Нарматывы на карыстанне вадой уведзеныя ў Беларусі ад 1 кастрычніка. Паводле пастановы ўрада ад 28 верасня, цяпер па льготным кошце чалавек будзе аплачваць норму ў 140 літраў вады, скарыстанай за суткі. Усё, што звыш за гэту норму, – па поўным кошце.

Новаўвядзенне тычыцца жыхароў і шматкватэрных дамоў, і прыватнага сектара, якія маюць лічыльнікі расходу вады, патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” намеснік начальніка абанентнага аддзела па разліках з насельніцтвам маладзечанскага прадпрыемства “Водаканал” Таццяна Курціна. Раней абмежаванні дзейнічалі толькі для жыхароў прыватных дамоў.

Па словах Таццяны Курцінай, падлік расходу вады будзе праводзіцца выключна па колькасці зарэгістраваных на жылой плошчы. 140 літраў за суткі на чалавека – гэта 4,2 кубічныя метры за месяц.

Ільготны кошт па тарыфе (халодная, гарачая вада і каналізацыя) цяпер складае 890 рублёў за кубаметр. Поўны (ці эканамічна абгрунтаваны) кошт за гэты ж аб’ём складае 2 545,9 рубля.

– Мы спадзяваліся: пасля прыняцця гэтай пастановы плаціць за ваду, скарыстаную звыш ліміту, давядзецца хаця б у два разы больш, – кажа Таццяна Курціна. – А тут атрымліваецца, што яна даражэйшая за льготныя расцэнкі амаль у тры разы.

Калі правесці няхітрыя падлікі, атрымаецца, што ліміт на карыстанне вадой не павінен моцна ўдарыць па кашальках спажыўцоў. Паводле статыстыкі разліковай групы маладзечанскага “Водаканала”, сярэдняя маладзечанскага сям’я з чатырох чалавек за месяц выкарыстоўвае 15 кубаметраў вады.

Уведзены ліміт дазваляе такой сям’і плаціць па льготным кошце за 16,8 кубаметра. Такім чынам, нават запас яшчэ застаецца для сярэднестатыстычнага паказчыка. Калі нашы патрэбы ў вадзе істотна не ўзрастуць, то і плаціць за яе больш мы не будзем.

Таццяна Курціна расказала, што ў Маладзечне толькі каля 15 працэнтаў насельніцтва не ўкладваецца ў вызначаныя нормы. Яшчэ каля 20 працэнтаў выкарыстоўвае ўсяго 1-2 кубаметры вады за месяц на чалавека. Гэта значыць, для абсалютнай большасці маладзечанцаў прынятая пастанова нічога не зменіць у аплаце за карыстанне вадой.

Скажам таксама пра тарыф для людзей, якія жывуць у сваіх дамах без каналізацыі. Для іх ільготны кошт за кубаметр пры выкарыстанні не больш, чым 4,2 кубаметра за месяц, складае 585 рублёў, поўны кошт – 1 440,9 рубля.

Змяненні ў аплаце за ваду не тычацца тых, у каго не ўстаноўленыя лічыльнікі. Для іх нормы застаюцца ранейшымі – на чалавека 260 літраў за суткі альбо 8 кубічных метраў за месяц. Аплачваецца гэта норма па эканамічна абгрунтаваным кошце – 2 545,9 рублі за кубаметр, што складае каля 20 000 рублёў за месяц.

Цяпер пастанова прынятая, а напрыканцы ліпеня “РГ” пісала, што ёсць праект гэтай пастановы. За гэтыя два месяцы падаражэлі ільготныя расцэнкі за кубаметр вады. Тады яны складалі 709,5 рубля, цяпер – 890 рублёў. Эканамічна абгрунтаваныя поўныя расцэнкі засталіся нязменнымі. Затое нам дазволілі выліваць больш “ільготнай” вады, чым планавалася. Планавалі даць 130 літраў у суткі на чалавека, а далі 140 літраў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.