Цэлы арсенал знайшлі 3 кастрычніка міліцыянеры ў доме 75-гадовага вяскоўца ў Глінным. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што мужчына сам выклікаў міліцыю. Але не для таго, каб здаць зброю, а каб заявіць, што невядомы хлопец хацеў украсці ў яго зарэгістраванае паляўнічае ружжо.

Міліцыянеры, якія прыехалі па выкліку, знайшлі, нечакана для гаспадара, акрамя зарэгістраванай стрэльбы, адну незарэгістраваную і без дакументаў. А таксама каля 100 патронаў да аўтамата і кулямёта Калашнікава і каля 400 дробнакалібравых патронаў.

Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык расказаў у інтэрв’ю “РГ”: састарэлы гаспадар яўна не чакаў, што міліцыянеры не абмяжуюцца праверкай дакументаў на зарэгістраваную зброю, а ўважліва агледзяць увесь дом пенсіянера…

Па замаху на крадзеж агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў з дома пенсіянера ў Глінным 3 кастрычніка затрыманы і змешчаны ў ізалятар 21-гадовы жыхар адной з вёсак Мядзельскага раёна. Узбуджаная крымінальная справа.

На першым допыце затрыманы расказаў: быў на заробках у Барысаве. Адтуль пешшу вяртаўся на Мядзельшчыну. Спачатку ішоў да Мінска, потым – да Маладзечна і далей праз Вілейскі раён – дахаты. У Глінным, па словах хлопца, ноч застала яго ў дарозе. Вырашыў залезці паспаць у які-небудзь дом.

У адным з дамоў 75-гадовы гаспадар у тую ноч не начаваў. Напярэдадні днём у Вілейцы ў яго зламалася машына, і ён застаўся ў райцэнтры. Вандроўнік, які ішоў з Барысава, не ведаў гэтага, але наўгад праз акно залез у дом. Хлопцу пашанцавала. Там нікога не было. Стомлены малады чалавек лёг спаць.

Прачнуўся каля васьмі гадзін раніцы. Па словах падазронага, ён убачыў на стале гільзы ад паляўнічых патронаў, пасля за тумбачкай – прыклад ад стрэльбы. Побач стаяў металічны сейф, замкнёны на навясны замок. Ключы ад яго нязваны госць знайшоў на шафе.

У сейфе аказаўся ствол ад ружжа і патроны да яго. Хлопец прадоўжыў пошукі. На верандзе ў чамадане знайшоў патроны ад аўтамата і кулямёта. Усе знаходкі ён склаў у дарожную сумку і ўжо сабраўся сыходзіць, як дзверы адчыніліся і на парозе з’явіўся гаспадар.

Малады мужчына адпіхнуў яго, пакінуў сумку і кінуўся ўцякаць. Пенсіянер пазваніў у міліцыю. Міліцэйскі нарад затрымаў падазронага ў злачынстве на дарозе, што вядзе з Гліннага.

Акрамя патронаў і зарэгістраванай паляўнічай стрэльбы “Бельгія-аўта” міліцыянеры ў доме пенсіянера знайшлі незарэгістраванае ружжо “Вінстан” і патроны да аўтамата і кулямёта Калашнікава, а таксама дробнакалібравыя патроны. На пытанне міліцыянераў, адкуль патроны да баявой зброі, дзядуля адказваць адмовіўся.

Патроны адправілі на балістычную экспертызу. Калі па выніках экспертызы высветліцца, што яны прыдатныя для стральбы, гаспадару баявога арсенала пагражае адказнасць па 295 артыкуле Крымінальнага кодэкса – “Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. Максімальнае пакаранне – шэсць гадоў зняволення.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Андрэем ДУДАРЧЫКАМ.