У чацвер, 8 верасня, у межах праекта “Незабыўныя імёны Вілейшчыны”, прайшла сустрэча з вілейскім паэтам і бардам Уладзімірам Цануніным.

Уладзімір Цанунін не толькі паэт, але і бард.

Сустрэча “Лёсу майго палатно”.

Ідэя стварыць праект, які знаёміў бы віляйчан са сваімі знакамітымі землякамі, належыць дырэктару Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяне Захарыч і загадчыцы аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміле Тонкавіч. Праз нейкі час да іх яшчэ далучыліся ўдзельнікі народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія”.

Сустрэчу “Лёсу майго палатно” пачала галоўны бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Бранцава. Вядучая расказала пра жыццёвы шлях віляйчаніна Уладзіміра Цануніна і запрасіла прысутных паглядзець фільмы − пра Першую сусветную вайну і “Горад на Вяллі” Міхаіла Петуха, у якіх гучаць вершы паэта.

На сустрэчы Уладзімір Цанунін знаёміў прысутных з новымі зборнікамі твораў “Хто ж адкажа” на чарнобыльскую тэму і “У струменях часу”. Чытаў вершы і з папярэдніх кніг, якіх сабралася ўжо пяць.

Разам з калектывам “Элегія” Уладзімір Цанунін спяваў песні, паказаўшы сябе як барда. Сам іграў на баяне, а гучаннем скрыпкі парадавала Людміла Шагава.

Віляйчане, якія прыйшлі на мерарыемства, даведаліся, што настаўнік гісторыі дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Надзея Уладзімір Цанунін не толькі, паэт і бард, але і турыст, нумізмат, рэзчык па дрэве. А яшчэ ён валодае ліцейнай і ганчарнай справай. Некаторыя з работ майстра, выразаныя з дрэва, гледачы ўбачылі на выставе, падрыхтаванай да мерапрыемства.

Па словах Людмілы Тонкавіч, наступным мерапрыемствам, якое плануюць здзейсніць заснавальнікі праекта, стане прэзентацыя кнігі “Ваш выхад, маэстра” Таццяны Цвятковай.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Наталлі БРАНЦАВАЙ.