Першы быў арганізаваны з кастрычніка па снежань 2011 года, трэці пройдзе з сакавіка па красавік.

Праверыць веды можна па 14 прадметах: рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай мовах, фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, геаграфіі, грамадазнаўстве, сусветнай гісторыі найноўшага часу. Для кожнага этапу рыхтуюцца новыя тэсты. Ахвотныя могуць узяць удзел у кожным з трох этапаў. Колькасць тэстаў для ўдзельнікаў рэпетыцыйнага тэставання не абмяжоўваецца.

Як паведамілі ў РІКВ, пункты рэпетыцыйнага тэставання працуюць па ранейшых адрасах. У Мінску тэставанне праводзіцца на базе дзяржаўных ВНУ і ліцэя БДУ, у Мінскай вобласці — ва ўсіх аддзелах адукацыі раённых і гарадскіх выканкамаў. У Магілёўскай вобласці тэставанне пройдзе на базе Беларуска-расійскага ўніверсітэта, у Гомельскай вобласці — Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога, Гродзенскай вобласці — Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Брэсцкай вобласці — Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У Віцебскай вобласці вызначаны тры пункты рэпетыцыйнага тэставання: Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, аддзел адукацыі Аршанскага гарвыканкама.

Кожны пункт рэпетыцыйнага тэставання самастойна вызначае час правядзення іспытаў па прадметах. У Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, які з’яўляецца пунктам рэгістрацыі абітурыентаў на ЦТ, пакуль што не вызначыліся з датамі яго правядзення.

Па словах намесніка дырэктара Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа па навучальнай частцы Юрыя Якуновіча, першы этап на базе каледжа не праходзіў. А вось другі і трэці плануюцца.

Для рэгістрацыі неабходна мець пры сабе пашпарт і квітанцыю аплаты за ўдзел у тэставанні. Сёлета тры пункты рэпетыцыйнага тэставання даюць магчымасць анлайн-рэгістрацыі: ліцэй БДУ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога.

Кошт удзелу ў тэставанні па адным навучальным прадмеце складае 30 тысяч рублёў.

РІКВ рэкамендуе ўдзельнічаць ва ўсіх трох этапах рэпетыцыйнага тэставання. Гэта дазволіць не толькі праверыць узровень ведаў па выбраных для паступлення навучальных прадметах, але і азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў, набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланка адказаў, лепш псіхалагічна падрыхтавацца да ўступных экзаменаў, адзначаюць спецыялісты.

Паводле БелаПАН.

Праверыць сябе і прайсці онлайн-тэставанне па беларускай мове можна тут (Увага! Тэст не з’яўляецца аналагам ЦТ. У заданнях заўважаныя памылкі).