Суд Валожынскага раёна 19 ліпеня вынес прыгавор 35-гадоваму жыхару Мінска, які праз Інтэрнэт знаёміўся з жанчынамі, уступаў з імі ў блізкія адносіны, а пасля абкрадаў. У судзе было даказана два эпізоды злачынстваў.

Абвінавачаны раней тройчы быў судзімы. У тым ліку, за крадзяжы, расказаў у інтэрв’ю “РГ” памочнік пракурора Валожынскага раёна Андрэй Жукоўскі. Паводле яго слоў, кожная з пацярпелых жанчын старэйшая за зламысніка больш, чым на 10 гадоў.

У першым выпадку мужчына ў Мінску з кватэры сваёй ахвяры вынес 1 мільён рублёў. Другая ахвяра злодзея аказалася больш заможнай. На яе дачы ў садовым таварыстве “Світанак-1993”, што ля вёскі Палікшты Ракаўскага сельсавета, захоўваліся залатыя ўпрыгожванні.

Іх абвінавачаны і забраў. Золата – на суму 17 мільёнаў 659 тысяч рублёў. У судзе першая жанчына даравала свайму крыўдзіцелю і прасіла строга яго не караць. Можа, таму, што грошы ён вярнуў. Другой жанчыне золата не было вернута, і яна заявіла іск на кампенсацыю нанеснай шкоды.

Суд вынес прыгавор – два гады пазбаўлення свабоды ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. На працягу дзесяці дзён ад моманту вынясення прыгавора абвінавачаны можа яго абскардзіць, а пракуратура – апратэставаць у суд Мінскай вобласці.

Сяргей ЗЯНЬКО.