Пасля праведзенай праверкі і медыцынскай судовай экспертызы міліцыя 11 жніўня ўзбудзіла крымінальную справу супраць 23-гадовай маладзечанкі, якая 11 ліпеня каблуком выбіла вока 24-гадоваму жыхару Смаргоні.

Здарэнне адбылося каля паловы другой гадзіны ночы недалёка ад гандлёвага цэнтра “Тройка”, што на Вялікім Гасцінцы. Жанчына і яе знаёмы пасварыліся са смаргонцам, памочнікам машыніста маладзечанскага дэпо. Мужчыны пачалі біцца, паваліліся на зямлю.

Каб дапамагчы свайму спадарожніку расправіцца з апанентам, жанчына пачала біць смаргонца нагой. Адзін удар каблуком прыйшоўся ў левае вока пацярпелага.

Дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Аляксей Гіль расказаў у інтэрв’ю нашаму выданню: ад удару была пашкоджаная сценка вачніцы. Гэта прывяло да поўнай страты зроку левага вока. Цяпер мужчына ім нічога не бачыць. Перад здарэннем зрок быў стопрацэнтны. Такую траўму эксперты кваліфікуюць як цяжкае цялеснае пашкоджанне.

Справа ўзбуджаная па першай частцы 147 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”. Максімальнае пакаранне за гэта злачынства – восем гадоў пазбаўлення свабоды.

Сяргей ЗЯНЬКО.