Ігар Вейс быў адным з тых, хто ў камандзе аднадумцаў пачынаў у 1995 годзе ”Рэгіянальную газету”. Год таму сэрца гэтага светлага і няўрымслівага чалавека перастала біцца.

Порт прыпіскі – Вілейка

Ігар, першынец сваіх бацькоў, нарадзіўся 23 мая 1957 года ў Вілейцы. Рос, праз пяць год у сям’і нарадзіўся Сяргей, яшчэ праз пяць – Віктар. Праз усё жыццё Ігар пранёс адказнасць і абавязак, якія з’яўляюцца ў старэйшага брата. Пасля стане зразумелым, што ён для братоў быў сапраўдным прыкладам ва ўсім.

Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 у 1974-м Ігар паступае ў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе, цяпер Марскі корпус імя Пятра Вялікага. У савецкія часы гэта была вядучая навучальная ўстанова, якая рыхтавала афіцэраў для ВМФ. Заканчвае вучэльню з адзнакай.

Сёння ўжо не спытаешся ў яго, чаму менавіта марскі шлях абраў Ігар. Мне ж здаецца, што многія вілейскія хлапчукі зайздросцілі той выпраўцы і форме савецкіх маракоў, якія ў горадзе над Вяллёй з’явіліся ў 60-я гады, калі тут размясцілася марская часць.

Падраздзяленне маракоў з бліскучымі корцікамі заўсёды прымала ўдзел у гарадскіх урачыстасцях. Хто вырас у Вілейцы тых часоў, не можа не памятаць гук медных трубаў маракоў-музыкантаў. Я гэта памятаю. Раслі мы з Ігарам у адзін час на адной вуліцы.

Пазней была вучоба “на выдатна” ў Вышэйшых афіцэрскіх класах, дзе Ігар Вейс набываў веды па размініраванні  акваторый, Вышэйшая партыйная школа.

У мірны час малады марскі афіцэр з Беларусі камандаваў тральшчыкам, які размініраваў воды Паўночнага Ледавітага акіяна. Не заўсёды работы былі планавымі і прадказальнымі. У канцы 80-х у Обскай губе пачалі ўсплываць. Ігар Вейс, камандзір аднаго з тральшчыкаў Чырванасцяжнай Кольскай флатыліі, некалькі месяцаў правёў у трывожнай камандзіроўцы.

– Мы заўжды бралі прыклад з Ігара, – гаворыць Віктар Вейс. – Заўсёды чакалі яго прыезду з вучобы з Ленінграда. І сёння памятаю гасцінцы-шакаладкі.

За братам з ваенна-марскім флотам звязваюць свой лёс Сяргей і Віктар. Сяргей па прыкладу Ігара абірае лёс кадравага афіцэра. Віктару толькі здароўе перашкодзіла застацца на звыштэрміновай службе.

Пачатак бурных 90-х перамяніў лёсы тысяч і тысяч людзей у вайсковай форме. Капітан 2-га рангу Ігар Вейс звальняецца ў запас і вяртаецца з сям’ёй у Вілейку. Як аказалася, назаўсёды.

Генератар ідэй

Ігар, лічыць яго старэйшы таварыш, таксама былы марак Мікалай Судніковіч, не мог жыць спакойна:

– Ён не толькі шукаў сабе занятак, але занятак такі, які б прыносіў людзям карысць. Вы ведаеце, недарэмна крама на вуліцы 1-га Мая завецца “Волна”, а магазін канцылярскіх тавараў – “Парус”. Гэта былі прадпрыемствы, пачатыя былымі маракамі: Ігарам Вейсам, мной. Шмат тады зрабіў для Вілейкі і будучы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, таксама марскі афіцэр Мікалай Варашнін.

Былы марскі афіцэр Вейс стаў займацца ў Вілейцы бізнесам. І калі многія ўвішныя людзі проста абагачаліся, карыстаючыся нявызначанай сітуацыяй, то Вейс знаходзіў такія справы, якія дапамагалі іншым. Некалькі гадоў запар 30-тонныя фуры “Алкі” ішлі загружаныя вілейскай бульбай на Севастопаль, Піцер. Жыхары Вілейскага раёна маглі зарабіць капейку, здаючы гэту бульбу. А тады да капейкі дабіцца было ой як цяжка! Маракі ж Піцера і Севастопаля пазбеглі лёсу галодных армій.

– Вы думаеце, Вейсу не было куды грошы дзяваць? – перапытвае Мікалай Судніковіч. – Заробленыя грошы, купленае паліва, і гэта было наша сумеснае “марское” рашэнне, мы перадавалі калгасам – “21-му З’езду”, Куранцу, іншым гаспадаркам.

Мецэнат

Я б мог і не паверыць Мікалаю Арсеньевічу. З чаго нехта “за так” будзе  фундатарам, спонсарам. Каб не адно. Калі наша газета была толькі ідэяй рэгіянальнай газеты без двукоссяў ў галовах журналістаў, я падзяліўся ёй са сваім знаёмым па басаногім дзяцінстве на вуліцы Кастрычніцкай Ігарам Вейсам – ехалі ў адным аўтобусе з Маладзечна ў Вілейку. І пачуў адразу:

– А ад дапамогі не адмовіўся б? – Ігар па-змоўніцку ўсміхаўся.

Ну хто ж адмовіцца ад дапамогі. Тым больш яшчэ адзін таварыш, Павел Карпіновіч, які арганізаваў сваю геадэзічную справу ў Маладзечне, таксама яе прапанаваў. І гэтых людзей не спыніла тое, што ім у замен за ўваходжанне ў заснавальнікі і матэрыяльную дапамогу ніхто не абяцаў капейкі аддаць. Бессярэбранікі, яны і сярод бізнесоўцаў ёсць. Такім быў Ігар.

У сувязі з гэтым Мікалай Судніковіч прыгадвае тую працу, якую Ігар Вейс разам з тагачасным кіраўніком Вілейскай гарадской бібліятэкі Раісай Соніч зрабілі для легендарнай вілейскай паэткі Ганны Новік. Ганна Аляксееўна, якая правяла свае апошнія гады ў Вілейцы, перажыўшы перад гэтым смерць адзінага сына, чакала гэту кнігу. І яна паспела патрымаць у руках макет кнігі паэзіі “Мая Вілейшчына”. Кніга пабачыла свет хутка пасля смерці Ганны Новік і стала сапраўдным помнікам паэту.

– А ведаеце, за што я люблю “Рэгіянальную газету”? – пытаецца ў мяне Мікалай Судніковіч. – За тое, што яна блізкая да людзей, што яна аўтарытэтнае выданне. Такое, якой бачыў яе і Ігар Віктаравіч.

Былы дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея, а пазней – старшыня раённага Савета Яўген Ігнатовіч кажа, што Ігар быў тым, хто ніколі не адмаўляўся ад таго, каб дапамагчы установам культуры, краязнаўцам:

– Ён быў чалавекам, улюбёным у свой горад. Таму, мабыць, дапамагаў і музею, і краязнаўцам. І “Рэгіянальная газета” была і яго дзіцем. А яшчэ ён быў чалавекам жыццярадасным, з гумарам. Кожная сустрэча з ім пакідала добрае на сэрцы.

Сын, бацька, муж, брат…

У знаёмых і таварышаў застаецца сум і боль. У самых блізкіх гэты боль – невылечны. Ігар, сышоўшы з жыцця ў зеніце сваіх сіл – інфаркт рэдка бывае чаканым, – пакінуў з гэтым болем матулю, дачку, жонку, братоў і іхнія сем’і.

Маша, цяпер Марыя Ігараўна, малады доктар, дачка Ігара Вейса, ледзь стрымліваецца, калі чуе ад мяне пытанне: “Якім ён быў бацькам?”:

– Строгім бацькам. Але клапатлівым, разумным. Мне здаецца, што падначаленых, нягледзячы на тое, што быў ваенным камандзірам, ён шкадаваў.

Строгасць бацькі выяўлялася не ў дубцы, а ў тым, што ён умеў зацікавіць у занятках англійскай мовай, камп’ютарам, калі той яшчэ быў сапраўдным цудам:

– Гэта сёння камп’ютар звычайная справа ў кожным доме, – успамінае Марыя, у якой расце ўжо свая дачка, Сафія. – А ў той час, у 90-я, праграмы пісаліся на магнітафонных касетах. Машына звалася БК 01001. Трэба было ўмець і зацікавіць, і даць зразумець неабходнасць асвоіць гэта.

Марыя згадала даўні выпадак, калі яны сям’ёй на Крайняй Поўначы ехалі на аўтамабілі. Іх борзда абагнала нейкая машынка. А праз некаторы час Вейсы ўбачылі наперадзе аварыю. Цела кіроўцы Ігар вынес на сваіх руках і паімчаў у вайсковы шпіталь, дзе хірургам быў яго добры знаёмы:

– І я не ведаю лёсу пацярпелага. Але, магчыма, гэты выпадак, паводзіны бацькі, які, не раздумваючы, кінуўся на дапамогу чужому чалавеку, прывёў мяне да рашэння стаць доктарам.

Ігар Вейс памёр год таму, 9 жніўня.

– Пасля смерцяў Анатоля Рогача, Віталя Кастэнкі, Ігара Вейса, Анатоля Шагава, Аляксандра Махнача Вілейка асірацела, – кажа Яўген Ігнатовіч. – Гэта былі розныя людзі, але яны значылі для нас усіх шмат.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ, галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты”.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.