Вядомы ў горадзе і раёне доктар-оталарынголаг Міхаіл Буслаўскі кажа, што ў медыцыну патрапіў выпадкова. Калі вучыўся ў школе, ён сам і яго бацькі думалі, што яго прафесія будзе звязаная з тэхнікай.

Даведка “РГ”. Міхаіл Сцяпанавіч Буслаўскі – доктар вышэйшай катэгорыі, загадчык оталарынгалагічнага аддзялення вілейскай бальніцы. Нарадзіўся 4 студзеня 1948 года ў вёсцы Рыбчына. У 1972 годзе закончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Ад 1972 года працуе ў Вілейцы. Жанаты, мае траіх дзяцей.

– Пасля выпускнога класа я з ранай рукі амаль на два месяцы патрапіў у бальніцу ў Ільі. Убачыў медыцыну бліжэй, і гэта так паўплывала на мяне, што вырашыў паступаць у медыцынскі. Дакументы падаваў з бальніцы – сястра адправіла. Я на фота ў студэнцкім білеце – у бальнічнай піжаме. Калі суседка, што пошту насіла, прынесла тоненькі канверцік з паведамленнем, што я залічаны, – гэта была трагедыя. Студэнту ж медінстытута патрэбны два халаты, дзве шапачкі – форма такая. А дзе іх узяць вясковаму хлопцу? Тады ж яны не прадаваліся так свабодна, як цяпер. Выручыла мая цётка-медсястра.

У школе ніхто не мог падумаць, што я паступлю ў медыцынскі – я тэхнічны чалавек быў. Бацькі марылі, каб стаў трактарыстам: у вёсцы трактарыст быў вялікім чалавекам.

Студэнты другога курса Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута: Мікалай Сарока, Міхаіл Буслаўскі, Віктар Кавалёў, Аляксей Чачэрын.

– А вы збіраліся стаць трактарыстам?

– У старэйшых класах я вучыўся ў Вязынскай сярэдняй школе, дзе было вытворчае навучанне. Нам давалі прафесію шафёра. Адзін дзень на тыдзень мы вывучалі толькі аўтамабільную справу. Шмат хто з маіх аднакласнікаў працаваў пасля вадзіцелем. Я аўтамабільную механіку да гэтай пары ведаю.

– Кажуць, апошнія некалькі гадоў конкурсы ў беларускія ўніверсітэты знізіліся, і значна. А ў ваш час цяжка было паступіць у медыцынскі?

– Тады таксама адбывалася рэформа адукацыі. У 1966 годзе школу закончыла ці не ўдвая больш дзяцей, чым звычайна, – мой выпуск быў здвоены. І конкурс – вельмі высокі. Тым больш, што ВНУ на той час было менш, чым цяпер. Медінстытуты, напрыклад, працавалі толькі ў Віцебску і ў Мінску. Стаўшы студэнтам, я ўпершыню патрапіў у Мінск.

Пакуль вучыўся, пяць разоў ездзіў на цаліну, ва Уральскую вобласць, саўгас, па-мойму, “Імя газеты “Праўда”. Грошы былі патрэбныя. Камандзірам атрада быў – мы будавалі там. Медаль у 1968 годзе атрымаў – “За асваенне цалінных зямель”. У 1972 годзе дырэктар таго саўгаса прыехаў з Казахстана ў Мінск, да рэктара інстытута. Хацеў, каб я доктарам у саўгасе быў. Жыллё там давалі. Рэктар пагадзіўся размеркаваць у Казахстан. Але мае бацькі (меркавалася, што я пераеду туды з бацькамі) адмовіліся: “Не, мы застанёмся ў сваёй вёсцы”. І я прыехаў у Вілейку.

– Але праз некалькі гадоў вашай роднай вёскі не стала?

– Так, з’явілася вадасховішча. Я тады ў войску служыў. У газетах пра гэта шмат пісалі. Рыбчына было вялікай вёскай – свая пачатковая школа працавала.  Як мне расказвалі суседзі, рыбчынцам прапаноўвалі некалькі варыянтаў перасялення. Частка пераехала ў Вязынь. Мае бацькі паехалі ў Снежкава. Бацька не хацеў пераязджаць – чалавек прывязваецца да месца. Тым больш вясковы. Гарадскім у гэтым плане лягчэй. Да таго ж людзі тады былі менш мабільныя.

– Вы, доктар з дыпломам, служылі ў войску?

– А як жа ж? Пасля заканчэння інстытута, у 1973-1975 гадах, служыў на Далёкім Усходзе, у Амурскай вобласці. Быў малодшым доктарам палка, начальнікам медыцынскай службы палка. Пасля вярнуўся ў Вілейку.

Прызывалі ў Чарнобыль – медыкі таксама патрэбныя былі, а я быў капітан медслужбы. Дактароў бралі не менш як першай катэгорыі. Я ездзіў вясной 1988 года. Два месяцы адслужыў. Што рабілі? Людзей лячылі: у Хойніках у раённай бальніцы ЛОР-аддзяленне было, а доктара – не. Мяне штодня туды вазілі.

Падчас службы ў войску. 1973 год.

У 1988 годзе капітан медыцынскай службы Буслаўскі (крайні злева) лячыў людзей у раёнах Чарнобыльскай АЭС.

– Паступіўшы ў інстытут, вы адразу вырашылі, што будзеце оталарынголагам?

– Я паступіў на факультэт “Лячэбная справа”. Спецыялізацыю выбраў – “хірургія”. Субардынатуру, інтэрнатуру праходзіў як хірург. Але ў Вілейцы, куды я прыехаў працаваць пасля інстытута, не было вакансій хірурга. Я стаў ЛОРам. І не шкадую.

– Хірург? ЛОРам?

– Так. І гэта добра. З тэрапеўта перайсці ў оталарынголагі нашмат цяжэй. А ЛОР-доктар і цяпер па спецыялізацыі лічыцца хірургам. У Еўропе мае калегі займаюцца найперш аперацыямі.

– Вы і аперацыі робіце?

– Пра што вы кажаце?! Некалькі тысяч ужо зрабіў. У год мінімум 300 аперацый выконваю. Вось і палічыце, колькі іх за больш чым 35 гадоў працы – больш за 10 тысяч. Калі дзяжурыў па бальніцы, асісціраваў хірургу. Так што хірургію не забываў.

Раней, дарэчы, ЛОР-аперацый было больш: адны міндаліны чаго вартыя. Цяпер лепш глядзяць дзяцей, палепшыліся антыбіётыкі. Сышлі некаторыя хваробы. Цяпер дзетак з хранічным атытам – адзінкі. А раней сотні былі.

Але адны хваробы сыходзяць, іншыя з’яўляюцца. Цяпер запатрабаваныя пластычныя хірургі. А пластычная хірургія з’явілася ад оталарынгалогіі: з траўмамі носа, вушэй ідуць да ЛОР-дактароў.

З калегамі па ЛОР-аддзяленні бальніцы.

– Як вы ставіцеся да пластычнай хірургіі?

– Станоўча: пластычная хірургія была, ёсць і будзе. Але, як ва ўсім, важна не пераходзіць мяжу разумнага. Чалавек, пайшоўшы на адну аперацыю на твары, пасля робіць іх бясконца. Бывае, гэта неабходна. І галава, зноў жа, можа “паехаць”: хочацца стаць яшчэ прыгажэйшым. Пра Майкла Джэксана і яго бясконцыя аперацыі колькі пісалі.

– У якім найменшым узросце становяцца вашым пацыентам?

– І ў месяц немаўлят прыносяць на прафілактычны агляд. Аперыраваў, памятаю, дзіця ў паўтара года. Усё атрымалася добра, але цяпер бы я не рашыўся на такую аперацыю.

– Што павінна насцярожыць бацькоў малога дзіцяці, якое яшчэ не можа паскардзіцца на здароўе, расказаць, што баліць?

– Калі малое перастае смактаць. Проста з крыкам кідае. Верагоднае запаленне вуха. Калі насмарк у дзіцяці доўжыцца больш за 10-12 дзён. У такіх выпадках варта пракансультавацца з доктарам.

– Што можаце параіць, як захаваць здароўе дзіцяці?

– Нічога новага: грудное выкормліванне і загартоўванне.

– Віляйчане з чым часцей за ўсё прыходзяць да ЛОРа?

– У дзяцей часцей за ўсё – атыт (запаленне вуха – рэд.), адэноіды (разрастанне міндаліны ў насаглотцы – рэд.). Малыя часта засоўваюць дробныя прадметы ў нос і вуха. Не ведаю, чаму. Магчыма, з цікавасці. Але гэта не страшна – можна выдаліць.

У дарослых на першым месцы рынасінусіт, у народзе яго называюць гаймарыт. Цяпер вельмі моднае лячэнне храпу. Але гэта ў Мінску, у Еўропе – у вялікіх гарадах.

– Шмат хто храп за хваробу не лічыць. Так – непрыемная асаблівасць сваяка ці роднага чалавека, якая перашкаджае спаць у адным пакоі.

– Храп – гэта сур’ёзная хвароба. Яна не толькі перашкаджае сваякам храпуна. Вынікам для яго самога можа быць пагаршэнне слыху. Храпсці ўва сне – гэта ўсё роўна, як спаць у кабіне трактара, які працуе – узровень шуму такі самы. З-за апноэ (часовага спынення дыхання) чалавек не высыпаецца і дрэнна сябе адчувае.

Храп трэба лячыць, але гэта не так проста. Пачынаюць з аднаўлення насавога дыхання. Можа спатрэбіцца пластыка глоткі. Бывае, і аперацыя не дапамагае. Гэта складана: тут і лішняя вага, і ціск, і курэнне… Храп лечаць – у цэнтры отарыналарынгалогіі на вуліцы Сухой у Мінску і ў абласной бальніцы.

– Віляйчане – адказныя пацыенты, добра лечацца?

– Людзі бываюць розныя. Адны добра лечацца, іншым не да таго. Адказнае стаўленне да свайго здароўя дапамагае стабілізаваць стан. Ёсць пацыенты, якія вельмі добра глядзяць сябе. У іх хранічнае захворванне трымаецца на адным узроўні, не развіваецца. Чалавеку, прынамсі, горш не становіцца.

Ёсць хваробы, пры якіх пацыент можа сам сябе лячыць.  А ў прафілактыцы ўвогуле нічога складанага няма. Напрыклад, штодзённае прамыванне носа звычайнай вадой дазваляе пазбегнуць так званых прастудных захворванняў. Гэта такое загартоўванне. Але яго трэба правільна выконваць, і яно патрабуе стараннасці. Ну, і трэба кінуць курыць – гэта пазбаўляе шмат якіх праблем. У тых, хто не курыць, рака гартані не бывае.

– Вы не курыце?

– Быў малады – курыў. Пачаў, калі паступіў у інстытут. Але гадоў пяць таму кінуў.

– Цяжка кідаць?

– Не, я не адчуў, што мне было цяжка гэта зрабіць.

– Раскажыце пра сваю сям’ю.

– У 1974 годзе я ажаніўся. З жонкай Раісай, Александрова яе дзявочае прозвішча, пазнаёміўся на суботніку – убіралі лён. Яна настаўніца. У нас трое дзяцей – Марыя, Каця і Павел. Сын вучыцца на псіхатэрапеўта. Спадзяюся, прыедзе працаваць у Вілейку.

Міхаіл і Раіса Буслаўскія.

Уся сям’я ў зборы:  сын Павел, жонка Раіса, дочкі Марыя і Кацярына.

– Новы год вы сустракаеце ўсёй сям’ёй?

– Па-рознаму бывала. Адзначалі і сям’ёй, і ў складзе некалькіх сем’яў. Сёлета яшчэ не вырашылі, як будзе. Мы пакуль што не ведаем, дзе будуць нашы дзеці.

З сынам Паўлам.

“Жонка лыжныя прагулкі не вельмі любіць”, – кажа Міхаіл Буслаўскі.

– Кажуць, вы адзіны ЛОР у Вілейцы…

– Так, чацверты год я працую адзін.

– Цяжка, мусіць?

– Аднаму дрэнна. З усіх пунктаў гледжання. Мне вельмі не хапае часу. Спачатку раблю абход у бальніцы, іду на прыём у паліклініку. Затым зноў у бальніцу, пасля зноў у паліклініку.

У Вілейцы павінна быць тры доктары. А застаўся адзін. Але цяпер у інтэрнатуры рыхтуецца дзяўчынка. Плануецца, што прыйдзе да нас ЛОРам.

– Калі б з’явіўся вольны час, на што б яго трацілі?

– Найперш больш чытаў бы навуковай літаратуры. Доктар павінен чытаць, сачыць за развіццём навукі. Але вольны час – паняцце адноснае. Яго ў доктара няма, бо галава ж заўсёды на рабоце. Асабліва, калі якія непрыемнасці здарацца. Усе ж мы людзі.

– Ці падабаюцца вам серыялы пра медыкаў?

– Не, серыялы пра медыкаў не гляджу. У такім тэмпе не працуюць – ні ў нас, ні за мяжой. Так толькі ў экстраннай сітуацыі бывае. Увогуле за мяжой доктар менш працуе. Да ЛОРа звяртаюцца звычайна дзеля аперацыі. Прафілактычных аглядаў яны не робяць: дзеля гэтага ёсць доктар агульнай практыкі.

– Што трэба рабіць, каб стаць добрым ЛОРам?

– Любіць сваю работу, атрымоўваць ад работы задавальненне. Я атрымоўваю. Трэба чытаць спецыяльную літаратуру, таму што няма мяжы дасканаласці. За маё жыццё медыцына настолькі змянілася! Доктар павінен быць чэсным. Я лічу, што хвораму трэба казаць праўду, як ёсць. Нават калі ў яго рак.

І галоўнае: калі бачыш, што не атрымоўваецца ў гэтай спецыяльнасці, трэба адмовіцца. Мой аднакурснік адмовіўся ад спецыяльнасці хірурга і стаў прафесарам тэрапіі. Навучыць рабіць аперацыі можна практычна кожнага –  было б жаданне.  Але не кожны стане добрым хірургам. Я ўсе аперацыі вучыў па кніжках. Спачатку чытаў, як бы ў думках рабіў яе. Пасля выконваў на практыцы.

Ну, і хворых трэба любіць, спагадаць ім. Людзі ж не цуркі.

Святлана ЦІШКО.

Фота з альбома Міхаіла БУСЛАЎСКАГА.