Работы мастака і дызайнера Сяргея Пятрова не проста ўпрыгожваюць горад. Многія з іх даўно ўжо сталі часткай яго гісторыі. Напрыклад, гадзіннік на вежы гасцініцы, што падказвае людзям час.

Сяргей Пятроў.

Сёння майстра расказвае пра сябе, пра тое, як прыйшоў у прафесію, і прызнаецца, што лепшая яго работа яшчэ наперадзе.

– Сяргей, калі вы адчулі сябе мастаком?

– Маляваць мне падабалася заўсёды. Колькі сябе памятаю, цягнула да алоўка. Пайшоў вучыцца ў Мінскае мастацкае вучылішча, затым ужо і ў інстытут. Цяпер гэта Акадэмія мастацтваў. Студэнцкія гады ўспамінаюцца вельмі цёпла. Шмат чаму навучыўся, пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. Была сапраўды творчая атмасфера, яна накіроўвала, дапамагала. Ну і, вядома, узровень адукацыі там вельмі высокі.

– Як вы лічыце, ці патрэбная прафесіянальная адукацыя для таго, каб дасягнуць вышынь?

– Безумоўна, патрэбная. Можна, канешне, быць самародкам. Але ўсё роўна работы не атрымаюцца прафесіянальнымі.

– Памятаеце свой першы дызайнерскі праект?

– Пасля інстытута я меў выбар. На працу запрашалі ў некалькі месцаў. Але вырашыў застацца ў горадзе, які ўжо стаў часткай жыцця. Распрацоўваў дызайн радыёпрыёмнікаў, аўтамагнiтол, радыёстанцый на заводзе “Спадарожнік”. Так што іх і можна лічыць маім першым праектам.

– А калі пра вас загаварылі?

– Маё жыццё змянілася з пачаткам правядзення ў Маладзечне фестывалю беларускай песні і паэзіі. Да гэтага часу я ўжо “выйшаў у свабоднае плаванне”. Хацелася больш займацца мастацтвам, якога ў радыёпрыёмніках я не адчуваў.
Для фестывалю мы добра папрацавалі. Стварылі сімволіку, герб, спецыяльныя буклеты і шмат чаго іншага. Эскізы ў мяне захоўваюцца да гэтага часу. Працаваць было вельмі прыемна і цікава. Тым больш з такімі людзьмі, як Юры Герасіменка, Мікалай Караў. На наступны, 1994 год, год, мяне прызначылі галоўным мастаком па афармленні горада да Нацыянальнага фестывалю.

– Якая работа, на ваш погляд, найбольш паспяховая?

– Цяжка сказаць. Большасць работ знайшлі сваё месца ў горадзе. Але больш за ўсё ганаруся сваёй працай для аддзялення аднаго з банкаў у Маладзечне. Вельмі прыгожая атрымалася эмблема, якая выдатна ўпісалася ў агульны стыль будынка. Ганаруся сваімі работамі для музычнага вучылішча, дзіцячай мастацкай школы, вежавым гадзiннiкам на гасцініцы. А самая лепшая мая работа, спадзяюся, яшчэ наперадзе.

– Ці малюеце нешта проста так, для сябе?

– Зразумела, заўсёды нешта па настроі малюю, вырабляю. Цяпер вось, як бачыце, працую з меддзю. Не магу сядзець без справы.

– Адкуль бярэцца натхненне?

– Я вось не разумею, а куды яно можа дзецца? Натхненне нікуды не прападае. Лічу, што ў творчага чалавека яно заўсёды ёсць. І не важна, у які бок мастацтва яго пускаць. У розны час магу майстраваць, маляваць, пісаць вершы і музыку…

– Ведаю, што ў вас ёсць некалькі дыскаў уласнага сачынення? Як прыйшлі да музыкі?

– Любоў да музыкі прывіў мне бацька. Навучыў іграць на акардэоне. Тут, у Маладзечне, я скончыў і музычную школу. Пазней, ужо ў вучылішчы, стварылі з хлопцамі гурт “Антыквары”, пісалі сваю музыку. Яна мела поспех. Пасля таго, як скончылі інстытут і раз’ехаліся па розных куточках свету, гурт, на жаль, распаўся. Але ў мяне не згубілася жаданне пісаць музыку. Таму сам навучыўся граць на гітары і цяпер выступаю сольна. У 2006 годзе выйшаў мой першы дыск (усяго iх шэсць), у 2008 – другі, прысвечаны маёй Радзіме, гораду Сергіеў Пасад.

– Чым плануеце займацца ў бліжэйшы час?

– Хачу заняцца жывапісам, графiкай. Проста для сябе. Напрыклад, даўно планую скапіраваць Феафана Грэка. Жадаю ператварыць у жыццё сваю самую новую задуму – устанавіць аб’ёмна-прасторавую кампазiцыю, сімвалічную для Маладзечна. Гэта вельмі прыгожая канструкцыя спіральнай формы. З розных бакоў яна выглядае па-рознаму. Назавём яе “Папараць-кветка”. Зноў жа, у нашай прафесіі важна атрымаць заказ. А цяперашнім часам у мастакоў працы мала. Зусім не так, як раней. Таму хацелася б больш падтрымкі ад уладаў.  Чым заняты цяпер? Заканчваю праект для каледжа, а што там далей – хто ведае?

– Пра што марыце?

– Напэўна ўсё, што хацеў – атрымаў. Ёсць магчымасць тварыць. Рады, што сыны пайшлі маёй дарогай. Праўда, ёсць адно жаданне. Хачу выйсці на лодцы пад парусам, але вось ужо колькі часу ніяк не магу стаць на  ваду. Думаю, што на наступны год абавязкова паплывём!

Таццяна БАЖКО, студэнтка 1 курса Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.

Фота Аксаны ЕЛЬЯШЭВІЧ.