Завод “Зеніт-БелОМА” не будзе выплачваць пеню за пратэрміноўку выплаты падаткаў у бюджэт. Ад 2005 года гэта пеня вырасла да ўзроўню 131 мільёна 607 тысяч рублёў.

Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня вызваліў 25 арганізацый розных формаў уласнасці і індывідуальных прадпрымальнікаў ад адміністрацыйных спагнанняў. Вілейскі завод “Зеніт” – у іх ліку.

Суму запазычанасці “Зеніту” перад бюджэтам назвала ў інтэрв’ю “РГ” начальнік аддзела ўліку і спагнання плацяжоў вілейскай падатковай інспекцыі Людміла Шупенька. Паводле яе слоў, тэрмін аплаты падаткаў, згодна з Падатковым кодэксам, для юрыдычных асоб устаноўлены да 22 чысла кожнага месяца.

“Зеніт” на працягу пяці гадоў пратэрміноўваў плацяжы, і накапілася такая сума пені. Людміла Шупенька падкрэсліла: гэта не запазычанасць прадпрыемства перад бюджэтам па падатках. Гэта – менавіта адміністрацыйнае спагнанне за парушэнні ў іх выплаце.

Спісванне доўгу адбылося на падставе Указа кіраўніка краіны “Аб удасканаленні парадку вызвалення суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ад эканамічнай адказнасці”.

Згодна з гэтым дакументам, прадпрыемства мае права звярнуцца да ўладаў з хадайніцтвам аб вызваленні ад спагнання. Але толькі ў тым выпадку, калі ў яго няма запазычанасці па падатках.

Да хадайніцтва прыкладаецца шэраг дакументаў: копія рашэння аб прымяненні эканамічнай санкцыі, бухгалтарскі баланс, даведка аб асноўных эканамічных паказчыках, даведкі з падатковай інспекцыі і мытні аб поўнай аплаце падаткаў і збораў, па якіх прымененыя эканамічныя санкцыі, і аб стане разлікаў з бюджэтам.

Акрамя гэтага прадпрыемства павінна абгрунтаваць спісанне доўгу і паведаміць – на што плануецца патраціць грошы, якія не будуць выплачаныя ў якасці адміністрацыйнага спагнання. Напрыклад – на паляпшэнне фінансавага становішча, бясстратную работу, мадэрнізацыю вытворчасці.

Пакет дакументаў перадаецца ў вышэйстаячую арганізацыю. У выпадку з “Зенітам” – у Міністэрства прамысловасці. Міністэрства перадае хадайніцтва ў міжведамасную камісію, якая разглядае магчымасць вызвалення ад эканамічных санкцый. Пасля гэтага канчатковае рашэнне прымае Прэзідэнт.

У аддзеле эканомікі Вілейскага райвыканкама паведамілі нашаму выданню, што спісанне гэтага доўгу “Зеніту” ніяк не адаб’ецца на бюджэце раёна і на дабрабыце віляйчан. Вызваленне ад гэтай эканамічнай санкцыі можа пайсці на карысць хіба што самаго прадпрыемства. Усё ж грошы цяпер не трэба аддаваць.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Ігара МАРОЗА.