Пераносіць пачатак спаборніцтваў з-за надвор’я давялося суддзям чэмпіянату і першынства Гродзенскай вобласці па выездцы, якое прайшло 4-7 жніўня ў Ашмянскім раёне.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказала інструктар-метадыст ашмянскага аддзялення Гродзенскай міжраённай ДЮСШ прафсаюзаў “Вымпел” Наталля Сапронава.

– Напрыклад, 7 жніўня спаборніцтвы ў 10 гадзін ужо закончыліся, хаця планавалася, што пачнуцца ў 11.00. Так вырашылі суддзі: удзень і горача, і насякомыя назаляюць коням, – патлумачыла яна.

Даведка “РГ”. Выездка – мастацтва кіраваць канём на розных алюрах (крок, рысь, галоп і г.д.). Від коннага спорту, заснаваны на віртуозным кіраванні канём, поўным узаемаразуменнем вершніка з ім.

Спаборніцтвы прайшлі на базе конна-спартыўнага цэнтра “Гіпіка” ў вёсцы Грынцы Ашмянскага раёна. Удзельнічалі спартсмены трох узроставых груп з Ашмянаў, Ваўкавыска, пасёлка Азёры, Мінска, Мінскай вобласці. Яны выступалі ў трох відах праграмы.

Прадстаўнікі нашага рэгіёна выступілі ўдала: у сярэдняй групе ўвесь п’едэстал гонару занялі ашмянскія юнакі і дзяўчаты. Крысціна Гарлуковіч на кані Выгада перамагла ў камандным прызе і выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Другое месца ў гэтым відзе праграмы заняў Аляксей Гіруць. Трэцяе – Юлія Пашынь. У асабовым прызе перамог Аляксей Гіруць на Выгадзе і таксама выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Ён жа заняў трэцяе месца на кані Дуэт. У Крысціны Гарлуковіч – другое месца. Па выніках выступлення ў трох відах праграмы Аляксей Гіруць стаў пераможцам, Крысціна Гарлуковіч – сярэбраным прызёрам, Юлія Пашынь – бронзавым.

Сярод дзяцей найлепш з ашмянцаў выступіла Марта Гаштольт, якая па выніках трох відаў заняла другое месца.

“Серабро” сярод дарослых атрымала Святлана Лойка.

Вынікі спаборніцтваў для ашмянскіх спартсменаў

Імя і прозвішча

Месца

Папярэдні прыз, дзеці

Марта Гаштольт

ІІ

Асабісты прыз, дзеці

Марта Гаштольт

ІІ

Асабісты прыз, юнакі

Аляксей Гіруць

І

Крысціна Гарлуковіч

ІІ

Аляксей Гіруць

ІІІ

Камандны прыз, юнакі

Крысціна Гарлуковіч

І

Аляксей Гіруць

ІІ

Юлія Пашынь

ІІІ

КЮР, юнакі

Аляксей Гіруць

І

Крысціна Гарлуковіч

ІІ

Ілья Рызвановіч

ІІІ

Малы прыз, дарослыя

Святлана Лойка

І

Сярэдні прыз, дарослыя

Святлана Лойка

ІІІ

КЮР, дарослыя

Святлана Лойка

ІІ

*КЮР – адвольная праграма пад музыку, у якой ацэньваецца тэхнічная частка і артыстызм.

Па выніках гэтых спаборніцтваў будзе сфарміраваная каманда Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь.

Святлана ЦІШКО.