Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч наведаў Маладзечна і Ракаў у суботу, 23 ліпеня.

− У цэлым прэм’ер-міністр адобрыў ход падрыхтоўкі да “Дажынак”, − расказвае намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама па эканоміцы, фінансах і прамысловасці Наталля Нікіценка. − Аднак атрымалі і заўвагу. Неабходна больш падключаць грамадскасць. Самі жыхары павінны ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні таго месца, дзе яны жывуць: прыбраць пад’езд, упрыгожыць балкон ці двор кветкамі.

Наталля Нікіценка падкрэсліла, што за апошні месяц да добраўпарадкавання ў горадзе падключылі 2,5 тысячы жыхароў. У тым ліку, 60 працаўнікоў з маладзечанскіх арганізацый штотыдзень адпраўляюцца на работы па добраўпарадкаванні ў свой рабочы час. Індывідуальныя прадпрымальнікі ўдзельнічалі ў рэканструкцыі аб’ектаў, з якімі звязаны іх бізнес.

Міхаіл Мясніковіч даў станоўчую ацэнку архітэктурным аб’ектам, на якіх пабываў: спартыўна-забаўляльнаму комплексу, амфітэатру, воднай сістэме ў парку.

Перад тым, як ацаніць падрыхтоўку да “Дажынак”, Міхаіл Мясніковіч наведаў лагістычны цэнтр у Ракаве, паведаміў намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Аляксандр Бразоўскі. Праект пабудовы гэтага цэнтра прадстаўляў летась Мінскую вобласць на Беларускім інвестыцыйным форуме падчас Еўрапейскага фінансавага тыдня ў Франкфурце-на-Майне.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Даведка “РГ”. Еўрапейскі фінансавы тыдзень − буйнейшы еўрапейскі форум у сферы банкаўскай справы і страхавання. У яго межах праходзяць спецыялізаваныя канферэнцыі. Асаблівая ўвага надаецца інтэграцыі еўрапейскіх фінансавых рынкаў.