Пастаянная экспазіцыя “Гісторыя Міншчыны”, прымеркаваная да “Дажынак”, адкрылася 30 верасня ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі пасля пяцігадовага перапынку.

− Мы пераехалі ў новы будынак у 2006 годзе, − расказвае дырэктар музея Таіса Лянкевіч. − Увесь гэты час ладзілі выставы. Але пастаяннай экспазіцыі не было. Да “Дажынак” нам выдзелілі каля 400 мільёнаў рублёў, за якія мы змаглі яе падрыхтаваць прыкладна за два гады.

Экспазіцыя займае залу ў 150 квадратных метраў. Супрацоўнікі музея вырашылі зрабіць “пакой у пакоі”, размясціўшы ў цэнтры залы блок археалагічных знаходак дагістарычнага перыяду. Паставілі рознакаляровыя стэлажы, каб такім чынам аддзяляць часткі выставы па гістарычных перыядах. У афармленні экспазіцыі ўдзельнічалі мастакі мінскай фірмы.

Элемент экспазіцыі – гасцёўня.

Экспанаты, прадстаўленыя ў гэтай зале, збіраліся і захоўваліся ў фондах музея з 60-х гадоў. Экспазіцыю рыхтавалі намеснік дырэктара па навуковай працы Наталля Палтавец, старшыя навуковыя супрацоўнікі Алена Гаськова, Лідзія Курыловіч, Людміла Дайноўская. Кожная з іх займалася сваім аддзелам, а курыравала працу дырэктар музея.

Экспазіцыя паказвае гісторыю сучаснай Міншчыны ад першабытных часоў да пачатку 20 стагоддзя. Тут выстаўленыя прадметы з розных мясцін вобласці: Валожына, Вілейкі, Крупак, Барысава. Ёсць стэлажы, прысвечаныя нацыянальным меншасцям.

Самыя старажытныя прадметы − костка і зубы маманта часоў апошняга ледавіка – адзіныя экспанаты, якія дайшлі з перыяду, калі на гэтай зямлі не жылі людзі. Кераміка перыяду неаліту дэманструе разнастайнасць культур, прадстаўнікі якіх засялялі тэрыторыю сучаснай Мінскай вобласці.

− Арнамент наносіўся палачкай, пазногцем і ў кожнай археалагічнай культуры быў адметны, − расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Лідзія Курыловіч. − Ні адзін узор не паўтараецца. У межах Маладзечна, напрыклад, існавала культура шнуравой керамікі, тут атрымлівалі ўзор, абмотваючы гліняныя вырабы вяроўкай. Дарэчы, а ў што апраналіся першыя людзі? Дзеці заўсёды кажуць, што ў скуры. Але паспрабуйце летам пахадзіць у футры. У навукоўцаў ёсць меркаванне, што ў цёплае надвор’е першабытныя людзі хадзілі ў адзенні з валакна крапівы. Калі расліну запарыць, яна ўжо не пячэ. Даказваюць гэту думку распаўсюджанымі адпаведнымі адбіткамі на фрагментах керамікі.

Прадстаўленыя прадметы паказваюць, што новага дабаўлялася ў жыцці першабытных людзей: вастрадонны гаршчок, рэканструяваны археолагам Міхасём Чарняўскім, сякеры, крыца − балотная жалезная руда. З раскопак курганоў бачна, чым людзі даражылі больш за ўсё. Мужчын хавалі з сякерамі, а жанчын − з упрыгожваннямі.

Вострадонны гаршчок.

Яны насілі бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, фібулы, якімі зашпільвалі верхняе адзенне. Такім чынам пад аховай упрыгожванняў  апынуліся ўсе аголеныя часткі цела. Пазней гэту функцыю пераняла вышыўка, якая з’явілася на месцах упрыгожванняў і таксама ахоўвала гаспадара.

− Наш музей, адзін з буйнейшых па колькасці экспанатаў, налічвае каля 10 тысяч адзінак, − гаворыць Лідзія Курыловіч. − Многія атрымалі па выніках археалагічных раскопак, якія фінансуем. Напрыклад, чатыры гады фінансавалі раскопкі прафесара Вадзіма Шадыры каля вёскі Клішана ў Крупскім раёне і атрымалі ўнікальныя рэчы. Сярод іх крохкія пласцінкі з косці, якія не маглі спатрэбіцца ў гаспадарцы і, пэўна, выконвалі функцыю амулетаў, мелі сакральны сэнс.

Сярод найбольш каштоўных прадметаў экспазіцыі, акрамя касцяных амулетаў, − залататканы двухбаковы слуцкі пояс, які перадаў музею доктар гістарычных навук Генадзь Каханоўскі, залатое скроневае кальцо дрыгавічоў 12-13 стагоддзяў з трыма пацеркамі.

Увазе гледачоў прадстаўленая кафля 16-17 стагоддзяў, манеты ад 14 стагоддзя, пячатка кляштара ордэна трынітарыяў у Маладзечне, скульптура з нясвіжскага Фарнага касцёла Божага Цела, нагрудныя знакі, нагайка для пакарання прыгонных сялян, фотаздымкі пачатку 20 стагоддзя, яўрэйскі галаўны ўбор, сувенірныя запалкі.

Нагрудныя знакі.

Сувенірныя запалкі да 150-годдзя з дня смерці Міхаіла Кутузава.

Паштоўкі пачатку 20 стагоддзя.

У экспазіцыі шмат манет – ад 14 стагоддзя.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.