У вялікай сям’і сумна не бывае ніколі. Я ў гэтым пераканалася, калі завітала да сваёй былой аднакласніцы Марыі Ярашэвіч, цяпер Бельскай.

Мама Маша Бельская на кухні з дзецьмі. Вова на руках, Насця за сталом, а Вара залезла ў каляску браціка.

Размаўляючы са мной, Маша на адной руцэ трымае двухмесячнага Вову, а другой гатуе мужу, Пашу, вячэру, пры гэтым слухае спачатку расказы, а потым песні чатырохгадовай Насці пра Бэтмана, перыядычна ловячы Вару, якая скача на яе з тахты.

У школе я ў апошнюю чаргу падумала б пра яе, калі б спыталі, хто з аднакласніц стане шматдзетнай маці ў 22 гады. Як тады здавалася, Машу цікавілі толькі самыя разумныя кніжкі, якія яна чытала пастаянна, ці творчасць, бо ўсе яе сшыткі былі змаляваныя дзіўнымі малюнкамі і спісаныя вершамі. Яе заўсёды адзначалі як выключную і таленавітую вучаніцу.

Пасля школы дзяўчына вучылася ў  прафесійна-політэхнічным ліцэі, з адзнакай атрымала дыплом па спецыяльнасці сакратара-машыністкі і аператара ЭВМ.

На свяце ў агульнага знаёмага падчас вучобы пазнаёмілася са сваім будучым мужам Пашам. Хлопец яе адразу ўразіў сваім голасам. А потым заўважыла, што ў іх шмат агульных захапленняў: хакей, паэзія, музыка, маляванне. Цяпер яны разам наведваюць паэтычнае аб’яднанне “Агмень”. Паша − выпускнік школы мастацтваў, і яго малюнкі  −  галоўнае ўпрыгожванне сцен у кватэры.

Цягнуць са шлюбам пара не стала, Маша стала жонкай у 17 гадоў, а следам − і маці. Імя для першай дачкі выбрала, калі глядзела казку пра пунсовую кветачку, дзе галоўная гераіня  −  Насця. Праз год нарадзілася другая дачка, яе назвалі як гераіню з казкі пра Варвару-красу. Не адыходзячы ад казачнай тэндэнцыі, і сына назвалі як героя  “Воўкі ў трыдзесятым царстве”.

−   Першыя гады жылі месяц у адным месцы, тыдзень у другім, − расказвае Маша. −  Месціліся ў бацькоў мужа, маёй маці, яго прабабулі. Доўгі час жылі ўчатырох у адным пакоі. Мая маці аддала нам чаргу на кватэру, бо сама крэдыт не пацягнула б, пабудаваліся за 2-3 гады − і я стала сапраўднай гаспадыняй у новай кватэры год таму. А абжывацца дапамаглі сваякі, ім за гэта дзякуй.

Калі нарадзіўся Вова і сям’я стала шматдзетнай, зменшылася сума крэдыту за кватэру. Яго выдавалі на 20 гадоў пад пяць працэнтаў, а цяпер трэба выплачваць 40 гадоў пад адзін працэнт, прычым палову гэтай сумы аплачвае дзяржава.

Звычайны дзень для Машы  −  гэта кругазварот адных і тых жа дзеянняў: зазірнуць у халадзільнік і прыгатаваць з таго, што ёсць, сняданак, абед, вячэру, памыць бялізну, прыбрацца, апрануць і прычасаць дзяўчынак, карміць, пераапранаць і насіць на руках сына.

Пры гэтым Маша паспявае працаваць  −  піша артыкулы для інтэрнэт-сайтаў.

−   Я зрабіла для сябе шмат адкрыццяў, − дзеліцца Маша. − Напрыклад, што лепшы сродак ад дэпрэсіі  −  поўная загружанасць, таму што безліч спраў не пакідае часу на лішняе. Цяжарнасць  −  гэта гарманічнае развіццё жаночага арганізма. Калі вучылася, я пастаянна стамлялася, адчувала санлівасць. Цяпер магу не спаць суткамі і выдатна сябе адчуваю. Ноччу Вову бяру на адну руку, другой друкую тэксты. Займаюся самаадукацыяй. Планую паступіць на завочнае, калі Вова пойдзе ў садок. А садок, між іншым, нам дагэтуль не пабудавалі, таму дзяўчынкі ўвесь дзень са мной.

Маша расказвае, як Насця любіць прыдумваць песні, неяк прадэманстравала тэкст у стылі рэп пра ваўка, як яна вучыцца чытаць −  учора тата купіў кефір, і яна сама прачытала назву прадукту.

Скардзіцца, што ўсё дарагое, што тройчы падымаўся кошт на двух’ярусны ложак для дочак, які яны ўсё ж купілі. Радуецца, што ёсць людзі, якія ёй дапамагаюць, што працуе  “канвеер дзіцячага адзення” паміж знаёмымі.

Новы двухярусны ложак ідэальна падыходзіць для гульні ў хованкі.

−  Цяжка было, калі ў Пашы не было ўладкаванасці з працай, − гаворыць Маша, накіроўваючыся сустрэць мужа. −  А цяпер  −  весела. Дзеці вельмі ўмацоўваюць адносіны, ёсць і асабісты час. Ведаеш, якая раскоша  −  сала на хлебе ў ложак, кава тут і побач не стаяла!

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Момант з жыцця сям’і, расказвае Маша Бельская.

Выпадкова ўпусціла з рук дыск з мульцікамі. На суровы позірк Варвары Паўлаўны апраўдваюся, што выпадкова. Уважліва глянуўшы на мяне, “таварыш следчы”  адказвае:

−   Ну добра. Я табе веру.