Дакладны ўдар правага паўабаронцы маладзечанскай “Забудовы” Віталя Макрыцкага на 81 хвіліне гульні 24 тура паміж “Забудовай” і “Лідай” вырашыў лёс сустрэчы, якая адбылася ў суботу, 1 кастрычніка, у Маладзечне.
“Ліда”, якая ад пачатку сезона да нядаўняга часу была аднаасобным лідэрам чэмпіянату, у апошніх турах атрымала два паражэнні і саступіла першую пазіцыю “Бярозе-2010”. Сёння, 1 кастрычніка, лідчане прайгралі трэці раз. Нашай “Забудове”.

Маладзечанскія футбалісты дзякуюць фанатам за падтрымку.

На маладзечанскім стадыёне ў дзень правядзення “Дажынак” сустракалася каманда раёна, якая прымае свята аграпрамысловага комплексу сёлета, і каманда раёна, дзе святкавалі “Дажынкі” летась. Таму матч быў перанесены з нядзелі на суботу і стаў часткай фестывалю-кірмашу ў Маладзечне.

Сапернікі ад самага пачатку гульні не далі заўзятарам футбола сумаваць. Найперш гэта тычыцца гасцей. Яны валодалі ініцыятывай. Ужо на першай хвіліне наш варатар Вячаслаў Камінскі выручыў сваю каманду, у скачку дастаўшы мяч з левага ад сябе вугла варот пасля ўдару з блізкай адлегласці.

Маладзечанцы не прымусілі доўга чакаць адказу. На трэцяй хвіліне Аляксандр Працкевіч пасля падачы справа Сяргея Космача галавой адправіў мяч у вароты, але за імгненне да гэтага бакавы арбітр узняў сцяжок на лініі – Працкевіч біў са становішча па-за гульнёй. Гол не залічаны.

На 10 хвіліне зноў здорава згуляў Камінскі. На гэты раз Слава парыраваў удар у верхні правы вугал варот.

Трэба прызнаць: лідчане атакавалі больш і вастрэй. У першай палове першага тайма не менш чым у пяці момантах гаспадары даравалі нам, не выкарыстоўваючы проста цудоўныя моманты. Мяч ляцеў куды заўгодна, толькі не ў маладзечанскія вароты. Аказваецца, не толькі мы ўмеем не забіваць з галявых пазіцый.

На такія падарункі лідчан ветліва адказалі нашы нападаючыя Аляксандр Працкевіч і Сяргей Космач. Працкевіч на 22 хвіліне не здолеў перайграць варатара, апынуўшыся з ім сам насам пасля выверанага паса Сяргея Дараховіча, а Космач двойчы з нядрэнных пазіцый нямоцна прабіў у рукі галкіперу.

З момантаў, створаных нашымі ў першай палове сустрэчы, можна ўспомніць удар галавой пад перакладзіну таго ж Працкевіча. Вартавы лідскіх варот не без праблем злавіў мяч.

У другім тайме гульня выраўнялася. Гульня стала большасцю праходзіць у цэнтры поля. Сапернікі радзей турбавалі варатароў.

На 81 хвіліне матча ў цэнтры поля футбаліст “Ліды” згуляў рукой. Наш паўабаронца Дзмітры Касцюк не стаў марудзіць з прабіццём штрафнога ўдару, не даў сапернікам апамятацца і хуценька аддаў перадачу направа на Віталя Макрыцкага.

Да агульнай радасці балельшчыкаў, фанатаў, трэнераў і саміх футбалістаў Віталь быў дакладным – 1:0.

Калі не лічыць моманту на 86 хвіліне, у якім перакладзіна пасля нашага ўдару страсянула лідскія вароты, то можна казаць пра тую самую “валідольную” канцоўку гульні. На апошніх хвілінах матча лідчане зрабілі ўсё для таго, каб аднавіць раўнавагу. І тройчы былі блізкія да гэтага, але гаспадары здолелі захаваць пераможны лік.

Сяргей ЗЯНЬКО.