Больш за палову месячнай нормы ападкаў выпала ўчора, 14 жніўня, у Валожынскім раёне. Падчас дажджу, граду і навальніцы на вадасховішчы не вытрывалі шлюзы дамбы, і вада пачала затапляць горад.

Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Скадорва расказаў у інтэрв’ю “РГ”: месячная норма ападкаў у Валожынскім раёне – 81 міліметр. Учора на працягу паўтары гадзіны выпала 45 міліметраў. Стыхія пачалася каля 15 гадзін.

Па словах Алега Скадорвы, з узгоркаў вада пачала сцякаць у вадасховішча. Дамба не вытрымала вялікага наплыву вады, і яна пацякла ў горад. Пад пагрозай затаплення аказаліся тры вуліцы – Набярэжная, 60 гадоў Беларусі і Кастрычніцкая. Усяго – 105 падворкаў і 82 дамы.

Выратавальнікі з небяспечнай тэрыторыі эвакуявалі 63 чалавекі. Выратавалі 48 чалавек, у тым ліку чатырох дзяцей. Іх літаральна выносілі на руках, кажа начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Каб зняць небяспечны ўзровень вады, працавалі тры воданапорныя помпы. Ліквідаваць наступствы стыхіі ўдалося толькі да трох гадзін ночы. Камісія па надзвычайных сітуацыях райвыканкама цяпер падлічвае шкоду, нанесеную прыродай.

Сяргей ЗЯНЬКО.