У Маладзечне сёлета можа з’явіцца першы клас з беларускай мовай навучання – дзве адпаведныя заявы падалі бацькі будучых школьнікаў.

Вучыцца па-беларуску ў СШ №1 хоча Дзіма Брыль. У Іны і Валерыя Брылёў – чацвёра дзяцей. Аддаць у клас з беларускай мовай навучання яны хацелі ў 2009 годзе і сваю старэйшую дачку Ксенію.

– Нам сказалі, што будзе тры першыя класы, адзін з іх – з беларускай мовай. Мы спакойна чакалі першага верасня. Напрыканцы жніўня зайшлі ў школу – аказалася, што ўсе класы будуць “рускія”, бо не набралі ахвотных – з трох класаў былі толькі дзве заявы. На бацькоўскім сходзе адна з мамаў яшчэ спытала: “А не может так быть, что мы идем в русский класс, а потом сделают какой-нибудь белорусский?” – з прыкрасцю ўспамінае Іна Брыль.

У выніку Ксенія вучыцца ў рускамоўным класе. Ёй, па словах мамы, прапаноўвалі беларускую школу ў Выверах, але гэта каля сямі кіламетраў ад горада. Як туды дастаўляць малую, калі ў сям’і яшчэ трое дзяцей?

Сёлета вучыцца ідзе Дзіма. Па словах Іны Брыль, на бацькоўскім сходзе дырэктар школы адзначыў, што мова навучання – па жаданні бацькоў.

– І ўсё. Я спадзявалася, што ён засяродзіцца на гэтым, закліча ісці ў беларускамоўны клас – усё ж такі школа імя Янкі Купалы. Муж пасля пайшоў да завуча і прасіў паспрыяць нам – яна пагадзілася. Але якая сітуацыя цяпер, колькі чалавек пагадзіліся, не ведаю, – расказала Іна Брыль.

Іна Брыль па адукацыі эканаміст, яе муж у ВНУ атрымаў спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Абое вучыліся на рускай мове. Але ў сям’і размаўляюць па-беларуску.

– Як атрымалася? Напэўна, калі чалавек сталее, пачынае нешта разумець. Цяпер беларускамоўныя ў Беларусі – у меншасці. На маю думку, гэта няправільна. І муж так лічыць. Таму мы стараемся захоўваць у сям’і беларускую мову. І ў царкву ходзім, дзе набажэнства вядзецца па-беларуску, – расказала жанчына.

Калі дастатковай колькасці дзяцей не набярэцца, Дзіма Брыль будзе вучыцца на рускай мове. Як патлумачылі ў аддзеле адукацыі, для адкрыцця асобнага класа патрэбны 15 заяў ад бацькоў.

– Ну, хаця б 12, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” дырэктар СШ №1 Пётр Хроль. – А нашы педагогі, як і педагогі іншых школ горада, гатовы весці навучальны працэс на беларускай мове – у Беларусі двухмоўе. У нашай школе ёсць беларускамоўныя класы, адзін з пятых, напрыклад. Але не хочуць бацькі – што ты зробіш! Канстытуцыя гарантуе права выбару мовы навучання. На жаль, большасць выбірае рускую.

Святлана ЦІШКО.

Яшчэ па тэме

Ці аддалі б вы дзіця ў клас з беларускай мовай навучання?