Рамонт даху ў доме №58 па Вялікім Гасцінцы пачаўся ў лютым. Тэрмін заканчэння работ быў прызначаны на сакавік. На двары ліпень, а жыхары трохпавярхоўкі ўсё яшчэ без даху над галавой. Таксама без шпалераў, з набухлай ад вільгаці мэбляй і расстаўленымі па ўсёй кватэры тазікамі.

Мікалай і Таццяна Міжыгурскія, гаспадары кватэры №10 на трэцім паверсе, сваё жыллё без нагляду не пакідаюць ніколі. У любы момант можа пачацца дождж, і трэба будзе змагацца з вадой. Неяк збіраліся з’едзіць у ягады, але пасля дажджу замкнула праводку, перасталі працаваць бытавыя электрапрыборы. А дзе ты будзеш захоўваць ягады без халадзільніка?

Мікалай Міжыгурскі, гаспадар кватэры №10 у доме №58 па Вялікім Гасцінцы, спіць у кладоўцы.

Уся мэбля ў іх кватэры закрытая кляёнкамі, электрапрыборы схаваныя ў шафы. Там жа стаіць і тэлевізар. Галоўнымі прадметамі інтэр’еру сталі тазікі і слоікі. Свой ложак гаспадары паставілі ў кладоўку − адзінае месца, дзе на іх ноччу не капае вада.

− Нявестка прапаноўвала да яе пакуль пераехаць, − гаворыць Мікалай Міжыгурскі. − Але хто ж тады ваду з тазікаў выліваць будзе?

У кватэры яго суседкі па лесвічнай пляцоўцы, пенсіянеркі Раісы Караказавай, тая самая карціна. Праўда, жанчына знайшла больш-менш бяспечнае месца для ложка ў спальні. Затое абедае на падаконніку.

Пенсіянерка Раіса Караказава абедае на падаконніку, бо на кухонны стол валіцца тынкоўка.

− Неяк мы з дачкой былі на кухні. Толькі выйшлі, як чуем, штосьці бахнула. А гэта тынкоўка са столі, − расказвае гаспадыня. − Цяпер баюся там есці, нясу ежу на падаконнік у спальню і там харчуюся. Па шпалерах пайшла цвіль, з люстры ў зале паздымала плафоны, дастала лямпачкі, яна неяк ледзь не звалілася.

Калі кватэры мокнуць толькі пасля дажджу, то ў пад’ездзе вада капае суткамі і амаль ніколі не высыхае.

− Толькі з райвыканкама прыйшла, − паведаміла дачка Раісы Караказавай Таццяна Юшчук. − Абяцалі на наступным тыдні заняцца дахам. І рамонт ў кватэрах за кошт “Камунальніка” зрабіць. Пажывём – пабачым.

Па інфармацыі домакіраўніцтва №1, да якога адносіцца гэты дом, у лютым да рамонта даху прыступіла магілёўская фірма “Сервістэхкампанія”. Магілёўскія работнікі не спраўляліся з працай, таму падрадчыка замянілі на маладзечанскае ТДА “Энкі-буд” у канцы чэрвеня.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.