Міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы прайшлі 11-12 снежня на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў Маладзечне. Ад нашага рэгіёна спартсмены Маладзечна і Смаргоні сталі пераможцамі і прызёрамі.

Галоўны спецыяліст аддзела фізкультуры, спорта і турызму Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Кавалёў паведаміў нашаму выданню, што на дыстанцыі 5 кіламетраў ва ўзроставай катэгорыі да 14 гадоў першае месца заняў маладзечанец Аляксандр Мамайка. Яго зямляк Уладзімір Гулевіч, які таксама бег 5 кіламетраў, стаў другім. На гэтай жа дыстанцыі ва ўзроставай катэгорыі 15-17 гадоў першым стаў Уладзіслаў Сычоў з Маладзечна.

Маладзечанцы Васіль Лябецкі і Павел Сталбавенка сталі першымі ў забегу на пяць кіламетраў ва ўзросце 60-64 і 80 гадоў адпаведна. Другім – Генадзь Сакалоўскі (70-74 гады). На трэцюю прыступку п’едыстала гонару ва ўзроставай катэгорыі 70-74 гады ўзняўся Уладзімір Чабанаў са Смаргоні.

Моманты спаборніцтваў.

Ля пункта харчавання.

Маладзечанцы Ігар Закрэўскі і Павел Сталбавенка.

Васіль Лябецкі таксама паўдзельнічаў у марафоне (42 кіламетры 195 метраў). Вынік – 3 гадзіны 26 хвілін і другое месца.

– Гэты марафон падаўся мне самым лёгкім з усіх, што сёлета бег – так лёгка яго праляцеў, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Васіль Лябецкі ў інтэрв’ю нашаму выданню. – Шкада толькі, што другое месца. Да гэтага ў мяне былі толькі перамогі.

– А як Вы рызыкнулі ў першы дзень спаборніцтваў бегчы 5 км, а назаўтра – яшчэ і марафон?

– Калі чалавек рыхтуецца, то ў яго і атрымліваецца. Я трэніраваўся. На “пяцёрцы” давялося пазмагацца са сваімі традыцыйнымі сапернікамі з розных гарадоў Беларусі. Чатыры кіламетры яны за мной сядзелі. Давялося моцна “дадаць”, каб скінуць іх з плячэй. Хай ведаюць маладзечанцаў!

Першае месца ў марафоне сярод мужчын заняў Ігар Доўбік з Мінску. Вынік – 2 гадзіны 37 хвілін і 44 секунды. На гэтай жа дыстанцыі мацнейшай сярод жанчын была Таццяна Гурская з Асіповічаў – 3 гадзіны 51 хвіліна і 10 секунд. Калінінградзец Леанід Лазунько лепш за іншых прабег 100 кіламетраў – 9 гадзін 22 хвіліны і 27 секунд.

Сяргей ЗЯНЬКО, Святлана ЦІШКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.