, як які “калгаснік”, праз усю вёску ў кепцы. У гасцях яны тыя капелюшы скінуць, а там ужо няхай жонкі разбіраюцца, дзе чый. Было ўжо такое, пасля хрэсьбінаў мо, месяц па хатах насілі. Так гаспадара і не знайшлі. Хлопчык, якога хрысцілі, сам ужо бацькам стаў. Як прыязджае ў вёску, у тым капелюшы кароў адпасвае. Трывалы, зараза, трапіўся. Няйнакш імпартны, амерыканскі…

Марына СЛІЖ.