Пачатак другога круга чэмпіянату Беларусі па футболе для футбалістаў, трэнераў і балельшчыкаў маладзечанскай “Забудовы” пераносіцца. У нядзелю, 14 жніўня, нашы не згуляюць з мастоўскім “Нёманам”.

Па календары розыгрышу “Забудова” першы матч другога круга павінна была праводзіць на сваім стадыёне 14 жніўня з камандай “Нёман” (Масты). Аднак гэта гульня пераносіцца на 31 жніўня.

Галоўны спецыяліст аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Кавалёў расказаў у інтэрв’ю “РГ”: тур пераносяць у сувязі з падрыхтоўкай поля маладзечанскага стадыёна да адборачнага матча чэмпіянату Еўропы па футболе сярод жаночых камандаў паміж зборнымі Беларусі і Эстоніі, які пройдзе 25 жніўня.

Па словах Аляксандра Кавалёва, стандартам еўрапейскай федэрацыі футбола не адпавядаюць варатарскія пляцоўкі маладзечанскай футбольнай паляны. Там вытаптаны дзірван. Цяпер каля абодвух варот на плошчы тры на тры метры дзірван замянілі. Да правядзення міжнароднай сустрэчы ён павінен прыжыцца, таму ўсе спаборніцтвы на стадыёне да 25 жніўня адмененыя.

Такім чынам, другі круг для “Забудовы” пачнецца ў суботу, 20 жніўня, выязной сустрэчай з “Асіповічамі”. А першы ў другім крузе матч на сваім стадыёне маладзечанцы правядуць у нядзелю, 28 жніўня. Прымаем смалявіцкі “Вігвам”. І праз тры дні – перанесеная гульня з Мастамі.

Такое змяненне графіка, канешне, не на карысць нашай камандзе. Адна справа – дзве гульні правесці за два тыдні і іншая – за адзін тыдзень.

Сяргей ЗЯНЬКО