Не ўсе пакупнікі ўпэўненыя ў якасці мяса на базары.

Адразу з рынку жыхарка Маладзечна Тамара Асіповіч прыйшла ў рэдакцыю “РГ”:

− Іду якраз з рынку, хацела мяса купіць, − расказвае абураная жанчына. − Але я проста не знайшла такога, якое мне было б не агідна есці. Гэта ж проста жах! Як зайшла ў лаўку, то проста дзіву далася. Ляжыць мяса абы-як, а над імі зялёныя мухі роем кружаць.

Падышла да аднаго прадаўца. Ляжыць на прылаўку кавалак мяса, ён таннейшы за астатнія, па 15 тысяч за кілаграм, увесь абсыпаны нейкімі спецыямі, кропам. У мяне нюх ужо слабы, я паклікала маладзейшых, каб панюхалі тое мяса. Прадавец як паднесла, то ажно я адчула, што смярдзіць.

Нехта скажа, што я грэбую, прыдзіраюся, добрае і такое. Але мне ў мясной лаўцы стала проста моташна. Чаму я павінна плаціць свае грошы за чарвівае мяса, на якім сядзяць мухі?

Цяпер лета, спёка. Навошта выкладаць усё мяса на прылавак? А калі і выкладаць, дык яго ж трэба накрываць нечым, а не даводзіць пакупнікоў да млоснасці.

Правярайце якасць

Аб тым, як павінна захоўвацца прадукцыя ў мясной лаўцы на рынку, гаворыць Таццяна Кугара, загадчыца аддзялення гігіены харчавання Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Сачыць за якасцю прадукцыі павінны тыя, каму належыць гэты гандлёвы пункт. Прылавак апрацоўваць дэзінфекцыйным растворам. На вокны, каб абмежаваць доступ насякомым, варта павесіць жалюзі. У мясной лаўцы мух быць не павінна. Прадаўцам варта карыстацца ліпучай стужкай ці электроннымі адпуджвальнымі прыстасаваннямі.

За выкананнем нормаў захоўвання мясной прадукцыі штодзённа сочыць ветэрынарная служба рынку. Прылаўкі, на якіх ляжыць мяса, ахаладжальныя.

Тым не менш, пакупніку варта прыглядацца да якасці тавару, які купляе. Калі ўзнікаюць сумненні ў якасці мяса, можна папрасіць паказаць  ветэрынарнае пасведчанне і сертыфікат якасці. Там вы знойдзеце дату вырабу і зробіце выснову, ці падыходзіць вам такое мяса.

У спякотныя дні мяса прадаецца да апоўдня. І каб тавар не псаваўся, і каб прадаўцам было лягчэй.

Наколькі я ведаю, падчас нашых праверак менавіта няякаснага мяса не было, хаця іншыя групы тавараў бракаваць даводзілася.

“Мяса ў нас заўсёды свежае”

Індывідуальная прадпрымальніца Алена Козел запэўнівае, што тавар у мясной лаўцы заўсёды свежы:

− Мяса ў нас заўсёды свежае. Галоўны сакрэт − нарыхтоўваем столькі, колькі зможам прадаць за дзень. На большы тэрмін мяса не захоўваем.

Тавар рыхтуем непасрэдна перад продажам, у кожнага прадпрымальніка з нашай лаўкі дома вялікія халадзільныя камеры. Раніцай прадукцыя праходзіць кляйменне. Кавалкі з кожнай тушы правярае санстанцыя пад мікраскопам, каб высветліць, ці можна гэтае мяса спажываць.

Самі прылаўкі санстанцыя дэзінфікуе. Акрамя таго, яны ахалоджваюцца да −2 градусаў. Працуе вентылятар. Мух у нас няма, але на вокнах усё адно вешаем ліпучыя стужкі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.