Круглы стол на тэму “Беларуская песня: сучасны фармат” прайшоў у межах XI Нацыянальнага фестывалю “Маладзечна-2011” у трэці дзень яго правядзення, 28 жніўня.

Удзельнікі абмяркоўвалі, як можна палепшыць фестываль, чаму большасць пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў так і не сталі зоркамі, і наогул, ці ёсць попыт на беларускую песню. Такое мерапрыемства ў межах фестывалю праводзілася ўпершыню з 1993 года.

Кіраўнік і галоўны дэрыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі Міхаіл Фінберг падкрэсліў значнасць таго, што сёлетні фестываль расцягнулі на тры дні, у якія магчыма ўкласці насычаную праграму. Ён адзначыў, што ў Беларусі няма прафесійнай студыі гуказапісу, таму паслухаць музыку ў выдатнай якасці мы можам толькі “жыўцом”.

Image 7969

Image 7969

Удзельнікі мерапрыемства выступілі рэзка супраць меркавання, што на беларускай песні шмат не заробіш.

− Артыст – гэта машына для заробку грошай, у яго неабходна ўкладаць, каб штосьці атрымаць, − гаворыць прадзюсар і кампазітар Алег Моўчан. – Я не выключаю існавання самародкаў, калі гэта альтэрнатыўная музыка ці шансон. Калі мы гаворым аб эстрадзе, то вакаліст павінен працаваць над сабой. Калі музычны прадукт зроблены якасна, то ён будзе запатрабаваны, незалежна ад мовы тэксту.

Прадзюсар Пятра Ялфімава Таццяна Касмачова падкрэсліла, каб песні былі якаснымі, імі павінны займацца прафесіяналы.

− Важна тое, што для спевака значыць перамога ў конкурсе маладых выканаўцаў, − гаворыць Таццяна Касмачова. – Конкурсы патрэбныя, каб заўважыць таленавітага спевака, з якім потым будуць займацца прафесіяналы, рабіць з яго артыста. Гэта і ёсць шоу-бізнэс. А атрымліваецца, што шоу-бізнэсу ў нас няма, а культуру мы знішчаем.

Святлана Сарока.

Дырэктар маладзечанскага Палаца культуры Святлана Сарока падзялілася сваімі заўвагамі адносна арганізацыі фестывалю. На яе думку, вельмі перашкаджае несістэмнасць падзеі – фестываль адбываўся і штогод, і праз год, і ў пачатку чэрвеня, і ў канцы жніўня. Асновай жа музычнага складніка павінны стаць прафесійны падыход спевака да сваёй ролі, яго пастаянная праца над майстэрствам.

− Учора было прапанавана праводзіць фестываль штогод, − паведаміла дырэктар Палаца культуры. −  Напэўна, так яно і будзе. Часам кажуць што ён другі па значнасці пасля “Славянскага базару”. А я лічу, што першы, таму што ён наш, нацыянальны. Але неабходна ўдасканальваць яго арганізацыю. Напрыклад, мы ніяк не можам уключыць у фестываль дзіцячы конкурс выканаўцаў “Маладзічок”. Да таго ж, прынцып абавязковага ўдзелу па тры чалавекі з кожнай вобласці на нацыянальным фестывалі састарэў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.