Міністэрства аховы здароўя не будзе караць аптэкі за продаж некаторых лекаў рэцэптурнай групы без рэцэптаў. Пра адмену ўласнага рашэння аб прымяненні санкцый супраць аптэк, прынятае напрыканцы ліпеня, Міністэрства паведаміла 6 верасня.

Пра гэта расказала “РГ” загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі №198 Маладзечанскага раёна Таццяна Швакель.

Паводле яе слоў, напрыканцы ліпеня вышэйшая фармацэўтычная інстанцыя “Мінская фармацыя” дала ўказанне аптэкам строга выконваць Пастанову Міністэрства №29 “Аб зацвярджэнні пераліку лекавых сродкаў, рэалізуемых без рэцэпта доктара”. У адваротным выпадку аптэка магла страціць ліцэнзію на работу.

– Пастанова выйшла ў красавіку, – тлумачыць Таццяна Швакель. – У ёй пералічаны лекі, якія можна прадаваць без дазволу доктара. У асартыменце нашых аптэк першай катэгорыі каля 3 800 найменняў прэпаратаў. З іх каля 60 працэнтаў – прэпараты рэцэптурнага продажу. Але калі чалавек прыходзіў да нас і казаў, напрыклад, што яму ад павышанага ціску дапамагае эналапрыл, мы ішлі насустрач і прадавалі яго без рацэпта. У канцы ліпеня нам гэта забаранілі, цяпер дазволілі зноў.

Ад пачатку жніўня, калі ў чалавека скончыліся таблеткі рэцэптурнай катэгорыі, якія яму прадавалі без рэцэпта, пацыент павінен быў пайсці да доктара, каб атрымаць гэты рэцэпт. Цяпер у паліклініку ісці не трэба. Па рашэнні Міністэрства, скрозь пальцы на выкананне аптэкамі пастановы №29 будуць глядзець да сярэдзіны 2012 года. Да гэтага часу плануецца падрыхтаваць дактароў да дадатковай нагрузкі.

Па меркаванні Таццяны Швакель, адмяніць увядзенне жорсткіх санкцый супраць аптэк вышэйшае медыцынскае начальства прымусілі скаргі людзей і дадатковая нагрузка на дактароў. Суразмоўца “РГ” расказвае, што за месяц, які прайшоў ад дня забароны, было шмат зваротаў пацыентаў. Ім тлумачылі: калі аптэка парушыць указанне зверху, у яе могуць забраць ліцэнзію. Таццяна Швакель расказвае, што ў дзяржаўных аптэках пацыенты скардзіліся вусна, а ў камерцыйных пісалі скаргі ў кнігі скаргаў.

Галоўны фармацэўт Маладзечаншчыны адзначыла: часовы дазвол на спрошчаную форму работы з наведвальнікамі аптэк не тычыцца тых, хто прыходзіць за лекамі, на якія рэцэпты абавязковыя і захоўваюцца на працягу месяца ці года. Напрыклад, псіхатропныя прэпараты.

Намеснік галоўнага доктара Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Сымановіч паведаміў нашаму выданню, што колькасць наведавальнікаў паліклінікі ў жніўні ўзрасла не намнога, працэнтаў на пяць. У інтэрв’ю “РГ” Уладзімір Сымановіч выказаў меркаванне, што адна з прычын, па якіх Міністэрства аховы здароўя напрыканцы ліпеня прыняло сваё рашэнне – эканамічная. У Беларусі пакуль дзешавейшыя лекі, чым у Расіі ці Украіне. Без рэцэпту расіяне і ўкраінцы не купілі б прэпараты і не змаглі б вывозіць іх з Беларусі.

Адмяніла ж сваё рашэнне Міністэрства з-за таго, што нашы паліклінікі аказаліся непадрыхтаванымі да большага наплыву пацыентаў, якім патрабуецца не тэрміновая дапамога, а проста паперка – рэцэпт.

– Думаю, што і ў сярэдзіне 2012 года, калі да гэтага рашэння вернуцца, нам усё адно будзе цяжка з-за недахопу дактароў у паліклініках, – сказаў Уладзімір Сымановіч.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.