Рабіць прышчэпку ад грыпу лепш ад другой паловы верасня да пачатку снежня. Пра гэта нагадала Міністэрства аховы здароўя ў сваім прэс-рэлізе аб гатоўнасці арганізацый аховы здароўя да эпідэмічнага сезона захваральнасці вострымі рэспіраторнымі захворваннямі.
Уздым захваральнасці ў Беларусі чакаецца сёлета ў характэрныя для нашай краіны тэрміны – канец студзеня–пачатак лютага. Для стварэння паўнавартаснай абароны пасля прышчэпкі арганізму неабходна ад двух тыдняў да месяца – у гэты час выпрацоўваюцца антыцелы. Іх абарончы ўзровень захоўваецца да шасці-васьмі месяцаў, затым іх колькасць хутка зніжаецца. Таму рабіць прышчэпку раней сярэдзіны верасня не рэкамендуецца.
На гэты год плануецца вакцынаваць каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў – каля 2 мільёнаў 455 тысяч чалавек.
Вакцына, закупленая за бюджэтныя сродкі пачне паступаць у амбулаторыі і паліклінікі ў пачатку верасня.
Бясплатнай імунізацыі падлягаюць асобы з высокай рызыкай развіцця ўскладненняў пасля грыпу.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, аптэкі, бальніцы, паліклінікі і дыягнастычныя лабараторыі гатовыя да эпідэмічнага ўздыму захваральнасці.
Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.