Свята рыбы адсвяткавалі на Мястра ў суботу, 23 ліпеня, дзе і выбралі лепшага рыбака.

Мерапрыемства пачалося з конкурсу на лепшага рыбака, які стартаваў а 10 гадзіне. Амаль паўсотні прэтэндэнтаў з розных куткоў Беларусі сабралася на возеры. Хто спінінгаваў, хто лавіў вудай. Спаборнічалі і падлеткі, і пенсіянеры.

Дзмітры Станчык каля свайго прыза – надзіманай лодкі.

Па словах начальніка па фізкультуры, спорце і турызме Мядзельскага райвыканкама Анатоля Крыштафовіча, за пяць гадзін рыбалкі найбольш налавіў карэнны мядзяльчанін Дзмітры Станчык − 9 кілаграмаў 400 грам рыбы. Пераможца атрымаў прыз − надзіманую лодку.

Пасля ўзнагароджання госці пакаштавалі свята на смак. На беразе Мястра раскінуўся пашыраны гандаль рыбай і рыбнымі стравамі. Найбольшай папулярнасцю карысталася нарачанская юшка.

Гледачоў парадавалі відовішчнае шоу авіябайкераў, выступленне артыстаў, феерверк, гульнёвыя праграмы. Для маладых гледачоў цікавым было выступленне ўдзельнікаў моладзевага цэнтра з Жодзіна, якія прадэманстравалі сваё майстэрства ў брэйк-дансе, хіп-хопе і бітбоксінгу.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Таццяны НЕСЦЯРЭНКІ.