Пра гэта паведаміў журналістам начальнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Міксюк 12 студзеня ў Мінску.

Паводле яго слоў, сістэма распрацавана Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі. Цяпер ідзе яе апрабацыя з тым, каб ліквідаваць усе магчымыя недахопы, вырашыць арганізацыйныя пытанні, дадаткова скарэктаваць
правілы прыёму.

Як паведаміў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура, у 2011 годзе электронная сістэма залічэння была паспяхова апрабаваная падчас уступнай кампаніі ВНУ. Паводле яго слоў, пры
ўкараненні сістэмы ва ўсіх беларускіх ВНУ з’явіцца магчымасць скараціць тэрміны прыёмнай кампаніі і значна яе спрасціць.

Як растлумачыў прарэктар па навучальнай працы і інфарматызацыі БДУІР Барыс Нікульшын, укараненне сістэмы стане магчымым пасля стварэння адзінага Рэспубліканскага цэнтра па правядзенні цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) і забеспячэння аўтаматызаванага залічэння ў ВНУ. Для ўдзелу ва ўступнай кампаніі абітурыент павінен будзе падаць заяву на ЦТ з указаннем пераліку абраных спецыяльнасцяў у беларускіх ВНУ, расстаўленых па ступені прыярытэтнасці, а
таксама формы навучання: платнай, бясплатнай, дзённай, вячэрняй ці завочнай.

Затым абітурыент здае ЦТ і чакае выкліку з цэнтра, які паводле вынікаў тэставання выбірае з указанага пераліку спецыяльнасць і ВНУ такім чынам, каб максімальна ўлічыць інтарэсы маладога чалавека. Пасля атрымання выкліку з цэнтра
абітурыент павінен падаць арыгіналы дакументаў ва ўказаную ВНУ. Калі абітурыент гэтага не робіць, адмаўляецца ад існуючых прапаноў ці не праходзіць ні ў адну з абраных ім ВНУ па балах, можа быць прадугледжана другая спроба, сказаў
Нікульшын. У гэтым выпадку цэнтр складае спіс вакантных месцаў у ВНУ, і астатнія абітурыенты яшчэ раз запаўняюць заявы.

Як паведаміў Нікульшын, у 2013 годзе сістэму плануецца ўкараніць у медыцынскіх ВНУ, у 2014 годзе – ва ўсіх астатніх. Аднак для выканання запланаванага неабходна вырашыць шэраг пытанняў, звязаных з уніфікацыяй правілаў прыёму ў ВНУ.

“Хутчэй за ўсё, давядзецца адмаўляцца ад тых нюансаў, якія ёсць у кожнай ВНУ, – сказаў Нікульшын, – Працаваць строга ўсім па адных правілах і аб’яўляць конкурс па адным крытэрыі”. Паводле яго слоў, у сувязі з гэтым многія ВНУ пакуль не
жадаюць укараняць сістэму.

Паводле БелаПАН.

Фота weblancer.net.