Дыспетчар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Альфер расказаў у інтэрв’ю “РГ”: работнікі Вілейскага раёна электрасетак за дзве гадзіны аднавілі работу 23 падстанцый. Апошняя пачала працаваць раніцай.

Па дадзеных сіноптыкаў Вілейскай метэастанцыі, стыхія бушавала ад 23 гадзін 20 хвілін 21 ліпеня да 2 гадзін 45 хвілін 22 ліпеня. За гэты час выпала 21,3 міліметра ападкаў.

Па словах Уладзіміра Альфера, за гэты час моцны вецер і дождж паспелі пашкодзіць тры цэхі малочнатаварнай фермы, два цялятнікі, сенасховішча, склад будаўнічых матэрыялаў і секцыю для ўтрымання цялят сельгаспрадпрыемства “Вязынскае агра”.

Раніцай у райвыканкаме сабралася камісія па надзвычайных сітуацыях. Уладзімір Альфер сёння ў 10 гадзін 30 хвілін расказаў нашаму выданню: у “Вязынскае агра” выехалі намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Раманоўскі і начальнік аддзела па арганізацыі мабільнай работы сакрэтнага справаводства, аховы інфармацыі і грамадзянскай абароны райвыканкама Віктар Казінец.

Яны падлічваюць шкоду, нанесеную стыхіяй, вызначаюць тэрміны ліквідацыі наступстваў навальніцы.

Ні ў райвыканкам, ні ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, па словах Уладзіміра Альфера, з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Вілейскага раёна не паступалі паведамленні пра пашкоджанне пасеваў.

Начальнік Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Грынь расказаў нашаму выданню: у Маладзечанскім раёне стыхія вялікай бяды не нарабіла. Дахі будынкаў засталіся на сваіх месцах. На непрацяглы тэрмін знікла электрычнаць у 16 вёсках Красненскага і Чысцінскага сельсаветаў. Пашкоджанні хутка ліквідавалі.

Па словах інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду Валожынскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алёны Корсакавай, толькі адно дрэва ўпала ў вёсцы Пакуці Івянецкага сельсавета. Іншых здарэнняў не было.

У Крэве Смаргонскага раёна разрад маланкі падпаліў паветку на прыватным падворку. Згарэлі дах і перакрыцці, агнём закураныя сцены, паведаміў “РГ” начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Шыхалёў. Таксама без святла часова засталіся вёскі Наваспаск, Сялец і Суцькава.

У Мядзельскім, Ашмянскім і Астравецім раёнах, па інфармацыі райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях, стыхія сур’ёзных праблем не стварыла.

Сяргей ЗЯНЬКО.