Напярэдадні майскіх святаў убачыў у гаражы  птушку, а праз некалькі дзён уважліва агледзеў усе паліцы і знайшоў гняздо з двума яйкамі.

Канешне ж, гэта была малінаўка, ці па-іншаму – заранка. Абуладкавала яна сваё гняздо ў цёмным куточку на драўлянай палачцы. Збудавала з моху, травінак, смецця. Знутры выслала шэрсцю і кожны дзень адкладвала па адным яйку, а завяршыўшы кладку на працягу тыдня, пачала выседжваць.

Я заглядваў у гараж па неабходнасці, праходзіў ад гнязда дзесьці ў метры, але малінаўка на мяне быццам не зважала, сядзела шчыльна і з гнязда не злятала.

У час выседжвання рэзка пахаладала. Дні тры-чатыры ішоў моцны дождж, тэмпература панізілася. І хоць у гаражы не было ні дажджу, ні ветру, сагрэць кладку пры начной тэмпературы ў 3-6 градусаў вельмі праблематычна. Вечарам пайшоў паглядзець, як жа птушка спраўляецца з праблемамі, і быў вельмі здзіўлены ўбачаным.

Я нават не змог адразу зразумець, дзе падзелася галава птушкі. Малінаўка сядзела на кладцы распушыўшыся, ад чаго павялічылася ўдвая, а дзюбку з галавой завярнула пад сябе і пачашчаным дыханнем грэла яйкі. Пра такія спосабы мне яшчэ не даводзілася нідзе ні чытаць, ні чуць. Адразу падумалася: “Вось гэта мацярынскі клопат!”

Прайшло некалькі дзён, і сямёра жаўтароцікаў дружна вылупіліся. Літаральна праз дзень-два бацькі ўжо смела пакідалі іх днём адных, а самі ляцелі на пошукі корму. На адну порцыю насякомых і вусеняў ішло па часе хвілін 10-15. Праўда, часам адзін з дарослых заставаўся на хвілін 20-30, каб дзіцянят пагрэць. Але працягвалася гэта нядоўга. Надвор’е ўсталявалася добрае, і птушанятам ужо не трэба была такая дапамога.

Птушаняты.

Накормленыя, яны сагравалі адно аднаго сваімі целамі і пер’ем, што пачало  прабівацца. Праз нейкі час малінаўкі цалкам аперыліся. І тут з’явілася яшчэ адна праблема. Птушаняты з цяжкасцю сталі змяшчацца ў  гняздзе. Праз нейкі час яно і наогул стала раз’язджацца, але птушаняты так моцна трымаліся за краі, што адарваць іх было практычна немагчыма.

Прайшоў роўна месяц з моманту кладкі першага яйка, і гняздо апусцела. Я быў на працы і моманту вылету вывадка не бачыў, але ў садзе ля дома заўважаў пасля гэтага дарослых малінавак, якія падкормлівалі ў кроне дрэва сваіх птушанят…

Дарослая малінаўка.

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота аўтара.