Росквіт завода “Зеніт” прыйшоўся на сярэдзіну 80-х гадоў ХХ стагоддзя, калі на ім працавала больш за пяць тысяч работнікаў.

Як будавалася і развівалася прадпрыемства, успамінае віляйчанін Франц Млечка, які 25 гадоў адпрацаваў намеснікам дырэктара па рэжыме і кадрах.

Выраслі ў пяць разоў

“Зеніт” пачалі будаваць у 1970 годзе. Спачатку працавалі жодзінскія і барысаўскія спецыялісты. Пасля асноўным будаўніком стала ўпраўленне №195. Дзякуючы яму з’явіліся 10 карпусоў прадпрыемства.

Першапачаткова завод спецыялізаваўся на выпуску фотаапаратаў. Працавалі два зборачныя цэхі: люстраных “Зенітаў” (30 тысяч у месяц) і шкальных – “Агат”, “Элікон”, “Арыён” (каля 50 тысяч у месяц). Вілейскія фотаапараты прадаваліся па ўсім Савецкім Саюзе. Напрыканцы 80-х пастаўляліся і за мяжу.

Участак папярэдняй зборкі.

Актыў участка папярэдняй зборкі. Крайняя справа Тэрэза Надольская. 1982 год.

На ўчастку ўпакоўкі фотаапаратаў “Зеніт”.

Улетку 1976 года, калі на “Зеніт” прыйшоў Франц Млечка, там працавалі 900 чалавек. У 1983 годзе – 5500 чалавек.

Па словах Франца Мікалаевіча, на прадпрыемстве быў самы высокі ў горадзе і раёне заробак: рабочы атрымоўваў 120-150 рублёў.

На “Зеніце” працавалі не толькі гараджане, але і рабочыя з раёна. Штодня чатыры аўтобусы выязджалі па іх ў накірунку Вязыні, Любані, Куранца і Сосенкі.

Рабочых рук не хапала. У 1974 годзе на базе завода адкрылася тэхвучылішча №124, дзе рыхтавалі фрэзероўшчыкаў, токараў, слесараў-інструментальшчыкаў, слесараў па зборцы фотаапаратаў.

“Спецыялістаў больш высокага класа, тых жа фрэзероўшчыкаў, інструментальшчыкаў, але пятага-шостага разрадаў, запрашалі з галаўнога прадпрыемства – завода імя Вавілава у Мінску, з Ніжняга Тагіла, Львова, гарадоў Беларусі”, – расказвае Франц Млечка.

Для рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў “Зеніт” быў прэстыжным месцам работы. А вось дырэктары змяняліся часта. Ад 1973 па цяперашні час, па словах Франца Мікалаевіча, іх змянілася не менш за дзевяць. Першым быў Валеры Ігнатовіч. Больш за ўсіх адпрацаваў на сваёй пасадзе Станіслаў Сінельнікаў – каля 12 гадоў.

Начальнікі цэхаў таксама часта сыходзілі – праз год-два. А вось Яўген Тройніч адпрацаваў не менш за 25 гадоў. Як і Рыгор Гаўрыльчык, які прыйшоў маладым спецыялістам, а цяпер – галоўны інжынер. На думку Франца Млечкі, у тым, што на прадпрыемстве добрыя інструментальшчыкі, менавіта іх заслуга: “Інструментальная вытворчасць – гэта сэрца завода. Ад яе ўсё залежыць, і дзякуючы ёй прадпрыемства можа любы заказ выканаць. Іншыя людзі сыходзілі, а гэтая пара трымалася. Як кажуць, калі з’яўляецца аб’ектыўная неабходнасць, гісторыя знаходзіць асобу. Такімі асобамі для інструментальнай службы сталі Тройніч і Гаўрыльчык”.

Штогод колькасць супрацоўнікаў аднаго толькі інструментальнага цэха павялічвалася чалавек на 20.

Колькасць рабочых* інструментальнага цэха

1987 год

1988 год

1989 год

1990 год

286

306

323

348

*токары, фрэзероўшчыкі, шліфоўшчыкі, заточнікі, слесары-інструментальшчыкі і інш.

Цяпер у інструментальным цэху, па словах Франца Мікалаевіча, засталося 65 чалавек. Некаторыя з іх адпрацавалі на заводзе па 30 гадоў і больш: токар вышэйшага разрада Васіль Судніковіч, фрэзероўшчык Леанід Цвірко, слесар-інструментальшчык Анатоль Бакіноўскі, каардынатчык Алег Гардзевіч.

Слесар-інструментальшчык Анатоль Лебедзеў прыехаў з Расіі, з Ніжняга Тагіла, больш за 25 гадоў таму. Падчас распаду СССР застаўся на “Зеніце”. Больш за 35 гадоў адпрацаваў на заводзе яго калега Уладзімір Раткевіч.

Адным з лепшых работкаў усяго завода Франц Млечка назваўцудоўнага заточніка Іосіфа Лукшу.

Сацыяльна-бытавыя ўмовы

“Зеніт” клапаціўся і пра бытавыя ўмовы свайго пяцітысячнага калектыву. Пры такой колькасці работнікаў у 1983 годзе сталовая займала два паверхі. Працавалі дыет-зала і звычайная, успамінае Франц Мікалаевіч. У абед яны абслугоўвалі да 1500 чалавек.

Жыллём былі забяспечаныя 100% работнікаў. Жылі спачатку ў інтэрнатах. Сямейныя хутка атрымоўвалі кватэру. Па словах Франца Млечкі, да 1990 года амаль кожны год здавалі 80-кватэрны дом, здаралася і па два. Шматкватэрныя дамы будаваліся за кошт завода. Чарга на атрыманне кватэры была свая, заводская.

У інтэрнаце пасля работы.

Работнікі зборачнага цэха на дэманстрацыі: Баршыўцаў, Іосіф Маркевіч, Леанід Камісарчук, Сяргей Мастыка. 1983 год.

Хор прадпрыемства пад кіраўніцтвам Анатоля Шагава выступаў не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы.

Для дзяцей работнікаў “Зеніта” працавалі тры ведамасныя сады. У 1979 годзе на беразе Віліі ля вёскі Камары адкрыўся і свой піянерскі лагер. За адну змену ў ім аздараўляліся па 70 дзяцей.

Надышлі змены

Фотаапараты на “Зеніце” перасталі выпускаць у сярэдзіне 1990-х гадоў.

“З распадам СССР наладжаныя эканамічныя сувязі парушыліся. Аб’ектывы, якія нам пастаўлялі з Валдая, стала выпускаць прыватная фірма. Цана на іх паднялася ў некалькі разоў. Выпускаць фотаапараты стала эканамічна немэтазгодна. Цяпер “Зеніт” робіць прыцэлы, біноклі, вагі электронныя, магнета, карбюратары, аўтатрактарныя дэталі, іншыя тавары”.

Святлана ЦІШКО.

Фота з архіва Ігара МАРОЗА.