На сёмым месцы завяршыла першы круг чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе маладзечанская “Забудова”. Якія перспектывы нас чакаюць у другой палове розыгрышу? Ці засталіся спадзяванні на выхад у першую лігу?

Прааналізаваць выступленне каманды ў першым крузе мы папрасілі трэнера “Забудовы” Віталя Казяка.

Віталь Казяк.

– Віталь Пятровіч, сёмае месца на сённяшні дзень – гэта заканамерна, ці трэнерскі штаб чакаў ад каманды большага?

– Безумоўна, мы разлічвалі на лепшае выступленне. Пераход у іншыя клубы ў міжсезонні Ігара Нарожніка і Сяргея Дразда, як мы і меркавалі, стварыў для нас праблему. З іншага боку, да нас прыйшлі гульцы атакуючага плана – Сяргей Космач, Аляксандр Працкевіч, Юры Пустаход, і мы спадзяваліся, што леташняга недахопу ў нападаючых у нас не будзе. Але раптам з’явілася іншая праблема – рэалізацыя створаных момантаў.

– Значыць, хлопцы не апраўдалі надзей?

– Справа тут у тым, што Працкевіч з Пустаходам нейкі час прывыкалі да нашага стылю гульні. Не заўсёды знаходзілі разуменне з партнёрамі на полі. Хаця ў трэніровачным працэсе да хлопцаў ніякіх прэтэнзій няма. Яны вельмі стараюцца. Што тычыцца Космача, то год, праведзены ў пінскай “Хвалі”, не пайшоў Сяргею на карысць. Ён сыходзіў ад нас лепшым бамбардзірам, а ў “Хвалі” сябе не знайшоў. І, вярнуўшыся, трапіў у нейкую псіхалагічную яму. Разумеў, што ад яго чакаюць многага, а атрымліваецца далёка не ўсё. Мы бачылі, што Сяргею вельмі цяжка.

– Але ў апошніх дзвюх гульнях Сяргей забіў тры мячы…

– Давайце пастукаем па дрэве. Мы доўга гэтага чакалі. Таму даводзілася вар’іраваць нападаючымі, зноў ставіць наперад Дзмітрыя Вышынскага. Будзем спадзявацца, што Космач нарэшце “прачнуўся” і надалей усё ў яго пойдзе па нарастаючай. Ды і разумення адзін аднаго ў нападаючых таксама з’явіцца. Будзем лічыць, што першы круг мы патрацілі на сыгранасць каманды.

– Атрымліваецца, сёмае месца на сённяшні дзень – гэта наша месца?

– З аднаго боку, так. Ну, магчыма, маглі мы ўзняцца на адну-дзве прыступкі вышэй. А з іншага боку, паглядзіце: хто ў табліцы перад намі? Каманды, якія займаюцца футболам пра-фе-сій-на. Зноў паўтаруся: як бы мы ні стараліся, цяжка хлопцам працаваць на асноўнай рабоце і гуляць у футбол. Але пры ўсім пры гэтым мы з галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой упэўненыя, што ў нас ёсць рэзервы для ўзмацнення гульні і руху на вышэйшыя радкі табліцы.

– Цікава, што гэта за рэзервы?

– Перш за ўсё шукаць узмацнення мы будзем унутры калектыву, а не звонку. Залечаць траўмы нашы Вадзім Ціткоў і Ігар Талькоўскі. Значыць, павінна з’явіцца канкурэнцыя наперадзе. А гэта заўсёды карысна. Для асобных футбалістаў будзем знаходзіць іх аптымальнае месца на полі. Цяпер вядуцца перагаворы з “Белтрансгазам” пра пераход да нас 30-гадовага нападаючага Андрэя Шаблінскага. Вярнуўся з арміі наш былы паўабаронца Ігар Алсуф’еў. Думаю, свайго апошняга слова ў футболе ён яшчэ не сказаў. Цяпер трэніруецца з намі. Дазаявім таксама крайняга абаронцу 1993 года нараджэння, выхаванца нашай спартшколы Юрыя Бугая. Карацей, у нашай кадравай палітыцы нічога не мяняецца. У першую чаргу будзем разлічваць на сваіх.

– І ўсё ж, ці застаюцца думкі пра выхад у першую лігу ў гэтым сезоне?

– Я падкрэсліваю: па саставе і фізічных кандыцыях мы не слабейшыя ні за адну каманду чэмпіянату. І выйграць можам у любога саперніка. Глабальна пра першую лігу не думаем. Так нам прасцей. Але, калі мы прыбавім у рэалізацыі момантаў, цалкам верагодна, што да канца турніру можам аказацца ў зоне выхаду ў першую лігу.

Гутарыў Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.