Упершыню пасля перапынку ў некалькі гадоў у Ашмянах сёлета з’явіліся два першыя класы з беларускай мовай навучання. Яны адкрыліся на базе СШ №2 і СШ №3. У астатніх райцэнтрах першакласнікі вучацца на рускай мове.

Паводле звестак аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама, летась і некалькі гадоў да гэтага першых класаў з беларускай мовай навучання ў школах райцэнтра не было: бацькі выбіралі рускую мову для адукацыі сваіх дзяцей. Але на базе дзіцячага сада №4 працавала беларускамоўная група. На гэты навучальны год у дашкольных установах Ашмянаў, паводле папярэдніх дадзеных, – пяць такіх груп.

У Смаргоні на базе СШ №1 сёлета таксама адкрыўся першы клас з беларускай мовай навучання.

Для пераводу адукацыі на беларускую мову шмат зроблена і ў Астраўцы. Як і ў большасці раёнаў Беларусі, раённыя школы – беларускамоўныя. У самім гарадскім пасёлку адукацыя вядзецца па-руску. Але з гэтага года ва ўсіх школах Астраўца на беларускай мове будуць выкладацца такія прадметы, як “Чалавек і свет” і “Уводзіны ў школьнае жыццё”. У дашкольных установах Астраўца сёлета будуць працаваць чатыры беларускамоўныя групы.

– Мы з мінулай восені працавалі з бацькамі ў гэтым накірунку, – сказала ў інтэрв’ю “РГ” намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Наталля Баніцэвіч. – Усе выхаваўчыя мерапрыемствы стараліся ладзіць на беларускай мове. На бацькоўскіх сходах выступалі педагогі і спецыяліст аддзела адукацыі.

На думку Наталлі Баніцэвіч, у наступным годзе ў райцэнтры могуць з’явіцца першыя беларускамоўныя класы.

У Маладзечне ўсе першыя класы сёлета будуць з рускай мовай навучання. У СШ №1, дзе дзве сям’і хацелі вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, не набралі патрэбнай для адкрыцця асобнага класа колькасці заяў.

Святлана ЦІШКО.