Прыгавор суда Вілейскага раёна ў адносінах да маці з сынам, жыхароў вёскі Хоўхлава Маладзечанскага раёна, уступіў у законную сілу. Яны абвінавачаныя ў пагрозе насіллем судоваму выканаўцу.

Паводле інфармацыі памочніка пракурора Вілейскага раёна Дар’і Хадаровіч, здарэнне адбылося 22 красавіка. Судовы выканаўца, маладая дзяўчына, разам з вадзіцелем прыехалі ў Хоўхлава, каб апісаць маёмасць гаспадара дома ў кошт выплаты штрафу за здзейсненае раней злачынства.

На абарону сваёй маёмасці паўсталі жонка гаспадара і яе сын. Гаспадыня накінулася на судовага выканаўцу і выхапіла з задняга сядзення аўтамабіля канфіскаваны DVD-прайгравальнік. Калі вадзіцель службовага аўтамабіля пачаў абараняць сваю калегу, на дапамогу маці прыйшоў сын.

Ён схапіў у рукі граблі і стаў пагражаць работнікам суда. У выніку пацярпелыя паехалі з месца здарэння без прайгравальніка.

Па прыгаворы суда гаспадыня атрымала адзін год абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую калонію адкрытага тыпу і штраф, а яе сын прыгавораны да выпраўленчых работ тэрмінам на адзін год з утрыманнем 25 працэнтаў заробка ў даход дзяржавы.

Акрамя гэтага, суд задаволіў іскавыя патрабаванні пацярпелых аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Сяргей ЗЯНЬКО.